Многія мясцовасьці Польшчы адрэзаны ад сьвету
PR dla Zagranicy
Viktar Korbut
20.07.2018 19:39
Малая Польшча моцна пацярпела ад двухдзённых праліўных дажджоў.
20 ліпеня 2018 г. Размытая дарога ў Ахатніцы ГурнайФота: PAP/Grzegorz Momot
Многія мясцовасьці Польшчы аказаліся адрэзаныя ад сьвету. Перарваны рух на дарогах, пашкоджаны масты. Заліты дамы. Павалены дрэвы. Асабліва моцна пацярпела Малая Польшча — рэгіён на поўдні. Усё гэта стала вынікам двухдзённых праліўных дажджоў.
Жыхары падлічваюць страты і з трывогай глядзяць у неба. Моцныя залевы пачаліся ў аўторак. З гадзіны на гадзіну прыбывала вада, а горныя патокі выходзілі з рэчышч і залівалі дарогі. Але найбольшы лівень ахапіў рэгіён вечарам у сераду. Ратавальнікі мусілі выяжджаць штохвіліны на званкі людзей, якія патрабавалі адпампоўваньня вады з залітых участкаў і будынкаў, прыбіраньня паваленых дрэў, а таксама рамонту дарог.
Частка вёсак у сераду аказалася адрэзаная ад сьвету, бо вада паразрывала мясцовыя дарогі і масты, а потом уварвалася ў дамы. Ратавальнікі цэлую ноч рыхтавалі мяхі зь пяском для аховы дамоў ад воднай стыхіі.
Папулярныя турыстычныя шляхі ператварыліся ў патокі вод. Дырэкцыя Татранскага нацыянальнага парку пастанавіла некаторыя зь іх закрыць. Такая ж сытуацыя складалася і па другі бок Татраў — у Славакіі.
Пакуль што прагнозы надвор’я для Малой Польшчы несуцяшальныя. Па-ранейшаму ў рэгіёне дзейнічае трэці, найвышэйшы узровень гідралягічнай небясьпекі.
Gazeta Wyborcza/вк