14 чэрвеня ў Маскве зборныя Расеі ды Саудаўскай Аравіі згулялі першы матч чэмпіянату сьвету па футболе. У гэты ж дзень сэпаратысты на Данбасе ўзнавілі баявыя дзеяньні на ўсходзе Ўкраіны. Сытуацыя ў раёне нападаў склалася вельмі складаная, паведаміла прэсавая служба Аб’яднаных сілаў.
Пакуль адны назіралі за футболам ды радаваліся пачатаму чэмпіянату, іншыя былі вымушаныя сыходзіць з-пад абстрэлаў ды змагацца з ворагам. На Ўсходзе Ўкраіны чарговае абвастрэньня канфлікту з пра-расейскімі сэпаратыстамі. Прэсавая служба ўкраінскіх Аб’яднаных сілаў паведаміла, што расейскія найміты за ўчорашні дзень дзясяткі разоў абстралялі ўкраінскія пазыцыі, з выкарыстаньне цяжкой артылерыі, уздоўж усёй мяжы вяліся інтэнсіўныя баявыя дзеяньні. Пра гэта прэсе распавёў прадстаўнік прэсавага цэнту Аб’яднаных сілаў старэйшы лейтэнант Мікола Бандарчук.
Мікола Бандарчук: Праціўнік працягвае парушаць Менскія дамоўленасьці, намагаецца аслабіць абарону нашых атрадаў. Расейскія акупацыйныя войскі 33 парушылі рэжым спыненьня агню, у тым ліку 11 разоў выкарыстоўвалі цяжкое ўзбраеньне. На асобных напрамках вяліся інтэнсіўныя баявыя дзеяньні. Сытуацыя на мяжы сутыкненьня не зьмянілася. Найбольш напружаная сытуацыя ў раёне мястэчка Новаташкіўск. Тут праціўнік двойчы абстраляў украінскія пазыцыі з мінамётаў ды артылерыяй 122-га калібру. Праціўнік імкнецца выціснуць украінцаў з занятых пазыцый ды завалодаць цалкам Бахмуцкай трасай. Камандаваньне Аб’яднаных сілаў працягвае стасаваць адэкватныя захады, каб не дапусьціць праціўніка ўглыб ды падавіць ягоныя агнявыя кропкі.
Інтэнсыфікацыя баявых дзеяньняў на Ўсходзе Ўкраіны з пачаткам чэмпіянату невыпадковая, перакананы менскі палітоляг Андрэй Ляховіч. Гэта адзін з тыповым мэханізмаў дзеяньня Расеі – прыкрываць агрэсію за спартовымі падзеямі. Так было ў 2008, 2014 гадах, так адбываецца і цяпер.
Андрэй Ляховіч: Гэта ўкладаецца ў сыстэму дзеяньняў Расеі, якая выкарыстоўвае бандыцкія ўтварэньні ЛНР-ДНР дзеля стрымліваньня маршу Ўкраіны на Захад. Гэта заўсёды будзе такое выкарыстаньне раны, якая краваточыць. Пэрыядычна там будуць весьціся актыўныя дзеяньні. Аднак, я не думаю, што Расея пойдзе далей за сучасную мяжу ЛНР-ДНР.
За гэтымі падзеямі з непакоем сочаць у Польшчы. У Варшаве адбылося спэцыяльнае паседжаньне парлямэнту, прысьвечанае сытуацыі ва Ўкраіне. Таксама польскі Сэйм прыняў зварот да расейскіх уладаў. Дэпутаты патрабуюць ад Крамля вызваліць 64 украінскіх палітвязьняў, якія зьняволеныя ў Расеі. У дакумэнце зазначаецца, што гэты зварот мае падтрымку прадстаўнікоў дэмакратычнага сьвету. Гаворыць дэпутат польскага Сэйму Анджэй Галіцкі.
Анджэй Галіцкі: Сэйм Польскай рэспублікі зьвяртаецца да ўладаў Расейскай Фэдэрацыі з заклікам вызваліць усіх грамадзян Украіны, якія ўтрымліваюцца па палітычных прычынах у расейскіх турмах. Мы патрабуем вызваленьня ўкраінскага рэжысёра крымскага паходжаньня Алега Сянцова, асуджанага ў жніўні 2015-га года на 20 год турмы па артыкуле «Тэрарызм».
За зварот прагаласавала 410 дэпутатаў, 2 – супраць, 4 – устрымаліся. Алег Сянцоў трымае галадоўку, стан ягонага здароўя пагаршаецца. Крэмль пакуль ніяк не пракамэнтаваў ані дадзены зварот, ані сытуацыі на Ўсходзе Ўкраіны.
Юры Ліхтаровіч