Нейкі час таму ў Польшчы пачалі казаць пра фундацыю «Адкрыты дыялёг», якая па сваёй статутнай дзейнасьці павінна абараняць правы чалавека і дэмакратыю. Надоечы старшыня фундацыі Людміла Казлоўская была дэпартаваная з ЭЗ ва Ўкраіну, паколькі паявіліся «сур’ёзныя сумненьні» наконт крыніц фінансаваньня арганізацыі. У сваю чаргу, украінскія смі пішуць, што Казлоўская – «сьпячы» агент ФСБ Расеі.
На мінулым тыдні стала вядома, што старшыня фундацыі «Адкрыты дыялёг» Людміла Казлоўская стала пэрсонай нон-грата ў Польшчы ды іншых краінах Эўразьвязу. Нагадаем, Агенцтва ўнутранай бясьпекі выдала адмоўнае заключэньне на заяву Казлоўскай аб выдачы ёй дазволу на прабываньне ў якасьці доўгатэрміновага рэзыдэнта ў Эўрапейскім Зьвязе. Прозьвішча Людмілы Казлоўскай было ўнесенае ў Інфармацыйную сыстэму Шэнгенскай зоны, і яна была дэпартаваная ў Кіеў.
Агенцтва паведаміла, што паявіліся «сур’ёзныя сумневы наконт фінансаваньня фундацыі». Гаворыць прэс-сакратар міністра-каардынатара па пытаньнях спэцслужбаў Станіслаў Жарын.
С. Жарын: Адмоўнае рашэньне Агенцтва ўнутранай бясьпекі па гэтым пытаньні было падрыхтаванае Дэпартамэнтам контрразьведкі. У рашэньні бяруцца пад увагу сур’ёзныя сумненьні, зьвязаныя з фінансаваньнем фундацыі «Адкрыты дыялёг», якой кіруе Людміла Казлоўская. Гэтыя сумненьні ў бліжэйшым часе могуць атрымаць юрыдычны працяг.
Тады Казлоўская напісала на Твітэр, што на працягу гадоў ніводнае польскае ведамства не прыдзіралася да фінансаў фундацыі, і абвінаваціла агенцтва ў палітычным перасьледзе.
Польскія спэцслужбы здаўна назіраюць за дзейнасьцю Людмілы Казлоўскай і яе мужа Барташа Крамэка (польскага грамадзяніна). Крамэк удзельнічаў у антыўрадавых пратэстах, год таму прадставіў праграму «16 крокаў», у якой выклаў прапановы, якім чынам зьвергнуць урад Польшчы.
У сучасных рэаліях антызаходні (прарасейскі) кірунак адыгрывае важную ролю – піша ўкраінскі партал antikor.com.ua пра гэтак званых сьпячых агентаў. Напрыклад, скандальна вядомы расейскі тэлесэрыял Юрыя Быкава «Сьпячыя» расказвае пра агентаў заходніх спэцслужбаў унутры дзяржорганаў Расейскай Фэдэрацыі.
Паводле сцэнару, «Сьпячыя» – гэта праграма замежных спэцслужбаў, якая можа выкарыстоўваць агентаў, якія чакаюць у «сьпячым» рэжыме загаду пачаць актыўныя дзеяньні. Крамлёўская ўлада праз фінансаваньне такіх антызаходніх фільмаў матэрыялізуе ня толькі свае ўласныя фобіі, але і рэалізаваныя спэцапэрацыі па ўкараненьні агентаў. Прыкладам крамлёўскага варыянта такога сьпячага агента зьяўляецца Прэзыдэнт фундацыі па ахове правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства права «Адкрыты дыялёг» Людміла Казлоўская.
Фундацыя была заснаваная ў 2009 годзе ў Польшчы, яе ўвагай ахопленыя Расея, Казахстан, Украіна. Прадстаўніцтвы дзейнічаюць у Варшаве, Кіеве і Брусэлі. Сама Казлоўская паходзіць з Севастопаля (Аўтаномная Рэспубліка Крым), пасьля анэксіі Крыму ў 2014 годзе атрымала расейскае грамадзянства. Займаецца грамадзкай дзейнасьцю, у 2004 годзе была актыўнай удзельніцай «Аранжавай рэвалюцыі» ва Ўкраіне, кіравала кампаніяй па вывядзеньні чарнаморскага флёту РФ з Севастопаля. У мінулым таксама каардынатар міжнародных праектаў прадпрыемства «ЕС.T.Ком» (Украіна). Вучылася ў Польшчы, дзе разам з львавянінам Іванам Шарсцюком і заснавала «Адкрыты дыялёг».
Аднак, калі капнуць глыбей, то становіцца зразумела – на самым старце сваёй актыўнай дзейнасьці Казлоўская трапіла ў адпрацаваную машыну вярбоўкі ФСБ Расеі, з дапамогай шантажу, кампрамату і ціску на бізнэс блізкіх людзей, у прыватнасьці, на яе брата-бізнэсмэна Пятра Казлоўскага. Ён «зайшоў» у крымскі бізнэс у канцы 90-х – пачатку 2000-х, і ўвесь час яго пашыраў. Пры гэтым рабіў гэта не зусім законна. Між іншым, з дапамогай «патрэбнага» судовага рашэньня зьдзейсьніў рэйдарскі захоп завода «Маяк», які вырабляе марское асьвятленьне для расейскага флёту. Менавіта дзякуючы шантажу і ціску ФСБ на Казлоўскага, яшчэ на раньніх гадах атрымалася завэрбаваць яго сястру. Вярбоўку Казлоўскай пацьвярджае і той факт, што завод «Маяк» хутка быў выключаны са сьпісу адчужэньня, які быў складзены пасьля прыходу на крымскі паўвостраў «зялёных чалавечкаў».
Паколькі Крым заўсёды зьяўляўся тэрыторыяй, якая разглядалася Крамлём як будучы тэатар ваенных дзеяньняў, гэта патрабавала наяўнасьці добра падрыхтаваных кадраў у праўкраінскім асяродзьдзі. У дадзеным выпадку шукаць патрэбнага чалавека не прыйшлося, паколькі Казлоўская ўжо была «агентам уплыву». Для працы ў Крыме ёй была створана легенда-прыкрыцьцё. У прыватнасьці, у 13-гадовым узросьце яна быццам бы адкрыла ў Севастопалі першую ўкраінскую бібліятэку і будучы падлеткам арганізоўвала пратэсты пад штабам Чарнаморскага флёту РФ у абарону будынку бібліятэкі. На самай жа справе, гэтая «заслуга» была відавочна перабольшанай, а інфармацыя сфальсыфікаванай, паколькі ў самой бібліятэцы няма сьлядоў Казлоўскай. Яна прысвоіла чужыя заслугі, паколькі, фактычна, першая ўкраінская бібліятэка была створана ў 1998 годзе пры падтрымцы ўкраінскай дыяспары. Чарговай хлусьнёй Казлоўскай зьяўляецца і тое, што ў 2004 годзе, падчас «аранжавай рэвалюцыі», яна актыўна ўдзельнічала ў радыкальнай апазыцыйнай арганізацыі «Чорна пора» ў Севастопалі. Актывісты гэтай арганізацыі адмаўляюць дадзены факт.
Вернемся да захопу Крыма. Падзеі 2014 году былі рэалізаваныя па спрынтэрскім сцэнары, Крым хоць і быў анэксаваць РФ, але засталіся больш важныя задачы дэмантажу ўкраінскай дзяржаўнасьці. Гэта патрабавала працы на мацерыковай частцы Ўкраіны. Для яе правядзеньня, лягендай-прыкрыцьцём паслужыла ўжо згаданая арганізацыя «Адкрыты дыялёг» і грамадзкая дзейнасьць, у рабоце якой быў выкарыстаны модны патрыятычны і раскручаны праваабарончы трэнд.
У склад фундацыі ўваходзяць тры падразьдзяленьні: Open Europe Group, якое аказвае дапамогу грамадзянам Украіны ў атрыманьні візаў і віду на жыхарства (у юрыдычным рэестры адсутнічае інфармацыя – толькі запіс, што OEG – сумесны праект Open Dialog Foundation і Silk Road); Silk Road Бюро аналізу і інфармацыі – кансалтынгавая кампанія ў сфэры бізнэсу на рынках «Шаўковага шляху»; і сама фундацыі «Адкрыты Дыялёг». Для фінансаваньня былі выкарыстаныя бізнэс-структуры сям'і Казлоўскіх (завод «Маяк», Travida Electric, польская Stateful і іншыя). Пётр Казлоўскі зьяўляецца найбуйнейшым донарам фундацыі, пры гэтым ён цесна зьвязаны з расейскай ваеннай прамысловасьцю. Як брат Людмілы Казлоўскай, ён ахвяраваў на патрэбы фонду 1 616 384 злотых у пэрыяд 2012-2015 гадоў, што складае 70% агульнага даходу «ФАД» у цэлым.
Тое, як ён дзейнічаў і дзейнічае да гэтага часу ў Крыме і ў самой Расеі, амаль гэтак жа супярэчліва, як дзеяньні казахстанскага алігарха Мухтара Аблязава або расейскага прадпрымальніка Наіля Малюціна, абарона якіх ад выдачы іх краінам паходжаньня была асноўным напрамкам лабісцкай дзейнасьці ў рамках «Адкрытага дыялёгу». Восьсю бізнэсу Казлоўскага зьяўляецца перанятае сумнеўным чынам дзяржаўнае прадпрыемства прадукцыі карабельнага асьвятленьня «Маяк» ў Севастопалі. Кампаніі, зьвязаныя з Казлоўскім, зарабляюць у тым ліку і на арэндзе памяшканьняў. Завадзкія кватэры былі прададзеныя, а іх арандатары жорстка дэпартаваныя групай ахоўнікаў. З арандатарамі не было «адкрытага дыялёгу», у той час як частка даходаў ад продажу гэтых кватэр паступала ў «ФАД». Зусім супярэчным праўкраінскаму вобразу фундацыі зьяўляецца той факт, што прадукцыя яго асноўнай донарскай кампаніі праз два даччыных прадпрыемствы ў Санкт-Пецярбургу ў першую чаргу арыентаваная на расейскія дзяржаўныя вэрфі, якія абслугоўваюць ваенна-марскі флёт. Дырэктары гэтых даччыных кампаній належаць да ліку найбуйнейшых донараў фундацыі. Пётр Казлоўскі не забывае клапаціцца і аб палітычнай абароне. Калі Крым знаходзіўся пад кантролем Украіны, ён спансіраваў шэраг украінскіх партый. А ўжо пасьля анэксіі людзі з яго атачэньня цалкам авалодалі Севастопальскім аддзяленьнем «Расейскай партыі пэнсіянэраў у гонар справядлівасьці».
Варта адзначыць, што, па ўсёй верагоднасьці, дзейнасьць фундацыі «Адкрыты дыялёг» і Людмілы Казлоўскай усё ж такі трапілі ў поле зроку праваахоўных органаў Украіны і сталі прадметам стараннага расьсьледаваньня. У прыватнасьці, пра гэта сьведчыць дакумэнт Генэральнай пракуратуры, у якім гаворыцца пра расьсьледаваньне крымінальнай справы ў дачыненьні да Казлоўскай па абвінавачваньні ў дзяржаўнай здрадзе, садзейнічаньні дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі і фінансаваньні тэрарызму.
Акрамя таго, праца фундацыі можа стаць прадметам расьсьледаваньня кампэтэнтных органаў Польшчы. Вядома, што шэраг польскіх дэпутатаў ужо зьвярнуліся з гэтай нагоды ў праваахоўныя органы. Тут варта адзначыць, што асаблівая ўвага дэпутатаў да дзейнасьці арганізацыі зьявілася пасьля інфармацыі пра сувязі фонду з ФСБ, а таксама атрыманьні ў 2014 годзе ліцэнзіі на гандаль расейскай зброяй.
Больш за тое, вядома, што Казлоўская да гэтага часу зьяўляецца грамадзянкай Расейскай Фэдэрацыі. Прынамсі, пра гэта сьведчыць афіцыйны дакумэнт – копія яе пашпарта, выдадзенага Фэдэральнай міграцыйнай службай Расеі.
На дадзены момант застаецца адкрытым пытаньне, што вядома праваахоўным органам і як спыніць дзейнасьць рускай «кансэрвы» або «сьпячых» ФСБ ва Ўкраіне? Акрамя таго, узьнікае пытаньне аб мэце, якую перасьледуе «ФАД».
Структура сувязі асоб і фірмаў, зьвязаных з фундацыяй зь вялікай верагоднасьцю паказвае на існаваньне «кумаўства» у яго дзейнасьці. Магчыма, фундацыя служыць для адмываньня грошай і лабісцкай дзейнасьці ў Эўропе. Абарона фундацыяй сумнеўнай маральнасьці дысыдэнтаў з краін былога Саюза паказвае, што мэтай «ФАД» можа быць таксама стварэньне вобразу палітычных зьняволеных і «карт-блянш» усходнім «бізнэсмэнам», якія стаяць за мільярднымі фінансавымі махінацыямі, такімі як Мухтар Аблязаў.
З больш падрабязнай інфармацыяй аб Казлоўскіх і фундацыі «Адкрыты дыялёг» можна азнаёміцца ў справаздачы Марціна Рэя – польскага экспэрта і журналіста, якi ужо некалькі гадоў публікуе інфармацыю аб шкодных дзеяньнях, якія праводзяцца Расейскай Фэдэрацыяй у Польшчы. Вось што казаў Марцін Рэй нашай праграме пра дзейнасьць фундацыі «Адкрыты дыялёг» на пачатку гэтага году. Трэба адзначыць, што на дадзены момант Рэй адмаўляецца даваць камэнтары па справе.
М. Рэй: У маім рапарце прадстаўленыя трывожныя факты, сумнеўныя крыніцы фінансаваньня фундацыі. І агулам паказана, як фундацыю фінансуюць сваякі Казлоўскай, зьвязаныя з крымскімі бізнэс-структурамі. Гэта вялікая праблема. Аднак нельга адразу рабіць выснову, што гэта агенты расейскіх спэцслужбаў. У мяне няма на гэта доказаў, і я ніколі чагосьці такога не казаў.
Незалежна ад таго, ці ёсьць цьвёрдыя доказы на тое, што Казлоўская – расейская агентка, ці не, тым ня менш, польская дзяржава мае права выдвараць асоб, якія непажаданыя на яе тэрыторыі, – падкрэсьлівае публіцыст Ежы Таргальскі.
Е. Таргальскі: Няма абавязку ўпускаць у Польшчу ўсіх жадаючых. Асабліва тых людзей, у адносінах якіх існуе падазрэньне, што яны працуюць на карысьць варожых дзяржаў.
Без адказу застаецца яшчэ шэраг пытаньняў – працягвае аўтар артыкулу на ўкраінскім сайце antikor.com.ua. Ці сапраўды фундацыя служыць толькі для дапамогі ўкраінцам? Ці сапраўды «прапуцінскі» бізнэс інвэстуе велізарныя грошы ў статутныя мэты фонду? З якога часу расейскія ўзброеныя сілы змагаюцца за грамадзянскія правы і свабоды або, магчыма, мэта дзейнасьці фундацыі зусім іншая? Аднак гэтыя пытаньні павінны быць адрасаваныя ўладам, адказным за кантроль фундацыі. Але відавочна, што Казлоўская, прыкрываючыся сваёй праваабарончай арганізацыяй, на самай справе – расейскі «агент уплыву«, завэрбаваны і спэцыяльна падрыхтаваны ФСБ для дэстабілізацыі і разгойдваньня ўнутрыпалітычнай сытуацыі ва Ўкраіне і краінах Усходняй Эўропы.
antikor.com.ua (Андрэй Баженка)/Украінская служба ПР/нг