Logo Polskiego Radia
Print

«У рускіх усё было проста: у лоб і ў магілу»

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 12.07.2018 13:57
  • 0712 Аўгустоўская аблава.mp3
У Польшчы 12 ліпеня адзначаецца Дзень памяці ахвяр Аўгустоўскай аблавы.
Гібы. Крыж у памяць пра замардаваных падчас Аўгустоўскай аблавы ў 1945 г.Гібы. Крыж у памяць пра замардаваных падчас Аўгустоўскай аблавы ў 1945 г.Фота: commons.wikimedia.org/Radosław Drożdżewski (Zwiadowca21)/CC BY-SA 3.0

12 ліпеня ў Польшчы адзначаецца Дзень памяці ахвяр Аўгустоўскай аблавы. Гэта адна з трагічных падзей пасьляваеннай гісторыі. Тады, 12 ліпеня 1945 года, савецкія войскі, які кантралявалі тэрыторыю Польшчы, арганізавалі на тэрыторыі Аўгустоўскай пушчы масавыя затрыманьні салдат Арміі Краёвай. Пра іх лёс сваякі дагэтуль ня маюць ніякай інфармацыі.

Трагічныя падзеі адбываліся 12 ліпеня 1945 года ў Аўгустоўскай пушчы, на самай граніцы Польшчы зь Літвой і Беларусьсю.

Тут, як і ў многіх іншых рэгіёнах даваеннай Рэспублікі Польшча, дзейнічалі атрады партызан, аб’яднаных у Армію Краёву. Яны змагаліся за аднаўленьне польскай дзяржавы, за яе незалежнасьць.

Савецкія войскі, якія ўжо ў 1944 годзе занялі тэрыторыю Польшчы, бачылі ў салдатах Арміі Краёвай ворагаў. Бо тыя не прызнавалі камуністычны рэжым, які Масква ўсталявала ў Польшчы.

Мэта Аўгустоўскай аблавы, якую пачалі супрацоўнікі савецкіх спэцслужб, было зьнішчэньне польскіх партызан, якія працягвалі змагацца супраць савецкай і прасавецкай улад у краіне.

Аблава працягвалася з 12 да 25 ліпеня 1945 года на тэрыторыі Аўгустоўскага, Сувалкаўскага і часткі Сакольскага паветаў. У той час Сувалкаўскі і Аўгустоўскі паветы амаль цалкам кантралявала польскае падпольле, якое не прызнавала ўсталяванага ў краіне прасавецкага рэжыму.

Савецкія ўлады арыштавалі больш за 7 тысяч чалавек.

Пра тыя падзеі сёньня яшчэ могуць расказаць сьведкі — сваякі тых, хто загінуў.

Схалястыка Зяневіч (падчас аблавы мела 7 год): Я добра ўсё памятаю. Я сем дзён хадзіла з мамай, каб пабачыць бацьку. Але ні разу нам яго не паказалі. На восьмы дзень прыйшла з мамай. А хлявы ўжо стаялі пустыя, нікога не было. І дагэтуль ніхто ня ведае, дзе, што і як.

Зоф’я Валіцкая (у 2011 годзе ў інтэрв’ю Польскаму радыё): Мне было дзесяць гадоў, калі забралі майго тату. Яго трымалі ў будынку школы. Мама прынесла яму ежу, а ён кажа: “Пакінь дзецям! Я прыйду, я вярнуся, я ні ў чым не вінаваты”. Я дагэтуль памятаю гэтыя словы.

Дагэтуль няма інфармацыі пра тое, дзе пахаваны ахвяры Аўгустоўскай аблавы. Прынамсі 592 чалавекі былі прызнаны НКУС дзеячамі антыкамуністычнага падпольля і загінулі бязь вестак.

Антоні Лісецкі, якому ўдалося ўратавацца падчас аблавы, лічыць, што яго таварышаў і іншых арыштаваных пахавалі на Гарадзенскіх фартах — умацаваньнях пад Горадняй, узьведзеных яшчэ ў часы Расейскай імпэрыі.

Антоні Лісецкі: У якім кірунку былі вывезены арыштаваныя? Вядома, што па Гарадзенскай шашы. Гэта простая справа. Іх расстралялі на гарадзенскіх валах. Іх там забілі, яны там ляжаць. У рускіх усё было проста: “У лоб і ў магілу”.

На Гарадзенскіх фартах людзей расстрэльвалі нацысты падчас Другой сусьветнай вайны. Аднак зьвестак пра зьнішчэньне тут удзельнікаў польскага падпольля, схопленых падчас Аўгустоўскай аблавы, пакуль няма.

Сёньня сваякі тых, хто загінуў бязь вестак, ужо ня маюць надзеі на тое, што іх родныя вернуцца. Адзінае, чаго ім хацелася б — гэта ведаць месца пахаваньня блізкіх.

Мар’я Пятрэвіч, унучка Яна Пучылоўскага, які загінуў ад рук савецкіх спэцслужб: Мы хацелі б, каб была ня толькі сымбалічная магіла ля магілы бабулі. Мы ведалі, што нашы сваякі загінулі, мы ведалі, хто іх забіраў. Майго дзеда забіраў расейскі маёр. Мы ня можам дачакацца таго дня, калі нарэшце разьвітаемся зь дзедам, паставім сьвечку...

Схалястыка Зяневіч: Мой тата загінуў. І дзядзька. Разам... Гэта было дзесьці 16 ліпеня. У апошніх днях той ліпеньскай аблавы. Загінулі і дагэтуль мы ня ведаем, што зь імі зрабілася. Я штодня малюся...

Пакуль ня знойдзена месца пахаваньня ахвяр Аўгустоўскай аблавы, іх сваякі штогод зьбіраюцца ў вёсцы Гібы, што недалёка ад літоўскай граніцы. Тут паводле праекта мастака Анджая Струмілы ўстаноўлены помнік у памяць пра замардаваных у ліпені 1945 года.

5100 чалавек пасьля допытаў савецкімі службамі былі выпушчаны на свабоду. Цяпер Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы праводзіць сьледзтва адносна падзей ліпеня 1945 года. Устаноўлена, што польскіх падпольшчыкаў і партызан затрымлівалі супрацоўнікі савецкай контрразьведкі Сьмерш ІІІ Беларускага фронту Чырвонай Арміі пры ўдзеле органаў грамадзкай бясьпекі камуністычнай Польшчы, міліцыі і салдат І Арміі Войска Польскага.

12 ліпеня 2015 года Сэйм Польшчы аб’явіў аб устанаўленьні Дня памяці ахвяр Аўгустоўскай аблавы.

IAR/вк

Слухайце, калі ласка, далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт