Logo Polskiego Radia
Print

У гандлёвых цэнтрах Польшчы закрываюцца кавярні

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 25.07.2018 13:05
У сувязі з забаронай гандлю ў нядзелю многія кафэ і пункты продажу марожанага закрываюцца, бо нясуць страты.
Ілюстрацыйнае фотаІлюстрацыйнае фотаФота: pixabay.com/Public Domain CC0

Забарона гандлю ў нядзелю ў Польшчы прымушае буйныя гандлёвыя сеткі мяняць сваю стратэгію. Адны шукаюць новых месц для разьвіцьця бізнэсу. А некаторыя пераводзяць справы за граніцу.

Так, адна з кампаній, якая прадае марожанае, закрывае свае кропкі ў гандлёвых цэнтрах. Бо ў апошні час яе даходы зьнізіліся больш як на 10%. Так робяць і некаторыя іншыя гастранамічныя сеткі. Напрыклад, адна зь сетак кавярань у выніку забароны гандлю ў нядзелю пазбаўлена магчымасьці рэалізаваць тавар у палове сваіх пунктаў продажу.

Праўда, пакуль што большасьць гандлёвых цэнтраў адкрыта ў нядзелю. Бо на іх тэрыторыі знаходзяцца крамы, якія маюць права гандляваць у выхадны дзень. Аднак ведаючы, што іншыя магазіны зачынены, кліенты не заходзяць і ў тыя, што працуюць. Абароты такіх крам упалі на 5%.

“Гастраномія спадарожнічае іншым пакупкам. Ніхто не завітвае у гандлёвы цэнтар, каб выпіць кавы. Нашы прыходы ў нядзелю ўпалі напалову. У суботу ўдавалася толькі часткова кампэнсаваць страты”, — гаворыць прадстаўнік адной з сетак кавярань.

Цяпер для кавярань шукаюць месцы, у якія людзі будуць зазіраць на працягу ўсяго тыдня. Разглядаюцца як людныя пешаходныя зоны, так і офісныя будынкі, у якія ёсьць уваход з вуліцы, а таксама аўтастрады.

Тым часам буйныя брэнды польскага адзеньня шукаюць месцы за граніцай — плянуюць адкрыцьцё крам ва Ўкраіне, Чэхіі, Фінляндыі, Босьніі і Герцагавіне.

Dziennik Gazeta Prawna/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт