Logo Polskiego Radia
Print

Польскае радыё рыхтуецца да важнай музычнай падзеі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 21.08.2018 17:17
  • фэстываль.mp3
Сёлета Польскае радыё ўпершыню ладзіць фэстываль «Лета з радыёпрымачом».
polskieradio.pl

Жыхары Польшчы, а таксама многія жыхары Беларусі, асабліва заходніх рэгіёнаў краіны, добра ведаюць праграму Польскага радыё, якая называецца «Лета з радыёпрымачом». Яна гучыць штодзённа ў летнюю пару году, у яе рамках у розных гарадах праходзяць канцэрты папулярнай музыкі. Сёлета Польскае радыё ўпершыню ладзіць фэстываль «Лета з радыёпрымачом».

Падрыхтоўка да фэстывалю летняй праграмы Польскага радыё ідзе поўным ходам. Мерапрыемства заплянаванае на 26 жніўня ў Гдыні. Арганізатары адзначаюць, што гэта адна з самых буйных музычных падзей году ў Польшчы. На дзьвюх сцэнах выступяць вядомыя і папулярныя прадстаўнікі польскай музычнай эстрады – між іншым Кортэз, Смолік, Маніка Бродка, Дарыя Завялаў.

Шматгадовы вядучы Хіт-параду Трэцяй праграмы ПР Марэк Недзьвецкі (Marek Niedźwiecki) кажа, што гэта будзе музычная падзея на самым высокім узроўні.

М. Недзьвецкі: «Лета з радыёпрымачом. Фэстываль» адбываецца першы раз, але адразу з размахам. Прозьвішчы выканаўцаў, якія выступяць на канцэртах, такія знакамітыя, што на іх фоне іншыя фэстывалі выглядаюць даволі бедна. Цудоўна, што ўдалося запрасіць столькі музыкантаў самага высокага рангу. З іншага боку, магчыма, што пасьля фэстывалю мы зможам сказаць, што нарадзілася новая зорка. Я разьлічваю на тое, што будзе добрае надвор’е і цудоўная атмасфэра, што прыйдзе шмат людзей, якія атрымаюць шмат пазытыўнай энэргіі, весялосьці і бадзёрасьці на канцэртах. Я цешуся, што ёсьць людзі, якія хочуць удзельнічаць у такой падзеі. Гэта ж для іх усё робіцца, не для радыё, не для нас, а для нашых слухачоў.

Уваход на фэстываль бясплатны. Нагадаем, ён адбудзецца ў бліжэйшую нядзелю, 26 жніўня. У Сквэры Касьцюшкі ў Гдыні выступіць 16 музыкантаў, у прыватнасьці, Анджэй Смолік. Ён, між іншым, прымаў удзел у падрыхтоўцы музычнага суправаджэньня падзеі. Артыст запісаў сучасную вэрсію полькі «Дзядок» – пазыўнога перадачы «Лета з радыёпрымачом». Па словах самога музыканта, гэта была вельмі нялёгкая задача.

А. Смолік: Я рашыўся заняцца тэмай полькі «Дзядок», запісаць уласную вэрсію гэтай музыкі. Гэта складана – перарабляць музыку, якая даўно ўжо зраслася з жыцьцём жыхароў Польшчы, а так менавіта выглядае полька «Дзядок» – гэтую мэлёдыю ведаюць амаль усе. Я спрабаваў падыйсьці да задачы па-рознаму. Ёсьць вельмі многа розных сучасных вэрсій гэтай мэлёдыі. На жаль, не ўдалося мне зрабіць зусім новае гучаньне, гэта ня выйшла. Але я вырашыў яе крыху зьмяніць, надаць ёй сучасны гук.

Падчас фэстывалю 16 выканаўцаў будуць выступаць на дзьвюх сцэнах, на працягу 11 гадзін. Як мы ўжо казалі, сярод выступоўцаў – буйныя зоркі польскай музычнай сцэны, але таксама менш вядомыя выканаўцы. Сваё майстэрства пакажа, між іншым, група Oxford Drama. Удзельнікі падзеі Малгажата Дрыяньска (Małgorzata Dryjańska) і Марцін Мрувка (Marcin Mrówka) ня могуць ужо дачакацца, калі прыйдзе іх чарга выйсьці на сцэну.

М. Дрыяньска: З самага пачатку, калі мы пачалі выступаць, мы адчуваем вялізную падтрымку з боку Польскага радыё. Калі мы былі дзецьмі, то перадача «Лета з радыёпрымачом» – гэта была клясыка радыёмайстэрства. Кожны год летам гэтая перадача нас суправаджала – па радыё, на плякатах. І мы вельмі шчасьлівыя, што можам стаць часткаю сёлетняга «Лета з радыёпрымачом». І ня можам дачакацца.

М. Мрувка: У нас ужо багаты досьвед удзелу ў розных фэстывалях, так што спадзяюся, што мы справімся з гэтай задачай.

Іншы выканаўца, Кшыштаф Залеўскі, рады, што фэстываль адбудзецца менавіта ў Гдыні, на ўзьбярэжжы Балтыйскага мора.

К. Залеўскі: На маю думку, у кожнага захаваліся добрыя ўспаміны, зьвязаныя з гэтым кутком краіны. Калі хтосьці там не жыве, то ў яго Гдыня атаясамліваецца з канікуламі, водпускам, а гэта як правіла вельмі прыемныя ўспаміны. Акрамя таго, Гдыня сама па сабе зьяўляецца помнікам польскай тэхнічнай думкі, тых часоў, калі палякі маглі зьяднацца і разам зрабіць нешта станоўчае.

Фэстываль «Лета з радыёпрымачом» ладзіць Польскае радыё сумесна з гарадзкімі ўладамі Гдыні. Канцэрты пачнуцца ў 13.00 і працягнуцца да поўначы. Усе песьні можна будзе праслухаць у эфіры Польскага радыё.

ІАР ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт