Logo Polskiego Radia
Print

NATO павінна захаваць сваю ролю ў якасьці гаранта бясьпекі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 22.06.2018 15:29
  • Польшча - Вялікабрытанія.mp3
У Польшчы сустрэліся міністры замежных спраў і абароны Польшчы і Вялікабрытаніі.
зь левага боку: Г.Уільямсан, Б.Джонсан, Я.Чапутовіч, М.Блашчакзь левага боку: Г.Уільямсан, Б.Джонсан, Я.Чапутовіч, М.БлашчакPAP/Jacek Turczyk

Двухбаковыя адносіны, міжнародныя дачыненьні і сыстэмы бясьпекі, а таксама супрацоўніцтва ў рамках NATO – такія тэмы абмяркоўваліся падчас сустрэчы міністраў нацыянальнай абароны і замежных спраў Польшчы і Вялікабрытаніі

Сустрэча міністраў замежных спраў Польшчы і Вялікабрытаніі Яцэка Чапутовіча (Jacek Czaputowicz), Барыса Джонсана (Boris Johnson), а таксама міністраў нацыянальнай абароны Марыюша Блашчака (Mariusz Błaszczak) і Гэвіна Уільямсана (Gavin Williamson) у фармаце так званай квадрыгі прайшла пад Варшавай. Абмяркоўвалася між іншым роля паўночнаатлянтычнага саюзу, яго дзейнасьць у якасьці гаранта бясьпекі і стабільнасьці на ўсходніх рубяжах NATO. Меркаваньнем Яцэка Чапутовіча, усе бакі высока цэняць гэтую ролю.

Я. Чапутовіч: Мы лічым, што неабходна ўзмацніць здольнасьць NATO бараніць сваіх чальцоў і адпужваць ворагаў. Гэта асабліва важна ў нашай частцы Эўропы. Бакі перамоваў згадзіліся таксама, што неабходна ўзмацняць па меры магчымасьці сувязі паміж Эўропай і Паўночнай Амэрыкай. Гэта было важнай часткай нашай дыскусіі. Адносіны са Злучанымі Штатамі Амэрыкі адыгрываюць важнейшую ролю, калі гаворка ідзе пра гарантыі бясьпекі.

Польскі міністар замежных спраў адзначыў, што як Польшча, так і Вялікабрытанія выконваюць узятыя на сябе абавязацельствы, датычныя выдаткаў на абароназдольнасьць – больш за 2% ВУП. Тэмай перамоваў была таксама сустрэча кіраўнікоў ЗША і КНДР. Яцэк Чапутовіч згадаў тэму хімічнага ўзбраеньня, абедзьве краіны выказваюцца за забарону выкарыстаньня такой зброі. Палітык нагадаў, што восеньню плянуецца правесьці польска-брытанскія міжведамасныя перамовы.

У сваю чаргу міністар замежных спраў Вялікабрытаніі Барыс Джонсан зьвярнуў увагу на добрае супрацоўніцтва з Польшчай у рамках NATO.

Б. Джонсан: Я вельмі ганаруся тым, што брытанскія жаўнеры знаходзяцца ў Польшчы, што яны дапамагаюць ахоўваць усходнія межы NATO.

Міністар Джонсан згадваў таксама польска-брытанскае гандлёвае супрацоўніцтва, казаў, што эканамічны тавараабарот паміж краінамі пашыраецца, ён таксама павіншаваў польскі ўрад за праект будаўніцтва Цэнтральнага аэрапорту, які плянуецца збудаваць у Польшчы.

Міністар нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак падзякаваў ад імя польскай дзяржавы за тое, што брытанскія вайсковыя адзінкі разьмешчаныя ў Польшчы. І прыгадаў, што абодва бакі вядуць перамовы па пытаньні супрацоўніцтва ў галіне вытворчасьці ўзбраеньня.

М. Блашчак: Мы вядзем перамовы на гэтую тэму, між іншым датычныя праграмы «Нараў». Праграма прадугледжвае выкарыстаньне галоўным чынам польскага ўзбраеньня, але мы спадзяемся, што яна будзе ўзмоцненая дзякуючы супрацоўніцтву з брытанскім бокам. Гаворка ідзе пра зэнітныя батарэі ракетных сыстэм малога радыюсу дзейнасьці. Мы закраналі таксама тэматыку нашых плянаў, датычных сумесных ваенных манэўраў.

Па словах кіраўніка мінабароны Вялікабрытаніі Гэвіна Уільямсана, абодва бакі хацелі б часьцей ладзіць сумесныя ваенныя вучэньні. Уільямсан зьвярнуў увагу на тое, што ў Вялікабрытаніі пражывае каля мільёна асобаў польскага паходжаньня, таму неабходна разьвіваць як мага больш блізкія адносіны паміж дзяржавамі – культурныя, эканамічныя, а таксама ў галіне бясьпекі.

Тэму адносінаў паміж рознымі краінамі-сябрамі NATO закранаў таксама надоечы кіраўнік паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг (Jens Stoltenberg), які пабываў з візытам у Лёндане. Генэральны сакратар NATO заклікаў да адзінства саюзу. Ён нагадае, што апошнім часам паміж чальцамі NATO былі напружаныя адносіны, паколькі яны мелі розныя пункты гледжаньня на некаторыя справы. Тым ня менш, спадзяецца кіраўнік пакту, гэтыя праблемы не павінны пагражаць адзінству NATO.

Е. Столтэнбэрг: Сапраўды, мы бачым розьніцы ў пазыцыі ЗША ды іншых сябраў NATO па такіх пытаньнях, як гандаль, кліматычныя зьмены або дамоўленасьць з Іранам на тэму атамнай праграмы. Ёсьць таксама розьніцы ў падыходзе да праблем з боку розных эўрапейскіх краін. Гаворка ідзе пра будучыню Эўрапейскага Зьвязу, каштоўнасьці і папулізм. Гэтыя розьніцы ў пазыцыях вельмі рэальныя. Ніхто не даваў гарантыі, што моцныя сувязі паміж Эўропай ды Амэрыкай дадзеныя раз на заўсёды, але я веру, што ўдасца іх захаваць.

Падчас свайго прабываньня ў Лёндане кіраўнік NATO адзначыў, што адзінства і салідарнасьць неабходна захаваць хаця б дзеля таго, каб супрацьстаяць пагрозе з боку Расеі. Ён згадаў пра спробу забойства Сяргея Скрыпаля і нападзеньне на Ўкраіну.

ІАР ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт