Logo Polskiego Radia
Print

Эўрапарлямэнт блякуе «цэнзуру Інтэрнэту»

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 05.07.2018 16:15
  • Эўрапарлямэнт блякуе.mp3
Апошнія тыдні ў Сеціве ідзе бурная дыскусія пра новую дырэктыву ЭЗ.
Foto: PATRICK SEEGER Dostawca: PAP/EPA.

Распрацаваны Эўракамісіяй закон тычыцца аўтарскіх правоў на лічбавым рынку. Дадзены дакумэнт атрымаў вострыя ацэнкі інтэрнаўтаў. «Другі ACTA», «цэнзура Інтэрнэту», «забарона мэмаў» - такія гучалі камэнтары.

Сымбалем гэтай крытыкі стала акцыя сэрвісу Вікіпэдыя. У рамках пратэсту супраць новай дырэктывы ў сераду партал заблякаваў на 24 гадзіны доступ да сваіх артыкулаў у шэрагу краін, сярод якіх былі Польшча, Латвія, Італія, Гішпанія. Пры ўваходзе на старонку зьяўляўся допіс: «Меркаваньне вікіпэдыстаў наконт дырэктывы аб аўтарскіх правах». Далей можна было прачытаць, што «зьмест дырэктывы не актуалізуе аўтарскае права ў Эўропе, не папулярызуе ўдзелу ў грамадзянскай супольнасьці, а пагражае свабодзе онлайн ды стварае бар’еры ў доступе да Сеціва, уводзячы новыя абмежаваньні, фільтры ды забароны».

Зусім інакш новае заканадаўства тлумачаць палітыкі. Дэпутаты Эўрапарлямэнта заявілі, што дырэктыва скіраваная супраць растучай колькасьці парушэньняў інтэлектуальнай уласнасьці ў Сеціве, супраць пірацтва, каб аўтары атрымоўвалі годную аплату за сваю творчасьць. У якасьці абгрунтаваньня прыводзіліся лічбы, што ў адной толькі Польшчы 12 мільёнаў чалавек карыстаюцца пірацкімі крыніцамі ў Сеціве.

Зьмены ў заканадаўства аб аўтарскім праве ў Эўропе патрэбныя, але яны павінны быць больш збалянсаваныя й павінны браць пад увагу правы ўсіх карыстальнікаў інтэлектуальнай уласнасьці, кажа Наталья Мілешчык з Фонду «Лічбавы Цэнтар».

Наталья Мілешчык: Дырэктыва «Аб аўтарскіх правах на лічбавым рынку», якая цяпер разглядаецца ў Эўразьвязе, вельмі патрэбны заканадаўчы акт. Цяперашняе аўтарскае права ЭЗ моцна састарэлае. Аднак падчас падрыхтоўкі закону ўзялі пад увагу толькі інтарэсы двух з усіх зацікаўленых бакоў – аўтараў ды выдаўцоў, у тым ліку пасярэднікаў - інтэрнэт-плятформы. Затое зусім недачутым застаўся голас карыстальнікаў, кожнага з нас, які штодня карыстаецца Інтэрнэтам. У новых правілах адсутнічаюць любыя палёгкі для юзэраў. Найбольш яскрава гэта бачна ў артыкуле 13, які тычыцца разьлікаў паміж аўтарамі ды пасярэднікамі. Артыкул увёў абавязак маніторынгу плятформамі таго, што выкладаюць у Сеціве карыстальнікі. Ці гэта не парушае аўтарскія правы? Для многіх – гэта празьмерны кантроль над кантэнтам. Адмысловы дакладнік ААН па справах свабоды слова нават назваў гэта папераджальнай цэнзурай па прычыне таго, што праверка адбываецца аўтаматычна, а існуючыя альгарытмы недасканалыя і не ў стане праверыць, што парушае аўтарскае права, а што не.

Адсюль і праблема з мэмамі, недасканаласьці аўтаматычных сыстэм можа прывесьці да таго, што мэмы будуць блякавацца.

Наталья Мілешчык: Мэмы зьяўляюцца на аснове нейкага твору, гэта пародыя. Тут і ёсьць праблема. Напрыклад, у польскім заканадаўстве дазваляецца выкарыстоўваць творчасьць кагосьці для пародыі, але аўтаматычныя альгарытмы гэтага не адрозьніваюць і новыя правілы больш бы блякавалі мэмы.

Пазыцыю экспэртаў ды інтэрнаўтаў падтрымаў сёньня Эўрапарлямэнт. Дэпутаты прагаласавалі супраць меркаваньня парлямэнцкай камісіі па справах рэформы аўтарскага права. Больш падрабязна распавядае карэспандэнт Польскага радыё Караль Суруўка.

Караль Суруўка: Супраць дырэктывы пратэставалі навукоўцы, інфарматыкі, інтэрнэт парталы ды карыстальнікі. Напрыклад, Вікіпэдыя заблякавала доступ да сваіх артыкулаў. Эўрапейская дырэктыва аб аўтарскіх правах мела за мэту абмежаваць пірацтва, абавязвала сэрвісы як Youtube ці Facebook маніторыць кантэнт на прадмет парушэньня аўтарскіх правоў. Людзі вырашылі, што гэта стварыла бы поле для злоўжываньняў. У шматлікіх эўрапейскіх гарадах адбыліся пратэсты. Галасаваньне супраць дырэктывы ў парлямэнце азначае, што ў верасьні ў Эўрапарлямэнце ўзновіцца дыскусія на гэтую тэму.

Сёньняшняе галасаваньне азначае, што яшчэ ёсьць час на тое, каб былі пачутыя меркаваньні ня толькі пасярэднікаў у абароце інтэлектуальнай уласнасьцю, але і карыстальнікаў, кажуць экспэрты.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт