Logo Polskiego Radia
Print

Варшава дамагаецца ад ЭЗ спыніць будову Nordstream-2

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 19.06.2018 15:55
  • Варшава дамагаецца.mp3
Польшча змагла збудаваць у ЭЗ кааліцыю з 10 краін у сваю падтрымку.
wikipedia.org/Samuel Bailey

З падобнымі заклікамі, як Варшава, выступае Кіеў. Новы расейскі газаправод павялічыць залежнасьць Эўропы ад Газпрому.

Nordstream або «Паўночная плынь» так называецца расейскі праект па будаўніцтве газаправоду з Расеі ў Нямеччыну па дне Балтыйскага мора. У 2011-м годзе Расея запусьціла першы такі газаправод. У 2019-м Крэмль хацеў бы запусьціць другое адгалінаваньне «Nordstream-2». Супраць гэтага выступілі краіны Балтыі, Данія ды Польшча. Варшава рэгулярна цісьне на Брусэль ды Бэрлін, каб яны спынілі падтрымку дадзенай ініцыятывы.

Апошнім часам польскія дыпляматы дамагаюцца ад ЭЗ унесьці папраўкі ў заканадаўства (так званую «газавую дырэктыву»), каб усе газаправоды, у тым ліку марскія, падпадалі пад эўрапейскае заканадаўства, пад Трэцюю энэргетычную хартыю. Распавядае віцэ-міністар энэргетыкі Польшчы Міхал Куртыка.

Міхал Куртыка: Гэта цяжкая праца нашых дыпляматаў, якой мы займаемся доўгія месяцы, каб паўстала сытуацыя, калі ў Эўропе пачнецца шырэйшая дыскусія пра праект Nordstream-2, каб не ішла размова толькі паміж карыстальнікамі ды пастаўцом газу. За намі 8 месяцаў цяжкай працы. Я задаволены вынікамі, бо ёсьць вялікая стабільная кааліцыя дзяржаў, якія падтрымліваюць польскую пазыцыю. Пакуль не дасягнутая галоўная мэта. Мы хацелі б, каб дыскусія пра газавую дырэктыву перайшла з тэхнічнага ўзроўню на палітычны. На нашу думку, час настаў. Па-першае вырашаныя тэхнічныя праблемы, якімі можна было займацца на ўзроўні экспэртаў. Па-другое, у Эўропе многім становіцца зразумела, што трубаправод – гэта палітычны праект. У гэтым посьпех Польшчы.

У выніку Баўгарыя пагадзілася з польскімі аргумэнтамі ды перанесла пытаньне Nordstream-у на палітычны разгляд. Больш падрабязна з Брусэля перадае карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка.

Бэата Пламэцка: Эўрапейская Камісія прапануе ўнесьці зьмены ў дырэктыву ў лістападзе мінулага года. Баўгарыя, якая са студзеня кіруе працамі ЭЗ, зладзіла ў гэтай справе толькі сустрэчу экспэртаў. Не хацела вынесьці дадзенае пытаньне на палітычны ўзровень: эўрапейскіх амбасадараў ды міністраў. Польшча хоча гэта зьмяніць і патрабуе прысьпешыць працы. Гэты заклік Варшавы падтрымалі на мінулым тыдні 10 краін. Пазьней Баўгарыя паведаміла, што зладзіць палітычную нараду на гэтую тэму, што азначае значны прагрэс. Аднак далейшы лёс працаў будзе залежыць ад Аўстрыі. У будучым месяцы Вена пачынае паўгадавое старшынства ў ЭЗ. Гэтая краіна была супраць польскай прапановы.

Апроч Аўстрыі супраць польскіх прапаноў выступаюць Нямеччына, Бэльгія ды Галяндыя. Калі краіны ЭЗ змогуць выпрацаваць адзіную пазыцыю, пытаньне паправак зможа патрапіць на разгляд у Эўрапейскі парлямэнт. Ад перамоваў парлямэнта ды Эўракамісіі будзе залежыць канчатковы лёс паправак у газавую дырэктыву. Яны павінны быць прынятыя да канца наступнага года, перад завяршэньне будаўніцтва газаправода.

Праціўнікі Nordstream-2 спадзяюцца на падтрымку Вашынгтона ў дадзенай справе. Тут да Польшчы хоча далучыцца Ўкраіна. Кіеў хоча лабіяваць гэтае пытаньне ў ЗША, а таксама сфармаваць у ЭЗ групу, якая спыніць будаўніцтва Nordstream-2. Пра гэта паведаміў украінскі прэзыдэнт Пётр Парашэнка.

Пётр Парашэнка: Я лічу, што Nordstream -2 на ўкраінскую эканоміку моцна не паўплывае. Яго ня будзе. Я перакананы, што супольнымі высілкамі мы зможам яго спыніць. Гэта абсалютна палытыканцкі праект, які скіраваны супраць Украіны ды ня мае ніякай эканамічнай мэтазгоднасьці. Гэта спроба пазбавіць Украіны 3 мільярдаў даляраў. Каб вы зразумелі маштаб – 3 мільярды – гэта сума якую сёньня мы выдаткоўваем на абарону ўсёй Ўкраіны. Таму тут няма ніякай дывэрсыфікацыі, гэта робіцца, каб Украіну пакінуць без сродкаў на абарону.

Польшча прысьпешвае працы над папраўкамі ў заканадаўства ЭЗ, каб спыніць будаўніцтва расейскага газаправоду Nordstream-2. Групу ў падтрымку гэтаму хоча сфармаваць у ЭЗ Украіна.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт