Logo Polskiego Radia
Print

Будзьце асьцярожнымі на чыгуначных пераездах!

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 07.08.2018 17:36
  • чыгунка.mp3
Польская чыгунка нагадвае палякам, як сябе правільна паводзіць на пераездах.
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons

У летнія месяцы, ліпені і жніўні, на дарогах назіраецца вялікая канцэнтрацыя аўтамабіляў, паколькі многія людзі адпраўляюцца ў падарожжа на летні адпачынак. Немалы адсотак асоб за стырном – гэта так званыя нядзельныя кіроўцы, якія рэдка водзяць машыну. Для іх невядомая тэрыторыя можа быць немалым вылікам. Польская чыгнука заклікае ўсіх кіроўцаў быць асабліва асьцярожнымі на чыгуначных пераездах.

Аварыі на чыгуначных пераездах здараюцца рэгулярна, яны бываюць вынікам неадпаведнай хуткасьці цягніка, але часьцей за ўсё гэта рэзультат халатнасьці дзяжурнага па пераезду і віна саміх кіроўцаў, якія надта вераць у свае магчымасьці або не заўважаюць дарожных знакаў. Некалькі гадоў таму ўсё Польшчу страсянула навіна пра гібель дваіх малых дзяцей на пераезьдзе. Машына, якую вяла іх маці (бацька быў пасажырам), не пасьпела пакінуць пераезд, у яе ўдарыў цягнік. Дарослыя выжылі, малечы ва ўзросьце трох і сямі гадоў загінулі. Маці трапіла пад суд, але была прызнаная невіноўнай. Агулам сьледзтва ня вызначыла, каго можна абвінаваціць у трагедыі. Тады прадстаўнікі Польскай чыгункі заяўлялі пра намер правесьці дакладную праверку дарожных пераездаў, ці яны дастаткова бясьпечныя. Тым ня менш, людзям неабходна рэгулярна прыгадваць пра правілы паводзін на дарожных пераездах.

Польскія чыгуначныя лініі падрыхтавалі адмысловую акцыю, падчас якой заклікаюць кіроўцаў, пешакоў ды веласіпэдыстаў захоўваць асаблівую асьвярожнасьць на чыгуначных пераездах. На некалькіх дзясятках пераездаў у Польшчы супрацоўнікі й ахова чыгункі раздавалі ўлёткі з інфрамацыях пра небясьпеку на пераездах і правілы бясьпечнага пераезду праз чыгуначныя шляхі.

Прэс-сакратар Польскіх чыгуначных ліній Караль Якубоўскі адзначае, што мэтай акцыі зьяўляецца павышэньне бясьпекі на пераездах.

К. Якубоўскі: На працягу шасьці апошніх летніх пятніц мы раздалі амаль 24 тысячы розных брашур, інфармацыйных матэрыялаў кіроўцам, пешакам. Ва ўлётках ёсьць інфармацыя, як трэба сябе паводзіць на чыгуначных пераездах, зьвесткі пра тое, дзе кіроўцы часьцей за ўсё робяць памылкі. Наша галоўная задача – каб кожны чыгуначны пераезд з пэрспэктывы кіроўцы, які праз яго праязджае, быў бясьпечны.

Па словах Караля Якубоўскага, кіроўцы вельмі часта парушаюць правілы праезду праз чыгуначны пераезд, што вельмі небясьпечна, і можа нават закончыцца трагедыяй.

К. Якубоўскі: Кіроўцы часьцей за ўсё ігнаруюць знак “Стоп”, праяжджаюць падчас уключанага гукавога і сьветлавога сыгналу, калі шлагбаўм на пераезьдзе ўжо закрываецца. На жаль, здараюцца таксама такія сытуацыі, калі кіроўцы аб’яжджаюць закрытыя ўжо паўшлягбаўмы. І менавіта тады здараюцца самыя трагічныя выпадкі. Мы яшчэ раз заклікаем усіх кіроўцаў – затрымлівацца перад кожным чыгуначным пераездам, зьвяртаць увагу на тое, каб праехаць бясьпечна.

Караль Якубоўскі падкрэсьлівае, што заклік езьдзіць асьцярожна накіраваны таксама да пешакоў і веласіпэдыстаў, каб яны не праходзілі і не праяжджалі пад апушчанымі шлягбаўмамі або тады, калі ўключаецца сігналізацыя, якая апавяшчае пра набліжэньне цягніка. Польская чыгунка вядзе інфармацыйную кампанію таксама сярод асоб, якія пераходзяць палатно ў нявызначаных месцах.

К. Якубоўскі: На гэтых улётках напісаныя вельмі важныя пытаньні: “Як ты думаеш, як бы сябе адчувала твая сям’я, калі б даведалася, што ты загінуў, праходзячы праз чыгуначнае палатно?” Або: “Ці ты ўяўляеш сабе, што адчувае машыніст цягніка, калі ён бачыць чалавека, які ўваходзіць на палатно. Адзінае, што можа зрабіць такі машыніст, гэта націснуць тормаз і чакаць”. Мы спадзяемся, што пасьля прачытаньня такога пытаньня людзі падумаюць пра сваю бясьпку, пра сваіх блізкіх, і возьмуць пад увагу таксама тое, як іх паводзіны могуць уплываць на іншых.

У адным толькі месяцы ліпені сёлета здарылася ў Польшчы на чыгуначных пераездах 29 дарожна-транспартных здарэньняў, у выніку якіх 8 чалавек загінула, а 5 атрымала цялесныя пашкоджаньні.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт