Logo Polskiego Radia
Print

Плаціш альбо заб’юць на сьмерць: рэаліі беларускага войска

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 13.08.2018 15:52
Польская прэса прыглядаецца да працэсу па справе «шараговага Коржыча», што разглядаецца ў судзе ў Менску.
фота: tut.by

Слуханьні паказваюць цяперашні стан беларускай арміі піша штодзёнка «Rzeczpospolita».

У судзе разглядаецца справа, якая стала найбольш гучнай афёрай ды скандалам, які меў месца ў беларускім войску за апошнія гады. Абвінавачаныя – тры сяржанты з вайсковай часьці ў Пячах. Іх абвінавачваюць у хабарніцтве, крадзяжах ды злоўжываньні службовым становішчам, што прывяло да сьмерці 21-гадовага шараговага Аляксандра Коржыча. Яго знайшлі павешаным на пачатку красавіка мінулага году, піша выданьне. Сям’я жаўнера заявіла, што Аляксандра задушылі.

На справу зрэагаваў асабіста Лукашэнка, які паабяцаў, што вінаватыя будуць пакараныя. Аднак сьледзтва настойвае на вэрсіі, што жаўнер зьнясіліўся. З такой фармулёўкай справа была перададзена на разгляд у суд.

Падчас слуханьняў выйшла, што ўсе заявы высокапастаўленых вайскоўцаў пра тое, што ў беларускі войску няма дзедаўшчыны – гэта мана. Насамрэч праблема існуе, мае вялізарны маштаб, а вайсковае камандаваньне проста імкнецца яе замоўчваць усімі сіламі. Сяржанты ды салдаты папярэдніх гадоў зьдзекаваліся над маладзейшымі ды змушалі іх плаціць за тое, каб не зьдзекаваліся альбо не прымушалі да ганебнай працы. Таксама «маладыя» жаўнеры вымушаныя былі плаціць за выхад у горад, за званкі сям’і. Калі Аляксандар перастаў плаціць ды пайшоў да камандаваньня, каб яны спынілі зьдзекі, праз некалькі дзён яго знайшлі павешаным.

Выданьне піша, што афіцэры ведалі пра гэткі стан рэчаў, але заплюшчвалі на ўсё вочы. Аднак «справа Коржыча» крыху узварушыла сытуацыі. За апошні год беларускія суд асудзілі на рэальныя турэмныя тэрміны больш за 60 салдат ды афіцэраў за злоўжываньне ўладай ды зьдзекі, піша выданьне.

Юл

Польшча скарачае імпарт вугалю ад сэпаратыстаў з Данбасу

Нелегальнымі пастаўкамі данбаскага антрацыту (пад выглядам расейскага) у Эўропу занялася штодзёнка «Dziennik Gazeta Prawna».

Выданьне піша, што на тэрыторыі сэпаратысцкіх Данецкай ды Луганскай рэспублік працягваецца здабыча вугалю. Далей гэтая сыравіна пастаўляецца ў Расею, дзе вугаль атрымлівае фальшывыя расейскія сэртыфікаты паходжаньня. Потым паліва ідзе на Захад. Ёсьць некалькі шляхоў. Адзін праз Растоў-на-Доне і далей морам, іншым чыгункай праз Беларусь ды Польшчу. Яшчэ адзін праз порт Усьць-Луг і па Балтыйскім моры на Захад, піша выданьне.

Вугаль сэпаратыстаў купляюць у Францыі, Гішпаніі, Нямеччыне, Нарвэгіі, Турэччыне, Вялікабрытаніі, Італіі ды Польшчы. Апошняя асабліва шмат антрацыту набывала летась. Сёлета пастаўкі вугалю з Данбасу ў Польшчу скараціліся на 17-20 тысяч тон. Гэта азначае 20 мільёнаў даляраў менш для сэпаратыстаў, піша выданьне.

юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт