Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы адзначаюць гадавіну вызваленьня Майданка

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 23.07.2018 15:56
  • Майданэк.mp3
Гэта быў другі па памерах гітлераўскі канцэнтрацыйны лягер у Эўропе.
The former German Nazi concentration camp of Majdanek. Photo: wikimedia commons/Alians PL/CC0The former German Nazi concentration camp of Majdanek. Photo: wikimedia commons/Alians PL/CC0

74 гады таму, 23 ліпеня 1944-га году, Чырвоная армія вызваліла гітлераўскі канцэнтрацыйны лягер у Любліне. Майданкам яго называлі мясцовыя жыхары ад назвы гарадзкога кварталу «Майдан татарскі». Афіцыйны гітлераўцы называлі яго Konzentrationslager Lublin (канцэнтрацыйны лягер «Люблін»).

Гэты быў другі па памерах гітлераўскі канцлягер у Эўропе. Лягер будаваўся нават на 250 тысяч палонных ды вязьняў. Аднак лягістычныя ды ваенныя цяжкасьці не дазволілі рэалізаваць гэтыя пляны. За час існаваньня з восені 1941 па лета 1944 праз лягер прайшло каля 150 тысяч чалавек. 80 тысяч тут былі забітыя, зь іх 60 тысяч гэта габрэі, падлічылі спэцыялісты дзяржаўнага Музэя памяці Майданка. У момант вызваленьня лягеру тут заставалася каля тысячы вязьняў. Тыя, хто выжылі ў Майданку, кажуць, што не змаглі забыць таго, што там адбывалася.

Былы вязень: Гэта была геена, пакуты, голад, сьмерць, і таксама страчанае дзяцінства.

Гэлене Чэрвіньска1 было 15 гадоў, калі трапіла ў Майданак разам зь іншымі жыхарамі мястэчка Кураў. У 2010 годзе яна згадвала, што найгоршай рэччу ў канцлягеры была адсутнасьць надзеі.

Гэлена Чэрвіньска-Буда: Мы ўсе паглядалі ў бок Любліна, што там было жыцьцё, што людзі выжывалі. З нашага боку на нас глядзелі толькі пячныя коміны, што азначала толькі адно. Адтуль ніхто не выходзіў. Я вельмі хацела жыць.

Дзесяць гадоў таму ацалелыя вязьні, падчас гадавіны вызваленьня лягеру, зазначалі, што нельга, каб зьнікла памяць пра дадзенае месца. Майданак павінен быць напамінам для наступных пакаленьняў, каб яны не паўтаралі войнаў.

Сьведак: Цяжка нават даклада акрэсьліць, бо памяць падводзіць, тым больш, што я быў тады вельмі малы. Я амаль нічога не памятаю, толькі з расказаў маці ды бабулі. Старэйшыя дзеці больш пакутавалі, ніхто ня ведаў, ці ён выжыве.

У 1987-м годзе былы канцлягер наведаў тагачасны пантыфік Ян Павал ІІ пасьля сустрэчы з былымі вязьнямі Майданка. Менавіта тады прагучалі яго славутыя словы пра прыроду чалавека.

Ян Павал ІІ: Няхай гэта будзе перасьцярога для ўсіх пакаленьняў, што чалавек ня можа станавіцца катам для бліжняга свайго, ён павінен заставацца братам.

Канцлягер «Майданак» быў вызвалены ў ліпені 1944-га года атрадамі Чырвонай арміі. Перад адыходам гітлераўцы вывелі тысячы людзей зь лягера гэтак званым «маршам сьмерці» на шляху да Аўшвіц. Таксама 300 чалавек былі расстраляныя.

Восеньню 1944-га году на тэрыторыі былога канцлягера быў створаны дзяржаўны музэй памяці, гэта была першая ўстанова такога тыпу ў сьвеце. Тут працуе выставачная экспазыцыя, вядуцца навуковыя ды археалягічныя працы, ладзяцца музэйныя лекцыі ды сустрэчы з былымі вязьнямі.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт