Logo Polskiego Radia
Print

А. Дуда адмовіўся падпісваць законапраект аб зьменах у выбарчае заканадаўства

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 16.08.2018 13:37
  • выбарчая сыстэма.mp3
"Ззаконапраект надта адыходзіць ад прынцыпу прапарцыянальнасьці на выбарах".
Прэзыдэнт Польшчы А. Дуда падчас прамовы 16.08.2018 г.Прэзыдэнт Польшчы А. Дуда падчас прамовы 16.08.2018 г.PAP/Jacek Turczyk

Сёньня пасьля поўдня стала вядома, што прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда абскардзіў законапраект аб зьменах у польскай сыстэме выбараў дэпутатаў Эўрапарлямэнту. Зьмены былі падрыхтаваныя партыяй «Права і справядлівасьць», да якой належыць таксама А. Дуда.

Пра сваё рашэньне Анджэй Дуда заявіў падчас брыфінгу ў Прэзыдэнцкім палацы. На ягоную думку, прапанаваныя папраўкі надта моцна мянялі б прынцып прапарцыянальнасьці выбарчай сыстэмы.

А. Дуда: Маё рашэньне на тэму дадзенага законапраекту наступнае: я адмаўляюся яго падпісваць і вяртаю закон у Сэйм на паўторны разгляд. На маю думку, законапраект надта адыходзіць ад прынцыпу прапарцыянальнасьці на выбарах.

Папраўкі і дапаўненьні ў акон аб сыстэме выбараў дэпутатаў Эўрапарлямэнту былі падрыхтаваныя кіруючай партыяй «Права і справядлівасьць». Законапраект прадбачваў, што ў кожнай з выбарчых акругаў будуць выбірацца як мінімум тры эўрадэпутаты. Да гэтага часу дадзеная лічба не была акрэсьленая законамі, а мандаты можна было перасоўваць паміж рэгіёнамі.

Калі б зьменены закон пачаў дзейнічаць, гэта азначала б, што буйныя партыі атрымалі б яшчэ больш мандатаў, а маленькія былі б яшчэ далей у сьпісе пераможцаў. Дэпутат Польскай сялянскай партыі Пётр Згажэльскі казаў яшчэ перад рашэньнем прэзыдэнта, што ён успрыняў бы вэта (супраціў) з задавальненьнем. Дэпутат кажа, што калі б новыя выбарчыя нормы пачалі дзейнічаць, то выбарчы парог павысіўся б практычна да 16,5%. Гэта азначала б, што многія малыя групоўкі трапілі б «за борт».

П. Згажэльскі: Законапраект зьмены выбарчай сыстэмы на самой справе быў праектам, які выключаў з выбараў некаторыя партыі. Выбаршчыкі, якія б хацелі галасаваць за прадстаўнікоў іншых партый, чым самыя буйныя, ня мелі б сваіх прадстаўнікоў у Эўрапарлямэнце. Гэта было б цэмэнтаваньне палітычнай сцэны, на якой засталіся б толькі «Права і справядлівасьць» ды «Грамадзянская плятформа». На маю думку, няма неабходнасьці павышаць выбарчы парог на выбарах у Эўрапейскі парлямэнт. Іншая справа, калі гаворка ідзе пра галасаваньне на выбарах у нацыянальны парлямэнт, фармаваньне большасьці. Тады маніпуляцыя выбарчым парогам магчымая.

Таксама дэпутат партыі «Кукіз’15» Пётр Апэль згодны, што калі б законапраект быў прыняты, меншыя групоўкі практычна поўнасьцю страцілі б значэньне. Госьць Польскага радыё цешыцца, што з гэтым меркаваньнем згодны прэзыдэнт, які заявіў, што такая выбарчая сыстэма ўзмацняла б дзьве самыя буйныя партыі і ўводзіла б практычна несумленную канкурэнцыю.

П. Апэль: Магчыма, прэзыдэнт таксама ня хоча, каб гэты польска-польскі канфлікт («Грамадзянская плятформа» – «Права і справядлівасьць») перанёсься на міжнародную арэну, у Эўрапейскі парлямэнт. Калі б закон быў прыняты, то туды трапілі б толькі тыя палітыкі, якія належаць да гэтых партый, і там далей бы сварыліся.

Вэта прэзыдэнта азначае, што законапраект вяртаецца на разгляд у ніжэйшую палату парлямэнту (Сэйм), які можа скаргу прэзыдэнта адхіліць. Аднак дзеля гэтага неабходна мець большасьць – 3/5 галасоў дэпутатаў і прысутнасьць як мінімум паловы ўсіх народных абраньнікаў.

Камэнтар на тэму падзеі друкуе выданьне «Rzeczpospolita». Старшыня ПіС Яраслаў Качыньскі стараецца ўводзіць такія зьмены ў выбарчае заканадаўства, якія дадуць яго партыі яшчэ большую перавагу над сапернікамі. Дарэчы, вядома ўжо, што падобныя зьмены, як у сыстэму выбараў дэпутатаў Эўрапарлямэнту, рыхтуюцца ў заканадаўства, якое рэгулюе выбары ў польскі парлямэнт. ПіС змагаецца ня толькі з апазыцыяй, але таксама з ворагамі ўнутры групоўкі. Ёсьць у шэрагах партыі нямала палітыкаў, якія імкнуцца заваяваць лідарства. Таму старшыня стараецца ўзмацніць сваю пазыцыю і прапануе адпаведныя зьмены. У сваю чаргу прэзыдэнт ведае, што без падтрымкі партыі ён ня зможа быць пераабраны на вышэйшую дзяржаўную пасаду, але памятае таксама, што яго перамога тры гады таму не была б магчымая без дапамогі меншых партый – за яго галасавалі між іншым выбаршчыкі групоўкі Кукіз’15. Таму Анджэю Дудзе прыходзіцца самастойна клапаціцца аб гэтых партыях, нават ідучы насуперак рашэньням старшыні сваёй групоўкі.

ІАР/Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт