Logo Polskiego Radia
Print

Дзеці бежанцаў атрымаюць у падарунку школьныя прылады

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 21.08.2018 17:05
  • дапамога для ўцекачоў.mp3
У Мазавецкім ваяводзтве ёсьць тры цэнтры для ўцекачоў, дзе пражываюць часта цэлыя сем’і, у тым ліку дзеці.
Ілюстрацыйны здымакІлюстрацыйны здымакwww.pixabay.com/CC0 Creative Commons

Набліжаецца новы навучальны год. Тысячы дзяцей у Польшчы пойдуць у розныя клясы – некаторыя ў школы, куды ўжо хадзілі, іншыя ўпершыню ўбачаць сваіх калег і настаўнікаў. Усіх іх аб’ядноўвае тое, што неабходна да вучобы падрыхтавацца.

Трэцяга верасьня, у панядзелак, прагучыць першы званок на ўрок у новым навучальным годзе. Адны дзеці з радасьцю пабягуць у свае клясы, паколькі даўно ўжо не маглі дачакацца сустрэчы са школьнымі сябрамі, іншыя будуць крыху сумныя, бо цяжка расставацца з гарачым летам і вясёлай бесклапотнай забавай. Усе вучні ў першы школьны дзень атрымаюць інфармацыю пра тое, што яны павінны мець на ўроках – школьныя прыналежнасьці, падручнікі, спартыўную вопратку. Усё гэта павінны купіць іх бацькі (акрамя падручнікаў, якія ў Польшчы школьнікі пачатковых школ атрымліваюць ад дзяржавы). Добра, калі бацькі могуць сабе дазволіць набыць усе неабходныя рэчы, горш, калі павінны выбіраць – купіць дзіцяці флямастэры, алоўкі і сшыткі, ці мяса на абед і хлеб на сьнеданьне.

Польская дзяржава паклапацілася пра вучняў, з гэтага году ўсе дзеці ў школьным узросьце атрымліваюць 300 злотых на школьныя прылады. Але ёсьць асобы, якія гэтых сродкаў не атрымліваюць або іх замала. Напрыклад, дзеці імігрантаў не заўсёды маюць у школе ўсе патрэбныя рэчы. А гэтага нямала – насадкі, сшыткі, пэналы, фарбы, флямастэры. Большасьць сем’яў уцекачоў, якія пражываюць у Цэнтрах для ўцекачоў, ня можа сабе дазволіць набыць усе гэтыя рэчы. Таму Ініцыятыва «Адкрыты дом» разам з амбасадай Аўстрыі ў Варшаве правяла збор школьных прыналежнасьцяў, якія будуць перададзеныя дзецям з Цэнтраў для ўцекачоў. Па словах арганізатаркі акцыі Натальлі Гэбэрт з Ініцыятывы «Адкрыты дом», у адной толькі Варшаве такіх падарункаў да новага школьнага году чакае прыкладна 150 дзяцей.

Н. Гэбэрт: Патрэбныя сшыткі, блёкі для малюнку, каляровыя алоўкі, флямастэры, заплечнікі, торбы на абутак ды іншае. Адным словам, усё тое, што дзеці штодзённа носяць у школу, што ім патрэбнае на занятках. Зьбіраем таксама плястычныя прыналежнасьці – каляровую паперу, плястылін. Збор сродкаў мы праводзім у Варшаве ў некалькіх месцах – між іншым у кавярні «Кухня канфлікту» на вуліцы Вільчай, у «Варштаце варшаўскім» на пляцы Канстытуцыі, і як заўсёды ў Фундацыі «Ocalenie» на вуліцы Кручай.

Ініцыятыву збору школьных прыналежнасьцяў для дзяцей бежанцаў актыўна падтрымліваюць дыпляматычныя ўстановы, якія знаходзяцца ў сталіцы, – працягвае арганізатар акцыі Натальля Гэбэрт.

Н. Гэбэрт: Гэтую частку акцыі каардынуе амбасада Аўстрыі. У сваю чаргу ў сакавіку, калі мы праводзілі збор касмэтыкі для жанчын-бежанак, такую ж ролю ўзялі на сябе пасольствы Даніі і Новай Зэляндыі. Адны толькі прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу сабралі тады каля паўтоны дароў. І таму я спадзяюся, што акцыя па збору школьных прыналежнасьцяў будзе карыстацца такой жа вялікай падтрымкай.

Выказваньні былі запісаныя яшчэ перад пачаткам мерапрыемства.

У адным толькі Мазавецкім ваяводзтве ёсьць тры цэнтры для ўцекачоў, дзе пражываюць часта цэлыя сем’і, у тым ліку дзеці. У самой Варшаве ёсьць цэнтар для мігрантак – жанчын зь дзецьмі. У ім знайшлі часовы прытулак каля сотні чалавек, з чаго палова – гэта дзеці. Многія з іх вучацца ў школах. Часам яны саромеюцца, што ня маюць такіх жа прыгожых сшыткаў і алоўкаў, як іх школьныя калегі з польскіх сем’яў. Мамы гэтых дзяцей ня могуць дазволіць сабе закупіць дарагія рэчы, паколькі атрымліваюць толькі невялікія грошы на кішэнныя выдаткі і на сродкі гігіены. Усё іншае запэўнівае ім польская дзяржава, але на мінімальным неабходным узроўні. А дзецям хацелася б часам пахваліцца прыгожымі флямастэрамі або пэналам.

У мінулым годзе ў такой жа акцыі ўдалося сабраць сродкі на 300 камплектаў школьных прыналежнасьцяў для дзяцей уцекачоў у Польшчы.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт