Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы ўшаноўваюць памяць ахвяр генацыду на Валыні

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 11.07.2018 15:28
  • 0711 75-годзьдзе Валынскай разьні.mp3
11 ліпеня спаўняецца 75 год гэтак званай Валынскай разьні.
Торунь, 8 ліпеня 2018 г. Выстаўка Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы прысьвечаная г. зв. Валынскай разьніТорунь, 8 ліпеня 2018 г. Выстаўка Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы прысьвечаная г. зв. Валынскай разьніФота: PAP/Tytus Żmijewski

Сёньня ў Польшчы адзначаецца Нацыянальны дзень памяць ахвяр генацыду, учыненага ўкраінскімі нацыяналістамі ў дачыненьні да грамадзян даваеннай Рэспублікі Польшча. 75 год таму адбылася гэтак званая Валынская разьня. 11 ліпеня 1943 года на тэрыторыі Ўкраіны, акупіраванай нацысцкай Нямеччынай, было замардавана каля 100 тысяч асоб польскай нацыянальнасьці.

Верхняя палата парлямэнта краіны ўшанавала хвілінай маўчаньня ахвяр г. зв. Валынскай разьні. Гэтым тэрмінам у Польшчы называюцца трагічныя падзеі ліпеня 1943 года. Тады генацыд у адносінах да палякаў быў праведзены адначасова ў 99 мясцовасьцях Валыні і сумежных раёнаў Украіны. Кроў пралілася ў наступных былых ваяводзтвах даваеннай Рэспублікі Польшча: станіславаўскім (Станіславаў — ранейшая назва горада Івана-Франкоўска), львоўскім, тарнопальскім, люблінскім і часткова ў палескім, г. зн. і на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Станіслаў Карчэўскі, сьпікер Сэната Польшчы: У 75-ю гадавіну апагея злачынства, ажыцьцёўленага Ўкраінскай паўстанцкай арміяй у дачыненьні да палякаў, якія жылі на Валыні і ва ўсходняй Малой Польшчы, мы ўшаноўваем памяць тых, хто загінуў, і асуджаем злачынцаў. Таксама мы патрабуем магчымасьці годнага ўшанаваньня ахвяр, у тым ліку эксгумацыі іх брацкіх магіл.

Палякаў забівалі баевікі Ўкраінскай паўстанцкай арміі.

Артур Бражыняк, гісторык з аддзела ў Жэшуве Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы: Гэта была нядзеля. Сцэнарый атакі быў адзіны, загадзя распрацаваны. Атака была ажыцьцёўлена пасьля першай ранішняй імшы. Людзей забівалі ў касьцёлах, на вуліцах, у іх дамах.

Перадумовай трагічных падзей 1943 года быў ня толькі польска-ўкраінскі антаганізм на Валыні ці “помста” за палітыку нацыянальнага ўціску ў даваеннай Польшчы.

Ігар Ільюшын, доктар гістарычных навук, загадчык катэдры міжнародных адносін Кіеўскага славістычнага ўнівэрсытэта: Фактычнай перадумовай генацыду сталі бягучыя палітычныя падзеі. Вырашальнае значэньне мела тое, што адбывалася на франтах Другой сусьветнай вайны. Гэта параза ў лютым 1943 года вэрмахта пад Сталінградам. У лютым 1943 года на Трэцяй канфэрэнцыі Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (бандэраўцаў) было канстатавана, што Нямеччына вайну прайграе, і неўзабаве ва Ўкраіну вернецца Чырвоная Армія. Таму было прынята рашэньне стварыць Украінскую паўстанцкую армію, якая магла б супрацьстаяць Чырвонай Арміі і не ўпусьціць савецкія войскі на тэрыторыю Валыні, Галіччыны, на заходнеўкраінскія землі. Але на гэтых землях прысутнічалі польскія паселішчы, а палякаў украінцы ўспрымалі як фактар, які перашкаджаў стварэнню УПА. Бо, каб стварыць УПА, трэба было правесьці татальную мабілізацыю заходнеўкраінскага насельніцтва. А тут польскія паселішчы. Было зразумела, што палякі з гэтых паселішчаў ня будуць падтрымліваць стварэньне УПА. Гэта было ясна яшчэ ў 1942 годзе, калі польскія паселішчы выкарыстоўваліся апэратыўна-чэкісцкімі групамі НКУС. Украінцы, і аунаўцы ў прыватнасьці, бачылі, што палякі супрацоўнічаюць з савецкімі партызанскімі атрадамі, падтрымліваюць іх. Такім чынам, іх успрымалі як варожы элемент. І таму амаль адначасова з прыняцьцем рашэньня аб стварэнні УПА прымаецца рашэньне аб тым, каб пазбавіцца ад палякаў на гэтай тэрыторыі.

Як адзначае Ігар Ільюшын, акцыя ўкраінскіх нацыяналістаў на Валыні павінна была закрануць толькі ўдзельнікаў польскай Арміі Краёвай, аднак у выніку пацярпела і цывільнае насельніцтва.

Ігар Ільюшын: Калі дайшло да стварэньня УПА і дэпалянізацыі Валыні, то гэта акцыя закранула ня толькі членаў АК, але і ўсё цывільнае насельніцтва — і жанчын, і дзяцей, і старых. Бо, вядома, цяжка было аддзяліць тых, хто дапамагае мясцовым аддзелам Арміі Краёвай ад тых, хто не дапамагае. Таму, як часта здаралася ў гісторыі падобных прасьледаваньняў людзей, у выніку этнічных чыстак пацярпелі ўсе, хто так ці інакш лічыў сябе палякам, быў палякам або нейкім чынам падтрымліваў польскі бок. І пацярпелыя былі ня толькі сярод палякаў, але таксама і сярод тых украінцаў, якія выступалі праціўнікамі гэтай акцыі.

Трэба адзначыць, што ў выніку помсты з боку польскай Арміі Краёвай загінулі каля 10 тысяч украінцаў.

Сёньня ў Варшаве, у палявой катэдры Войска Польскага ксёндз палкоўнік Януары Вантроба правёў набажэнства ў памяць пра ахвяр трагічных падзей на Валыні. У імшы прымалі ўдзел сьведкі пагромаў, іх сем’і, прадстаўнікі ўлад. У сваёй казані айцец Вантроба гаварыў аб дараваньні злачынцам іх учынку.

А. Януары Вантроба: Ці не прыйшоў ужо час, каб мы пасьля столькіх год змаганьня за праўду і клопату пра захаваньне памяці аб ахвярах перайшлі да другога этапу рэалізацыі хрысьціянскай любві да блізкага — любві да непрыяцеляў, не тэарэтычных, але канкрэтных, тых, якія выціснулі сьлёзы з вашых вачэй, забралі бацькоў, сваякоў, маладосьць, матэрыяльныя каштоўнасьці, асудзілі на паняверку і траўму на ўсё жыцьцё?

На сёньняшні дзень аднак ушанавана памяць яшчэ ня ўсіх ахвяр генацыду.

Леан Попак, супрацоўнік аддзела па пошуку і ідэнтыфікацыі Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы: З 60 тысяч забітых на Валыні палякаў эксгумавана і годна пахавана на могілках каля 800 чалавек. 99% астанкаў ахвяр яшчэ трэба знайсьці.

Выяўленьне і перапахаваньне ахвяр г. зв. Валынскай разьні цяпер часова прыпынена паводле рашэньня ўкраінскага Інстытута нацыянальнай памяці. Гэта адбылося пасьля дэмантажу ў красавіку 2017 года помніка салдатам Украінскай паўстанцкай арміі ў польскай вёсцы Грушавіцы, што на граніцы з Украінай.

8 ліпеня прэзыдэнт Польшчы Анджай Дуда наведаў Украіну — тэрыторыю Валыні, дзе адбываліся трагічныя падзеі 1943 года. У катэдральным касьцёле ў Луцку ён прыняў удзел у набажэнстве за ахвяр генацыду. Потым наведаў Алыку, дзе кампактна пражывалі палякі (горад зьяўляўся адной з галоўных рэзыдэнцый Радзівілаў, там захаваўся іх замак). Таксама Анджай Дуда зьвярнуўся да ўкраінскіх улад, каб яны дазволілі правядзеньне далейшых дасьледаваньняў па апазнаньні ўсіх ахвяр злачынстваў ваеннага часу.

Анджай Дуда, прэзыдэнт Польшчы: Я хацеў бы, каб былі вернуты імёны кожнага паляка, які быў забіты. Каб яны былі належным чынам ушанаваны ў тым месцы, дзе пахаваны. Каб сюды магла прыехаць сям’я, ускласьці кветкі, магла памаліцца, запаліць сьвечку.

Прэзыдэнт Польшчы зьвярнуўся да ўлад Украіны, каб яны дазволілі Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы прадоўжыць работу па ідэнтыфікацыі ахвяр г. зв. Валынскай разьні.

Анджай Дуда: Мы павінны ў нашым адносінах абапірацца на праўдзе. Няма гаворкі ні пра якую помсту. Мы гаворым пра боль. Гэты боль будзе заставацца. Але я веру ў тое, што час, які лечыць раны, загоіць таксама і гэтыя страшныя раны, якія засталіся ў сэрцах і з аднаго, і з другога боку. Я хацеў бы адзначыць, што мы павінны будаваць нашы добрыя адносіны на гістарычнай праўдзе.

Сёньня жалобныя мерапрыемствы ў памяць пра ахвяр генацыду на Валыні праходзяць па ўсёй Польшчы.

IAR/вк

Слухайце, калі ласка, далучаны файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт