Logo Polskiego Radia
Print

Чарговы зварот да ўладаў з просьбаю ўсталяваць шыльду ў гонар БНР

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 14.06.2018 15:28
  • шыльда.mp3
На доме, дзе была абвешчаная незалежнасьць БНР, да гэтае пары няма памятнай дошкі.
Выгляд новай памятнай шыльды. Тэкст быў зьменены з тарашкевіцы на афіцыйны правапісВыгляд новай памятнай шыльды. Тэкст быў зьменены з тарашкевіцы на афіцыйны правапісфота: Радыё Свабода/svaboda.org

Грамадзкі арганізацыйны камітэт па адзначэньні стагодзьдзя БНР зноў зьвяртаецца да менскіх гарадзкіх уладаў з просьбаю ўсталяваць памятную дошку на доме, дзе была абвешчаная незалежнасьць у 1918 годзе. Нягледзячы на папярэднюю дамоўленасьць, прагрэсу па справе ўсё яшчэ няма.

Важная гістарычная падзея для ўсіх сьвядомых беларусаў – 100-гадзьве абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, шырока адзначалася як у Беларусі, так і за мяжою ўжо некалькі месяцаў таму – 25 сакавіка. З гэтае нагоды аргкамітэт па адзначэньні гадавіны хацеў усталяваць памятную шыльду на доме па вуліцы Валадарскага, 9, у якім і была абвешчаная незалежнасьць сто гадоў таму. Яшчэ перад 25 сакавіка гэтага году ўдалося атрымаць згоду ад чыноўнікаў, што яны паспрыяюць разьмяшчэньні памятнай дошкі з адпаведнай інфармацыяй. Нагадаем, шыльда была вырабленая яшчэ 25 гадоў таму скульптарам Алесем Шатэрнікам, але чвэрць стагодзьдзя яна праляжала ў сядзібе Партыі БНФ, страціла добры выгляд, таму цяпер была зробленая новая, больш сучасная памятная дошка з бронзы па старым узоры. Гэта стала магчыма дзякуючы ахвяраваньням грамадзян.

Зварот у Менгарвыканкам з просьбаю хутчэй заняцца справай падпісалі старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, старшыня аргкамітэту акадэмік Радзім Гарэцкі, мастак Мікола Купава, сябра Сойму партыі БНФ Алесь Жучкоў, сьвятар Леанід Акаловіч, дэпутат ВС 12-га скліканьня Лявон Баршчэўскі.

Рыгор Кастусёў гаворыць, што яшчэ нейкі час чыноўнікі абяцалі выдаць згоду на ўсталяваньне дошкі на доме па вул. Валадарскага,9. Такія абяцаньні далі як у Менгарвыканкаме, так і Адміністрацыі прэзыдэнта.

Р. Кастусёў: Была неафіцыйная дамоўленасьць і ў Адміністрацыі прэзыдэнта, што яны паспрыяюць усталяваньню гэтай дошкі. Былі прынятыя меры, былі сабраныя сродкі, бо старая дошка па сёньняшніх стандартах ужо не зусім адпавядала нашым патрабаваньням. Таму былі тэрмінова сабраныя сродкі і адлітая новая бронзавая шыльда, якая гатовая да ўсталяваньня. Пасьля доўгі час была затрымка з пасяджэньнем Мастацкага савету, урэшце яно адбылося. Але рашэньня Менгарвыканкаму няма. На ўсе нашы запыты ён маўчыць. Адбылося пасяджэньне аргкамітэту адзначэньня 100-годзьдзя БНР, падпісаны чарговы зварот, чакаем адказу. Я са свайго боку раблю таксама іншыя захады, каб улады зьвярнулі на гэта ўвагу.

У звароце нацыянальны арганізацыйны камітэт па адзначэньні стагодзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі падкрэсьлівае высокі ўзровень мерапрыемстваў, якія адбыліся з нагоды юбілею ў сталіцы, але разам з тым выказвае занепакоенасьць замаруджваньнем справы з усталяваньнем раней узгодненай мэмарыяльнай шыльды. Грамадзкасьць просіць Менгарвыканкам разгледзіць хадайніцтва Беларускага Саюзу Мастакоў пра ўсталяваньне памятнай шыльды, па якім ужо выкананыя ўсе неабходныя ўзгадненьні, і прыняць адпаведнае рашэньне пра ўсталяваньне шыльды ў найхутчэйшы тэрмін.

Пэсымістам на гэты конт зьяўляецца мастак Аляксей Марачкін. На ягоную думку, чыноўнікі вырашылі падстрахавацца і пакуль справай не займацца, паколькі яны спужаліся словаў прэзыдэнта Лукашэнкі аб тым, што пакуль ён прэзыдэнт, у Беларусі ня будзе афіцыйнага сьвята, прысьвечанага Беларускай Народнай Рэспубліцы.

А. Марачкін: Цяжка чакаць пазытыўных рашэньняў. Улады пракукарэкалі раней, сказалі, што шыльда гатовая і будзе адкрыцьцё, aле ў мяне такое адчуваньне, што пасьля таго, як начальнік краіны заявіў, маўляў, пакуль ён прэзыдэнт, то сьвята БНР ня будзе, для чыноўнікаў гэта быў сыгнал, каб усё замарудзіць і затармазіць. Як будзе далей, невядома. Лепш не забегчы наперад, а падстрахавацца.

Мастацкая рада Менгарвыканкаму яшчэ ў красавіку зацьвердзіла выгляд дошкі. Аднак рашэньня пра ўсталяваньне мэмарыяльнай дошкі да гэтае пары няма. Аргкамітэт сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР зьвяртаецца да грамадзкасьці з просьбаю далучыцца да прэсінгу на чыноўнікаў, каб яны выдалі згоду і ўсталявалі шыльду. Звароты, між іншым да старшыні Менгарвыканкаму Андрэя Шторца, можна пісаць на сайце дзяржаўнай структуры.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт