Logo Polskiego Radia
Print

Польскія палітыкі наведваюць краіны Прыбалтыкі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 14.09.2018 12:28
  • Прыбалтыка.mp3
Важнейшая тэма на сустрэчах прэзыдэнта і міністра замежных спраў - пытаньне бясьпекі.
Удзельнікі сустрэчы ў Латвіі. Зь левага боку: Walter Steinmeier, Rumen Radew, Marcelo Rebelo de Sousa, Prokopis Pawlopulos, Sergio Mattarella, Borut Pahor, Raimonds Vejonis, Sauli Niinisto, Marie-Louise Coleiro Preca, Kolinda Grabar-Kitarović, Andrzej Duda, Kersti Kaljulaid, Alexander van der BellenУдзельнікі сустрэчы ў Латвіі. Зь левага боку: Walter Steinmeier, Rumen Radew, Marcelo Rebelo de Sousa, Prokopis Pawlopulos, Sergio Mattarella, Borut Pahor, Raimonds Vejonis, Sauli Niinisto, Marie-Louise Coleiro Preca, Kolinda Grabar-Kitarović, Andrzej Duda, Kersti Kaljulaid, Alexander van der BellenPAP/Leszek Szymański

Надоечы польскія высокапастаўленыя палітыкі наведалі Прыбалтыйскія краіны. Міністар замежных спраў адправіўся ў Летуву, а галава дзяржавы прыняў удзел у сустрэчы прэзыдэнтаў эўрапейскіх краін у Латвіі.

Міністар замежных спраў Польшчы наведаў з афіцыйным візытам блізкую для палякаў краіну – Летуву. Гэта быў першы візыт кіраўніка польскай дыпляматычнай службы Яцэка Чапутовіча ў суседнюю дзяржаву. Апошнім часам палітычныя адносіны зь Летувой паляпшаюцца, што цешыць абодва бакі, палякі нават прысвоілі званьне чалавека году прэм’ер-міністру Летувы Саўлюсу Сквэрнялісу. Цырымонія выбару прайшла на Эканамічным форуме ў мясцовасьці Крыніцы-Здруй.

Палякаў і летувісаў зьвязвае шмат старонак супольнай гісторыі, але адносіны паміж дзяржавамі цягам апошніх гадоў былі даволі халодныя, назіралася рознагалосьсе ў стаўленьні палітыкаў дзьвюх краін да розных пытаньняў, між іншым палякі не маглі дабіцца, каб асобы польскага паходжаньня, якія пражываюць у Летуве, маглі пісаць свае прозьвішчы паводле польскага правапісу. Спрэчкі спрэчкамі, але ў Польшчы ды Летувы пад бокам вельмі небясьпечны сусед – Расея, таму яны павінны разам дзейнічаць, каб прадугледзець і прадухіліць магчымыя пагрозы з усходу. У Вільні на сустрэчы Чапутовіча з прэм’ер-міністрам і міністрам замежных спраў Лінасам Лінкявічусам ішла гаворка між іншым пра вайсковае, культурнае ды эканамічнае супрацоўніцтва. Яцэк Чапутовіч адзначыў, што Польшча і Летува выступаюць супраць будаўніцтва трубаправоду «Паўночны паток 2».

Я. Чапутовіч: Мы будзем разам весьці палітыку ў Эўразьвязе, датычную гэтага пытаньня. Мы выступаем па баку Эўрапейскай камісіі ў гэтай спрэчцы. Некаторыя дзяржавы ідуць насуперак эўрапейскай палітыцы, эўрапейскаму адзінству, калі гаворка ідзе пра гарантыю энэргетычнай бясьпекі ў краінах Эўразьвязу.

Міністар замежных спраў Летувы заявіў, што яго краіна будзе выступаць супраць эўрапейскіх санкцый адносна Польшчы. Лінас Лінкявічус дадаў, што Польшча зьяўляецца стратэгічным партнэрам Летувы, дзьве краіны разам рэалізуюць шмат праектаў, пры гэтым перад імі таксама стаіць нямала задач.

Л. Лінкявічус: Гэта: сыстэма бясьпекі, супрацоўніцтва ў рамках Паўночнаатлянтычнага саюзу. Летува ды Польшча зацікаўленыя ў адных і тых жа справах, таксама, як іншыя краіны Прыбалтыкі. Мы павінны інтэнсіўна супрацоўнічаць, каб розныя рашэньні на паасобных прыступках NATO былі адпаведныя, і таксама, каб яны адпаведным чынам ажыцьцяўляліся.

На сумеснай канфэрэнцыі міністры замежных спраў Польшчы і Летувы паведамілі пра тое, што ў летувіскі Сойм унесены законапраект аб правапісе прозьвішчаў нацыянальных меншасьцяў у Летуве. Парлямэнт пачынае працу над праектам, акрамя таго, працэдура разгляду прававых актаў прадбачвае правядзеньне кансультацый з экспэртамі. У перамовах зь летувіскім бокам польскі міністар закранаў таксама тэматыку правапісу назоваў мясцовасьцяў, у якіх пражываюць прадстаўнікі польскай меншасьці ў Летуве.

У сваю чаргу галава польскай дзяржавы Анджэй Дуда наведаў надоечы Латвію, дзе ўдзельнічаў у сустрэчы 13 прэзыдэнтаў эўрапейскіх краін на саміце гэтай званай групы Араёлуш. Гэта нефармальная ініцыятыва, якая атрымала назву ад партугальскага гораду, дзе 15 гадоў таму адбылася першая сустрэча лідэраў. Мэтай перамоваў прэзыдэнтаў, між іншым, Польшчы, Партугаліі, Нямеччыны, Фінляндыі ды Італіі зьяўляюцца актуальныя праблемы Эўропы. Прэзыдэнт Анджэй Дуда прыняў удзел у першай сэсіі саміту, прысьвечанай барацьбе з пагрозамі супраць бясьпекі і стабільнасьці ў Эўропе. Гаворыць кіраўнік кабінэту прэзыдэнта Анджэя Дуды міністар Кшыштаф Шчэрскі.

К. Шчэрскі: Гэта тэма, якім чынам грамадзтвы могуць адказаць на магчымае маніпуляваньне звонку палітычнымі працэсамі ў краінах-сябрах групы. Неабходна адказаць сабе на пытаньне, як выпрацоўваць устойлівасьць на гібрыдныя пагрозы, зьвязаныя са сродкамі масавай інфармацыі, з інфармацыйнай прасторай.

Акрамя таго, прэзыдэнт Анджэй Дуда сустрэўся тэт-а-тэт з прэзыдэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Бэленам. На спатканьні закраналася між іншым пытаньне кліматычнага саміту, які адбудзецца ў сьнежні ў польскім горадзе Катавіцэ. Важнай тэмай перамоваў было таксама годнае ўшанаваньне памяці бітвы пад Венай. На месцы гістарычнага змаганьня плянавалася адкрыць помнік польскаму каралю Яну ІІІ Сабескаму, але супраць будаўніцтва выступіла аўстрыйская рада, якая займаецца пытаньнямі ўшанаваньня гістарычных памятных месцаў. У сваю чаргу аўстрыйскі прэзыдэнт заверыў польскага візаві, што польскі бок зможа аказваць уплыў на выгляд помніка.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт