Адліга паміж Нямеччынай ды Расеяй шкодзіць польскім інтарэсам
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
20.08.2018 13:44
Найгоршы сцэнар для Польшчы – гэта антыамэрыканскі і прарасейскі Эўрапейскі Зьвяз.
У. Пуцін і А. МэркельPAP/EPA/STEFFEN KUGLER / BUNDESREGIERUNG HANDOUT
Выданьне «Dziennik Gazeta Prawna» нагадвае, што ў суботу прэзыдэнт Пуцін пабываў на шлюбнай урачыстасьці кіраўніка МЗС Аўстрыі Карын Кнайсль ды сустрэўся з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель. Выданьне выказвае боязі, што ацяпленьне адносін Расеі зь Нямеччынай ды Аўстрыяй сьведчыць пра адмоўны для Польшчы расклад міжнародных адносін у Эўропе. Гаворка перш за ўсё пра кантакты Крамля зь немцамі, хаця адлігі хацелі б таксама італьянцы. Усьлед за імі пойдзе хутчэй за ўсё Францыя. Больш за тое, ацяпленьне адносін эўрапейскіх дзяржаў з Расеяй адбываецца на фоне пагаршэньня стасункаў з ЗША па прычыне мытнай вайны Амэрыкі з краінамі Эўрапейскага Зьвязу.
Ад ізаляцыі Крамля, у якую ён трапіў пасьля анэксіі Крыму ды акупацыі Данбасу, праз чатыры гады практычна не засталося й сьледу, нават нягледзячы на тое, што расейцы зусім не зьбіраюцца выводзіць свае войскі з усходу Ўкраіны. Праўда, Ангела Мэркель казала на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з Пуціным, што гэта «рабочая сустрэча, ня трэба чакаць нейкіх значных вынікаў». Аднак адразу дадала, што яна імкнецца наладзіць добрыя адносіны з Расеяй. Пуцін, ведаючы, на колькі важны для немцаў міграцыйны крызіс, завяраў, што Расея зробіць усё магчымае, каб сірыйскія бежанцы вярнуліся як мага хутчэй дадому.
Большасьць плоскасьцяў, у якіх немцы шукаюць кантактаў з расейцамі, парушае польскія стратэгічныя інтарэсы. І Нямеччына, і Расея зацікаўленыя ў тым, каб збудаваць трубаправод Паўночны паток 2, каб танны расейскі газ паступаў на захад. Польшча ў сваю чаргу націскае на дывэрсыфікацыю крыніц паставак сыравіны ды лібэралізацыю рынку. Найгоршы сцэнар для Польшчы – гэта антыамэрыканскі і прарасейскі Эўрапейскі Зьвяз. На жаль, гэты сцэнар пачынае ажыцьцяўляцца.
Dziennik Gazeta Prawna/нг