Прэзыдэнты 9 краін цэнтральнаэўрапейскага рэгіёну прынялі сумесную дэклярацыю Усходняга флянгу НАТО ды адзначылі стагодзьдзе адраджэньня незалежнасьці Польшчы.
У сталіцы Польшчы адбыўся саміт так званай «Бухарэсцкай дзевяткі». Гэтую групу ўтварылі 9 краін рэгіёну: Польшча, Славаччына, Вугоршчына, Баўгарыя, Румынія, а таксама Летува, Латвія ды Эстонія. Гэта ўжо другі саміт у такім фармаце. Першы адбыўся ў лістападзе 2015-га года ў Бухарэсьце. У знак даніны Варшаўскі саміт мае двух сугаспадароў: прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуду ды прэзыдэнта Румыніі Кляўса Ёаніса.
Прэзыдэнты згаданых 8 дзяржаў і старшыня парлямэнта Чэхіі сустрэліся сёньня ў Варшаве.
У першую чаргу палітыкі размаўлялі пра справы бясьпекі ў рэгіёне, сытуацыі ўсходняга флянгу НАТО напярэдадні саміту Альянсу, які пройдзе ў ліпені ў Бруселі. Больш падрабязна перадае карэспандэнтка Польскага радыё Сыльвія Бялэк.
Сыльвія Бялэк: Лідары сустракаюцца за месяц да саміту НАТА ў Бруселі, каб паказаць волю да сумесных дзеяньняў, як адзіны ўсходні флянг Альянсу. У Варшаве зазначаюць, што цэнтральнаэўрапейскія краіны зьяўляюцца лідарамі, што тычыцца выкананьня абавязацельства накіроўваць 2% ВУП на абарону. Кожная з краін мае сваю індывідуальную стратэгію бясьпекі, пры гэтым усе падтрымліваюць адзін аднаго. Важным элемэнтам саміту стала прыняцьце супольнай дэклярацыі. У дакумэнце прадстаўлена бачаньне краінамі рэгіёну існуючых пагроз, пазначаны іхні ўнёсак ва ўмацаваньне эўрапейскай бясьпекі. У рамках саміту прайшла палітычная частка сустрэчы, яна адбылася ў прэзыдэнцкім палацы. Была таксама й вайсковая сэсія, якая прайшла ў Каралеўскім замку. У ёй узялі ўдзел былыя камандуючыя НАТО ў Эўропе. Апроч сустрэчы ў вярхах у рамках саміту адбыўся экспэртны сэмінар, які падрыхтаваў Польскі інстытут міжнародных адносін. У адной з дыскусій узялі ўдзел прэзыдэнты Польшчы, Румыніі ды Эстоніі ды старшыня чэскага парлямэнту.
Падчас Варшаўскай сустрэчы кіраўнікі 9 краін прынялі супольную дэклярацыю на саміт НАТО. У дэклярацыі гаворыцца пра тое, як краіны «Дзевяткі» бачаць будучыню НАТО ды якія рашэньняў чакаюць ад саміту Альянсу. Гаворыць прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.
Анджэй Дуда: Я спадзяюся, што наша сёньняшняя супольная дэклярацыя, якая перадае наш агульны погляд на тое, што мы хочам як НАТО ў будучыні дасягнуць, паспрыяе таму, што лягчэй будзе прыняць рашэньне на саміце НАТО ў Бруселі.
У дакумэнце зазначаецца, што існуе пагроза ўсходняму флянгу НАТО з боку Расеі, праз яе агрэсіўную паставу, канфлікт ва Ўкраіне ды вайну на Блізкім Усходзе. Польскія ўлады зазначылі, што ў пытаньнях НАТО краіны рэгіёну імкнуцца трымацца прынцыпу бясьпекі на «360 градусаў». Ідзецца пра гатоўнасьць супрацьстаяць пагрозам кожнай краіны чальца НАТО. Гэтую гатоўнасьць, напрыклад, Польшча рэалізуе праз накіраваньне сваіх жаўнераў на нясеньне службы ў Румыніі, краінах Балтыі ды на Блізкім Усходзе.
Падчас варшаўскага саміту «Бухарэсцкай дзевяткі» размаўлялі ня толькі пра бягучыя справы. Лідары 9 краін ушанавалі стагодзьдзе адраджэньня незалежнасьці Польшчы. Сьвяточныя ўрачыстасьці адбыліся ў прэзыдэнцкім палацы «Бэльвэдэр» ды Каралеўскіх лазеньках.
Афіцыйна Варшава будзе сьвяткаваць свае стагодзьдзе адраджэньня незалежнасьці 11-га лістапада, але цяпер ладзяцца рэгіянальныя ўрачыстасьці ў розных частках Эўропы. Адраджэньне незалежнасьці – гэта важная дата для многіх краін рэгіёна. А 15 гадзіне лідары 9 дзяржаў сустрэліся ў палацы прэзыдэнта Польшчы ў гістарычным месцы, зьвязаным з асобай маршала Юзафа Пілсудскага, распавёў кіраўнік кабінэта прэзыдэнта Польшчы Кшыштаф Шчэрскі.
Кшыштаф Шчэрскі: Яны ня толькі наведаюць прэзыдэнцкі палац, але і пакінуць запісы ў кнізе стагодзьдзя незалежнасьці. Яшчэ яны перададуць экспанаты ад сваіх дзяржаў у залю незалежнасьці, якая паўстане на канец юбілейнага года незалежнасьці ў прэзыдэнцкім палацы. Гэта будзе спэцыяльная экспазыцыя з важнымі сьведчаньнямі году ў гонар стагодзьдзя незалежнасьці, у тым ліку сымбалічныя падарункі ад кожнай дзяржавы нашага рэгіёну, каб паказаць іх незалежнасьць, нашу супольную незалежнасьць усяго рэгіёну.
Увечары прэзыдэнты краін цэнтральнаэўрапейскага рэгіёна наведалі канцэрт клясычнай музыкі ў Каралеўскіх лазеньках. Варшава паказала гасьцям дух польскага народа. Гаворыць Кшыштаф Шчэрскі.
Кшыштаф Шчэрскі: Усё, што можа перадаць нашу польскую душу, будзе прадстаўлена нашым гасьцям, каб музыкай, паказаць сэрца польскай культуры.
У Польшчы прайшоў саміт так званай «Бухарэсцкай дзевяткі». Гэтую групу ўтварылі 9 краін рэгіёну: Польшча, Славаччына, Вугоршчына, Баўгарыя, Румынія, а таксама Летува, Латвія ды Эстонія. Лідары 9 краін прынялі сумесную дэклярацыю адносна будучыні НАТО ды чаканьняў ад рашэньняў ліпеньскага саміту Альянсу.
Юры Ліхтаровіч