Logo Polskiego Radia
Print

Ва ўнівэрсытэтах рыхтуецца люстрацыя

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 22.06.2018 15:19
Былых агентаў дзяржбясьпекі пазбавяць пасад.
Варшаўскі ўнівэрсытэтВаршаўскі ўнівэрсытэтФота: Віктар Корбут/radyjo.net

Неўзабаве адбудзецца звальненьне многіх супрацоўнікаў навуковых устаноў Польшчы, якія ў часы ПНР супрацоўнічалі са службай бясьпекі камуністычнай дзяржавы.

Такія асобы ня змогуць займаць пасад рэктараў, дэканаў, кіраўнікоў катэдр. Таксама ніводзін вучоны з “ганебным” мінулым ня зможа атрымаць званьне прафэсара — як звычайнага, так і бэльвэдэрскага.

Новыя правілы могуць пачаць дзейнічаць ужо пасьля летніх канікул. Ініцыятарам новаўвядзеньня зьяўляецца віцэ-прэм’ер Ярослаў Говін.

У выніку рэалізацыі праекта ад улады ў навуковых і навучальных установах будзе адсунуты рад асоб.

У Польшчы яшчэ з 2006 года дзейнічае закон аб люстрацыі, паводле якога кожны чалавек, які займае пасаду ў вышэйшай школе, павінен падаць заяву аб адносінах з органамі бясьпекі ПНР. Аднак калі чалавек супрацоўнічаў зь дзяржбясьпекай, то гэта не пазбаўляла яго пасады. Толькі калі асоба схавала тыя або іншыя зьвесткі са сваёй біяграфіі, тады яе адхілялі ад кіруючага становішча. Таксама інфармацыя пра супрацоўнцтва зь дзяржбясьпекай ПНР не абвяшчалася публічна, а толькі трапляла ў базу даных Інстытута нацыянальнай памяці.

Паводле даных ІНП, усяго 136 асоб у сыстэме вышэйшай асьветы і навукі Польшчы прызналіся ў тым, што супрацоўнічалі з органамі дзяржбясьпекі ў камуністычную эпоху.

Цяперашняя люстрацыя ахопіць асоб, якія нарадзіліся пасьля 1 жніўня 1972 года. Працэс будзе праходзіць спакойна, бяз розгаласу. Тыя, хто акажацца былым агентам спэцслужб, будзе знаходзіцца на сваёй цяперашняй пасадзе да заканчэньня працоўнага дагавора.

Rzeczpospolita/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт