Эрдаган становіцца на шлях Лукашэнкі
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
10.07.2018 15:55
Сёлета беларускі кіраўнік адзначае свой 24 год каля ўлады, дзе ён умацаваўся разгонам парлямэнту, рэфэрэндумамі ды выбарчымі маніпуляцыямі.
Foto: TURKISH PRESIDENT PRESS OFFICE/PAP/EPA.
У недалёкай Турэччыне да нядаўна існаваў падзел улады ды сыстэма стрымліваньня ад дыктатараў. Аднак пасьля 11 год кіраваньня краінай у якасьці прэм’ер-міністра Рэджэпу Эрдагану захацелася стаць прэзыдэнтам і зьмяніць канстытуцыю. Цяпер ён мае ў гэтай краіне неабмежаваныя паўнамоцтвы. Ці ўдасца яму паўтарыць вынік беларускага калегі?
У панядзелак 09 ліпеня Турэччына атрымала першага прэзыдэнта, які сканцэнтраваў у сваіх руках паўнамоцтвы кіраўніка краіны ды ўраду, а таксама галоўнакамандуючага. У краіне яго ўжо назвалі найбольш магутным кіраўніком з часоў Ататюрка. Былы прэм’ер змог зьмяніць канстытуцыю Турэччыны, перафарматаваць рэжым з парлямэнцкай рэспублікі на прэзыдэнцкую з вельмі шырокімі паўнамоцтвамі прэзыдэнта. Больш падрабязна са Стамбула перадае карэспандэнт Польскага Радыё Войцех Цэгельскі.
Войцех Цэгельскі: Два тыдні таму Рэджэп Эрдаган перамог на прэзыдэнцкіх выбарах, атрымаўшы 52% галасоў. Цяпер ён узначаліў краіну, будзе прызначаць ды звальняць міністраў і чыноўнікаў, кіраваць пры дапамозе дэкрэтаў. Таксама ў Турэччыне зьнікла пасада прэм’ер-міністра. Апазыцыя заяўляе, што новая сыстэма – гэта аўтарытарны рэжым, бо ўлада сканцэнтраваная ў руках аднаго чалавека. Вось ужо другі год пасьля няўдалага перавароту, Эрдаган умацоўвае сваю ўладу ды помсьціць сапернікам. За гэты час па палітычных матывах працу згубілі больш за 300 тысяч чалавек, сярод іх журналісты, чыноўнікі, вайскоўцы, паліцыянты, лекары ды настаўнікі. Сваё кіраваньне Эрдаган хоча пачаць з адмены надзвычайнага становішча, якое было асноўнай прычынай пагаршэньня эканамічнай сытуацыі ў гэтай краіне.
Канстытуцыйныя рэформы Эрдагана прывялі ня толькі да эканамічнага спаду, але й да пагаршэньня адносін Анкары з краінамі Захаду. На інагурацыі турацкага кіраўніка прысутнічаў толькі адзін лідар эўрапейскай краіны – прэзыдэнта Баўгарыі. Таксама ўнутры краіны Эрдаган на шляху да свайго звышпрэзыдэнцтва пасварыўся з большасьцю сваіх паплечнікаў. Цяпер ён у хаўрусе з папулістамі ды радыкальнымі нацыяналістамі. Далейшае яго ўтрыманьне пры ўладзе не будзе лёгкім, кажа палітоляг усходазнаўца Сяргей Богдан.
Сяргей Богдан: Эрдаган усталяваў свой рэжым сілай яшчэ два гады таму, калі падавіў пераварот. Цяпер ён толькі фармалізаваў свае паўнамоцтвы. Аднак я не быў бы такі пэўны адносна яго стабільнасьці. Ён у палітыцы яшчэ доўга застанецца, але вось ягоная ўлада ня будзе стабільнай. Справа ў тым, што ён страціў большасьць сваіх хаўрусьнікаў. Гэтым разам на парлямэнцкіх выбарах ён быў вымушаны ўступіць у кааліцыю з крайне правай папулісцкай ды ультранацыяналістычнай партыяй «Нацыянальнага дзеяньня» палкоўніка Тюркеша. Гэта сьведчаньне таго, што ўсё не так добра, як бы хацелася Эрдагану.
Турэччына пры новым прэзыдэнце з неабмежаванай уладай не паўторыць лёс Беларусі ды Расеі. Эрдагану ў адрозьненьні ад Лукашэнкі ў Беларусі ці Пуціна у Расеі ня будзе так проста замацаваць сваю ўладу, і пераўтварыць краіну ў асабістую дыктатуру.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч