Мундыяль пройдзе ў Расеі з 14 чэрвеня па 15 ліпеня 2018-га года.
Паводле прагнозаў, на чэмпіянат прыедуць ад 1,5 да 5 мільёнаў заўзятараў, яшчэ большай будзе ТВ-аўдыторыя. Аматары футбола ў розных краінах рыхтуюцца да таго, што будуць гарачыя эмоцыі ды сапраўднае сьвята. Папулярнасьць футбола тлумачыцца ягонай прастатой ды даступнасьцю для кожнага. Футбол – гэта абсалютны фэномэн у маштабе сьвету, дзеля гэтага спорту людзі губляюць галаву. Часам у літаральным сэнсе, кажа сацыёляг з Жэшаўскага ўнівэрсытэту Губэрт Сомэр.
Губэрт Самэр: Увогуле, неверагодны момант – гэта сам уваход на стадыён, дзе бачыш дзясяткі тысяч людзей поўных эмоцый. Таксама моцны момант, калі мы сьпяваем нацыянальны гімн – гэта вельмі прыгожа, ні з чым не параўнаеш. Заўзятары – гэта таксама асаблівы тып людзей, яны адкрыта кажуць, што могуць забіць ці ахвяраваць жыцьцё для сваёй улюбёнай каманды. Для іх гэта абсалютна нармальна, няма ў гэтым ніякай трагедыі.
Чэмпіянат сьвету па футболе ўпершыню пройдзе ў Расеі. Матчы адбудуцца ў 11-ці гарадах. Удзел у сёлетнім чэмпіянаце возьмуць 32 каманды. ФІФА – арганізатар турніру – паведаміла, што было пададзена больш 4 мільёнаў заявак на білеты на матчы. Найбольш фанаў футбола прыедуць з Нямеччыны, Аргентыны, Мэксыкі, Бразыліі, Пэру, Гішпаніі, Калюмбіі ды ЗША.
Палякі таксама ўвайшлі ў 10 краін адкуль прыедзе найбольш заўзятараў на чэмпіянат. Многія рыхтуюцца актыўны назіраць за матчамі польскай зборнай ды хадою ўсяго чэмпіянату дома. У многіх польскіх гарадах улады стварылі футбольныя гарадкі – адмысловыя зоны для заўзятараў. Напрыклад жыхары мястэчка Мікалова змогуць сачыць за матчамі на галоўнай плошчы горада. Распавядае прэсавы сакратар гарадзкой мэрыі Томаш Рагуля.
Томаш Рагуля: Левандоўскага, Меліка ды ўсю нашую каманду мы будзем падтрымліваць разам на плошчы нашага горада будзе пастаўлены вялізарны экран, цягам усяго чэмпіянату мы будзем паказваць усе гульні. Афіцыйны лёзунг нашай зборнай «Польшча давай!», а ў нас лёзунг «Давай на плошчу».
У Любліне аматары футбола змогуць сачыць за гульнямі чэмпіянату ў фан-зоне побач са стадыёнам Люблін-Арэна. Яны кажуць, што іх прыцягвае ліхаманка Чэмпіянату ды атмасфэра сьвята футбола.
Заўзятар: Я з лёгкасьцю паддаюся эмоцыям выкліканым Чэмпіянатам, вельмі люблю атмасфэру, калі гуляюць нацыянальныя зборныя, вядома ж, калі грае польская каманда. Тым больш, што доўгі час у нас не было каманды годнай згуляць на чэмпіянаце сьвету. Цяпер Польшча прайшла адборачны турнір і гуляе на чэмпіянаце. Будзем глядзець, нават, калі будзе прайграваць. Мой прагноз, што мы выйдзем з групы і пойдзем далей. Самае голаўнае для нас перамагчы першую гульню з Сенегалам. Калі мы пераможам, нашыя шанцы вырастуць. Я спадзяюся, што дамо рады.
Першая гульня польскай зборнай адбудзецца ў бліжэйшы аўторак, «бела-чырвоныя» згуляюць з Сенегалам.
За Чэмпіянатам будуць сачыць таксама ў Беларусі. Футбол сапраўды яднае людзей, кажа футбольны заўзятар ды намесьнік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Ён будзе заўзець за Ангельшчыну, але прагназуе перамогу Аргентыны.
Аляксей Янукевіч: Я рэгулярна наведваю гульні чэмпіянату Беларусі, ды іншыя, мне б хацелася пабываць на гульнях Чэмпіянату сьвету. Гэта пачуцьцё братэрства, калі дзясяткі тысяч чалавек жывуць аднымі эмоцыямі – гэта вельмі моцна кранае ды пакідае глыбокае ўражаньне. На гэтым чэмпіянаце ў першую чаргу я буду заўзець за зборную Ангельшчыны. Мне вельмі падабаецца іх каманда ды іх стаўленьне да футболу. Але я прагназую перамогу зборнай Аргентыны. Іх посьпех на гэтым чэмпіянаце быў бы справядлівым.
Футбольныя адмыслоўцы ды букмэкеры ставяць у першую чаргу на перамогу Бразыліі ды Нямеччыны. Крыху меншыя шанцы маюць Гішпанія ды Францыя. Польскія заўзятары спадзяюцца, што іх каманда дойдзе да адной чацьвёртай фіналу.
Юры Ліхтаровіч