15 верасьня намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Барташ Ціхоцкі адкрыў у галоўным холе чыгуначнай станцыі “Варшава Цэнтральная” выстаўку фатаграфій «Матэрыяльная і нематэрыяльная спадчына ЮНЭСКА ў краінах Усходняга партнэрства».
Барташ Ціхоцкі: Невыпадкова, што мы сустрэліся на чыгуначным вакзале. Чыгунка нас злучае, транспартуе нашы тавары, садзейнічае нашаму бізнэсу, адпачынку, сустрэчам з роднымі. Усходняе партнэрства дае магчымасьць зблізіцца краінам Усходняй Эўропы з Эўрапейскім зьвязам. Мы вырашылі прадставіць культурную спадчыну краін Усходняга партнэрства, бо 2018-ы — гэта год культурнай спадчыны ў Эўрапейскім зьвязе. І гэта нагода напомніць, што эўрапейская культура — гэта культура ня толькі Эўрапейскага зьвязу, але і Малдовы, Грузіі, Азэрбайджана, Армэніі, Украіны і Беларусі, якія таксама маюць багатую эўрапейскую культуру.
Выстаўку фатаграфій «Матэрыяльная і нематэрыяльная спадчына ЮНЭСКА ў краінах Усходняга партнэрства» могуць пабачыць усе, хто прыходзіць у білетныя касы вакзала або спыняецца ў галоўным холе ў чаканьні свайго цягніка.
На выстаўцы прадстаўлены 30 фотаздымкаў з выявамі ўнікальных месц, аб'ектаў і людзей, зьвязаных са спадчынай краін, што ляжаць на ўсход ад граніцы Польшчы і Эўразьвяза. Многія з гэтых краін зьвязаны з Польшчай глыбокімі гістарычнымі каранямі. Як, напрыклад, Беларусь.
Намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Барташ Ціхоцкі (другі зьлева), пасол Беларусі ў Польшчы Аляксандар Авяр'янаў (пяты зьлева). Фота: Віктар Корбут/radyjo.net
Ілона Юрэвіч, дырэктар Культурнага цэнтра Беларусі пры пасольстве Беларусі ў Польшчы: Нам паступіла прапанова ад МЗС Польшчы паўдзельнічаць у праекце. І мы прадставілі пяць здымкаў аб’ектаў са сьпісу сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА ў Беларусі. Беларусь адлюстравана ў фатаграфіях нясьвіскага палаца Радзівілаў, Мірскага замка, Белавескай пушчы, Геадэзічнай дугі Струвэ.
Фатаграфіі былі ўзяты зь нядаўна выдадзенага менскім выдавецтвам “Чатыры чвэрці” альбома «Беларускія скарбы ЮНЭСКА».
На адкрыцьцё варшаўскай выстаўкі прыехала дырэктар выдавецтва Ліліяна Анцух, якая расказала пра кнігу, зь якой былі ўзяты здымкі для экспазыцыі ў холе цэнтральнага вакзала польскай сталіцы.
Ліліяна Анцух: Гэта кніга пра спадчыну Беларусі. Яе прэзэнтацыя з удзелам паслоў адбылася вясной у МЗС Беларусі. Многія са здымкаў, якія прадстаўлены цяпер у Варшаве і ў альбоме «Беларускія скарбы ЮНЭСКА», зроблены спэцыяльна для гэтых праектаў. Фатограф спэцыяльна езьдзіў здымаць пункты Дугі Струвэ. Некаторыя фотаздымкі, напрыклад, Белавескай пушчы, куплялі. Адкрылі для сябе фатографа Паўла Паташнікава, які робіць фота з квадракоптара.
Выстаўка ў галоўным холе вакзала чыгуначнай станцыі “Варшава Цэнтральная” — гэта цудоўная магчымасьць ня толькі пазнаёміцца з культурай суседзяў Польшчы, але і добрая нагода знайсьці для сябе новы маршрут падарожжа ў будучыні.
Барташ Ціхоцкі: Польшча ў сваю чаргу папулярызуе новыя ідэі, змагаецца за фінансавыя інструмэнты для рэалізацыі новых ідэй. У наступным годзе мы будзем адзначаць 10-ю гадавіну стварэньня Ўсходняга партнэрства. І гэта будзе нагода прадставіць новыя ідэі для нашага супрацоўніцтва зь Беларусьсю, Украінай, Малдовай, Грузіяй, Азэрбайджанам, Армэніяй. І я хачу падзякаваць пасольствам шасьці дзяржаў, якія дапамаглі рэалізаваць цяперашні праект. І я ўпэўнены, што тут, на варшаўскім цэнтральным вакзале, мільёны падарожнікаў з усяго сьвету атрымаюць яркія ўражаньні ад відаў розных краін і натхняцца на тое, каб займацца бізнэсам у гэтых краінах, адпачываць, сустракацца там зь сябрамі.
Чарга з жадаючых пабачыць выстаўку фатаграфій «Матэрыяльная і нематэрыяльная спадчына ЮНЭСКА ў краінах Усходняга партнэрства». Фота: Віктар Корбут/radyjo.net
У адкрыцьці выстаўкі помнікаў сусьветнай спадчыны краін Усходняга партнэрства прынялі ўдзел прадстаўнікі пасольстваў Армэніі, Азэрбайджана, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны, а таксама супрацоўнікі Міністэрства замежных спраў Польшчы. А пабачыць яе можна да 23 верасьня. Уваход у галоўны хол варшаўскага цэнтральнага вакзала — свабодны.
Віктар Корбут
Слухайце далучаны гукавы файл