Logo Polskiego Radia
Print

ЭК не падабаецца новы закон аб Вярхоўным судзе ў Польшчы

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 03.07.2018 14:54
  • ЭК не падабаецца новы закон аб Вярхоўным судзе.mp3
Эўрапейская камісія распачала разьбіральніцтва супраць Польшчы.
Bild: Pixabay/Jai79/CC0 License

Паводле ЭК, новы закон аб Вярхоўным судзе парушае заканадаўства ЭЗ. Гэта пакуль першы этап разгляду, які можа завершыцца пазовам у Суд Эўрапейскага Зьвязу ў Люксэмбургу.

У першую чарговасьць, Камісія аспрэчыла новыя правілы, паводле якіх судзьдзі Вярхоўнага суду сыходзяць у адстаўку паводле прынцыпу ўзросту, гэта значыць, калі ім споўніцца 65 гадоў. Такім чынам 4 ліпеня з пасады павінна сысьці 40 працэнтаў судзьдзяў ВС – 27 сярод 73 чалавек, у тым ліку і Старшыня Вярхоўнага суду Малгажата Герсдорф (Małgorzata Gersdorf). 16 чалавек жадае застацца на пасадзе. Дзевяцёра зь іх спасылаюцца на правілы новага закону аб ВС, астатнія сямёра – на Канстытуцыю Рэспублікі Польшча, якая гарантуе непарыўны тэрмін паўнамоцтваў.

У адпаведнасьці з законам, ёсьць магчымасьць працягнуць працу судзьдзі пасьля 65 гадоў. Рашэньне па гэтай справе прымае прэзыдэнт Польшчы. Судзьдзя абавязаныя далучыць да заявы псыхалягічную і мэдыцынскую дакумэнтацыю. Старшыня ВС Малгажата Герсдорф не зьвярнулася да прэзыдэнта з заявай аб жаданьні заставацца на пасадзе. Судзьдзя лічыць, што паводле Канстытуцыі яе тэрмін паўнамоцтваў заканчваецца ў 2020 годзе.

І вось, гэтая сытуацыя з адстаўкай судзьдзяў Вярхоўнага суду паводле прынцыпу ўзросту стала асновай разьбіральніцтва Эўрапейскай камісіі супраць Польшчы. На думку Камісіі, новы закон нясе пагрозы незалежнасьці суда ў Польшчы, і ня толькі ў Польшчы. Перадае карэспандэнтка Польскага радыё ў Брусэлі Бэата Пламэцка.

Б.Пламэцка: У Польшчы адзін месяц на адказ, замест двух, як заўсёды бывала ў падобных выпадках. Калі Польшча ня дасьць адказу, або тлумачэньне будзе не задавальняючым, ЭК накіруе другое папярэджаньне. Калі й гэта ня дасьць вырашэньня спрэчкі, камісія падасьць справу ў суд Эўрапейскага Зьвязу ў Люксэмбургу. Камісія доўгі час адтэрміноўвала рашэньне, хаця заўвагі да закону аб Вярхоўным судзе ў Польшчы гучалі ўжо ў мінулым годзе. Справа зацягвалася, таму што не было адзінадумства паміж старшынёй ЭК і яго намесьнікам. Сумневы выказвалі таксама юрысты. Многія лічылі, што аргумэнты камісіі немагчыма будзе абараніць перад судом ЭЗ у Люксэмбургу, і яна прайграе гэтую справу. Яны тлумачылі, што паколькі ў законах ЭЗ ня зьмешчаныя правілы аб Вярхоўным судзе, то нельга пачынаць разьбіральніцтва аб парушэньні законаў ЭЗ. У сваю чаргу намесьнік старшыні ЭК Франс Цімэрманс лічыць, што палітызаваньне Вярхоўнага суду ў Польшчы ўплывае на судовую сыстэму ў цэлым ЭЗ, і таму разьбіральніцтва абгрунтаванае.

Намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Шыман Шынкоўскі заяўляе, што Эўрапейская камісія зразумела, што ня здолее сабраць неабходнай бальшыні для разьбіральніцтва паводле артыкулу 7 (парушэньне прыцыпу вяршэнства закону) і таму вырашыла запусьціць іншую працэдуру. Намесьнік кіраўніка МЗС сказаў журналістам, што гэта ня ёсьць нешта незвычайнае, таму што кожны год ЭК вядзе каля тысячы падобных разьбіральніцтваў.

Ш. Шынкоўскі: За 2016 год ЭК узбудзіла больш падобных працэдур супраць Нямеччыны і Францыі, чым супраць Польшчы. Мы гатовыя адказваць на ўсе пытаньні камісіі. Адзінае, што выклікае ў нас сумневы, гэта пытаньне, ці ў сытуацыі, калі адкрылі працэдуру паводле 7 артыкулу і яна не завяршылася з-за адсутнасьці дастатковай колькасьці галасоў чальцоў Рады ЭЗ, ці можна пачынаць новае разьбіральніцтва, што і зрабіла Эўрапейская камісія.

Старшыня апазыцыйнай у польскім Сэйме Польскай сялянская партыі Ўладыслаў Касіняк-Камыш (Władysław Kosiniak-Kamysz) мяркуе, што адтэрміноўка адстаўкі старшыні Вярхоўнага суду Малгажаты Герсдорф была б праявай добрай волі Польшчы ў адносінах Брусэля.

У. Касіняк-Камыш: Я лічу, што гэта быў бы вельмі добры знак для Эўрапейскай камісіі, таксама гэта дапамагло б у перамовах пра бюджэт на палітыку раўнавагі ці агульнай сельскай палітыкі. Я лічу, што калі б прэзыдэнт паказаў, што ён не намерваецца скарачаць тэрмін старшыні ВС, гэта быў бы вельмі добры крок.

А тымчасам Анджэй Дэра з Канцылярыі Прэзыдэнта паведаміў, што Анджэй Дуда ня будзе прымаць рашэньне па тэрміну Малгажаты Герсдорф.

А.Дэра: Старшыня Вярхоўнага суду спадарыня Герсдорф выходзіць у адстаўку паводле артыкулу 111 закону аб Вярхоўным судзе. Прэзыдэнт ня мусіць выдаваць ніякіх пастановаў.

Анджэй Дэра зазначыў, што пастановы будуць выдавацца ў выпадку тых судзьдзяў Вярхоўнага суду, якія дасягнулі пэнсійны ўзрост і зьвярнуліся з заявай аб падаўжэньні магчымасьці працы.

Старшыня Вярхоўнага суду Малгажата Герсдорф публічна заявіла, што яна не зьвярталася да прэзыдэнта з заявай падоўжыць ёй тэрмін, таму што вярхоўны закон дае ёй 6-гадовы тэрмін. Герсдорф сказала, што яна прызнае вяршэнства Канстытуцыі і ня будзе зьвяртацца па гэтай справе да «выканаўчай улады».

Эўрапейская камісія распачала разьбіральніцтва супраць Польшчы за закон аб Вярхоўным судзе. Паводле ЭК гэты закон парушае заканадаўства ЭЗ.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт