Logo Polskiego Radia
Print

Ястшэмбе-Здруй: гадавіна пагадненьня паміж рабочымі і ўладамі ПНР

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 03.09.2018 15:10
  • 0309 Пагадненьне ў Ястшэмбе-Здруі.mp3
38 гадоў таму ў горадзе Ястшэмбе-Здруй было падпісана пагадненьне паміж шахцёрамі і ўладамі ПНР.
3 верасьня 2018 г., Ястшэмбе-Здруй. Урачыстасьць ля ўвахода ў шахту Zofiówka (былая шахта Manifest Lipcowy) 3 верасьня 2018 г., Ястшэмбе-Здруй. Урачыстасьць ля ўвахода ў шахту Zofiówka (былая шахта Manifest Lipcowy) Фота: PAP/Andrzej Grygiel

3 верасьня ў польскім горадзе Ястшэмбе-Здруі, што на граніцы з Чэхіяй, праходзяць урачыстасьці ў памяць пра гістарычную падзею. Пагадненьне, падпісанае 3 верасьня 1980 года на вугальнай шахце Manifest Lipcowy (цяпер Zofiówka), стаіць у адным радзе са Жнівеньскімі пагадненьнямі, падпісанымі прафсаюзам “Салідарнасьць” у Шчэціне (30 жніўня), Гданьску (31 жніўня) і ў Катавіцах (11 верасьня).

Пагадненьне ў Ястшэмбе-Здруі падпісалі 56 арганізацый, якія ўваходзілі ў Міжзаводзкі забастовачны камітэт на шахце Manifest Lipcowy.

Цяперашні кіраўнік прафсаюза “Салідарнасьць” Пётр Дуда падкрэсьліў, што 1980 год быў пераломным у гісторыі Польшчы.

Пётр Дуда: Мы памятаем пра гэту доўгую дарогу да свабоды, якая пачалася ў 1956 годзе. Забастоўка, пачатая 14 жніўня 1980 года на суднабудаўнічым заводзе ў Гданьску, была праявай сапраўднай салідарнасьці са звольненай сьв. памяці Аннай Валентыновіч, але таксама вялікай салідарнасьцю было тое, што да гэтай забастоўкі далучылася Сылезія, у тым ліку 28 жніўня шахта Manifest Lipcowy і іншыя шахты.

Рабочыя вылучылі 21 патрабаваньне, што было прынята ўрадам ПНР. Сярод іх: павышэньне заробкаў, увядзеньне выхадных у суботы і нядзелі, зьніжэньне пэнсіённага ўзросту для шахцёраў, прадстаўленьне дапамогі рабочым, якія жылі ўдалечыні ад сямей і інш.

Старшыня Рады Міністраў ПНР стварыў зьмяшаную камісію, якая складалася з прадстаўнікоў урада, ваводзкіх улад і прадстаўніка Міжзаводзкага забастовачнага камітэта, якая павінна была назіраць за ажыцьцяўленьнем прынятых рашэньняў, а таксама сачыць за тым, каб не ўжываліся рэпрэсіі да ўдзельнікаў забастоўкі.

3 верасьня ўрачыстасьці пачаліся набажэнствам у касьцёле Найсьвяцейшай Панны Марыі.

Марэк Шкудла, біскуп: Гэтыя дамоўленасьці былі змаганьнем за правы чалавека — тым, чым павінны былі займацца тыя, хто служыць чалавеку, і на гэту службу былі выбраны. Я цудоўна памятаю, як на іх тварах былі адлюстраваны пакуты. Яны не рабілі кар’еры. Яны служылі. Варта гэтых людзей паставіць на п’едэстале і паказаць сьвету.

Побач з храмам быў пасаджаны Дуб Свабоды, а пляц перад шахтай Zofiówka атрымаў імя Тадэвуша Едынака, які падпісаў Ястшэмбскае пагадненьне. У гонар Едынака была таксама адкрыта памятная дошка.

Да ўдзельнікаў урачыстасьцей у Ястшэмбе-Здруі накіраваў ліст прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Яго зачытаў прэзыдэнцкі міністар Анджэй Дэра. Прэзыдэнт адзначыў ролю Тадэвуша Едынака ў барацьбе за свабоду ў 1988 годзе.

Анджэй Дуда: Мы памятаем, як ён сьпяшаўся на бацькаўшчыну з далёкага аўстралійскага кантынэнта пасьля атрыманьня весткі аб пратэстах 1988 года. Яго біяграфія застаецца сьведчаньнем цудоўнай грамадзянскай пазыцыі. Я рад, што спадарства жадае ўшанаваць гэту выдатную асобу, надаючы яго імя плошчы перад ястшэмбскай шахтай.

Ва ўрачыстасьцях прыняў удзел прэм'ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі.

Ён падкрэсьліў, што падзеі канца жніўня — пачатку верасьня 1980 года былі момантам, калі «рухнулі сьцены няволі».

Кіраўнік урада адзначыў, што нават уведзенае пазьней ваеннае становішча не змагло спыніць палякаў на шляху да свабоды.

Матэвуш Маравецкі: Людзі Жніўня, людзі таго часу былі салдатамі эстафэты свабоды — той самай эстафэты, у якой удзельнічалі касінеры Тадэвуша Касьцюшкі, паўстанцы 1830, 1863 гадоў, пазьней — члены Легіёнаў Пілсудскага, абаронцы Польшчы ад бальшавіцкай навалы, а затым нашы дзяды ў часы Другой сусьветнай вайны, калі ваявалі ня толькі за свабоду, але і за чалавечую годнасьць.

Наша супраціўленьне спрыяла перамозе «Салідарнасьці» і адкрыла шлях да свабоднай Польшчы, — гаворыць Алёйзы Петшык, прафсаюзны актывіст і суарганізатар пратэстаў у шахце Manifest Lipcowy ў Ястшэмбе-Здруі.

Алёйзы Петшык: Ястшэмбе змагалася, у тым ліку шахцёры. А ад гданьскіх, шчэціньскіх суднабудаўнікоў мы атрымалі падтрымку. Забастовак было вельмі многа. Гэта была вялікая сіла!

На ўрачыстасьцях у Ястшэмбе-Здруі прэм'ер-міністар Матэвуш Маравецкі заклікаў суайчыньнікаў захоўваць традыцыі салідарнасьці 1980 года. Ён падкрэсьліў, што посьпех Польшчы будзе залежаць ад таго, ці змогуць палякі супрацоўнічаць адзін з адным. Ён падкрэсьліў, што ўсім прадстаўнікам нацыі трэба навучыцца дамаўляцца, асабліва сёлета — напярэдадні 100-годзьдзя аднаўленьня незалежнасьці дзяржавы.

IAR/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт