Logo Polskiego Radia
Print

Беларуская АЭС пасьпяхова прайшла стрэс-тэсты

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 04.07.2018 15:37
БелАЭС устойлівая да землятрусаў, аднак сумневы выклікае абарона будынкаў АЭС ад паводак.
Беларуская АЭС падчас будаўніцтва, восень 2017 году Беларуская АЭС падчас будаўніцтва, восень 2017 году Włodzimierz Pac/Polskie Radio

Замежныя экспэрты пазытыўна ацанілі стрэс-тэсты, праведзеныя на беларускай АЭС у Астраўцы. Ацэнку падрыхтавалі экспэрты краін ЭЗ, а таксама Ірану й Расеі.

Нягледзячы на засьцярогі летувісаў, аўтары дакумэнту сьцьвердзілі, што БелАЭС устойлівая да землятрусаў, аднак сумневы выклікае абарона будынкаў АЭС ад паводак. Спэцыялісты зазначылі таксама, што мясцовае насельніцтва ў недастатковай ступені было ўключанае ў працэс кансультацыі.

У дакумэнце гаворыцца таксама, што не былі ўзятыя пад увагу іншыя заўвагі Вільні, між іншым, пытаньне разьмяшчэньня АЭС на беразе Віліі, якая зьўяляецца крыніцай пітной вады для сталіцы Летувы.

Летувісы з самага пачатку пратэстуюць супраць астравецкай АЭС і нават на заканадаўчым узроўні вырашылі, што краіна ня будзе купляць беларускую электраэнэргію. Больш за тое, яны не дазволяць яе транзыт праз сваю тэрыторыю.

Польшча таксама заяўляе, што не плянуе купляць электраэнэргію зь беларускай АЭС. А вось латышы па гэтаму пытаньню не выказваюцца настолькі адмоўна й адназначна.

Беларусь зьбіраецца прадаваць значную частку астравецкай электраэнэргіі. Аднак гэтыя пляны вельмі сумнеўныя. Расеі беларускі ток не патрэбны, Летува й Польшча яго ня хочуць. Дарэчы, Вільня лічыць, што Беларусь спыніць будаўніцтва АЭС, паколькі гэтая інвэстыцыя эканамічна нявыгадная.

Пакуль што на адзін год адтэрмінаваны запуск аднаго з двух блёкаў БелАЭС, пра што папрасіў расейскі Росатам.

Dziennik Gazeta Prawna/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт