Візыт праходзіць у межах сьвяткаваньня 100-годзьдзя незалежнасьці Польшчы.
Першым пунктам у парадку візыту была сустрэча з прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам у Прэзыдэнцкім палацы. Галава Нямеччыны падкрэсьліў, што неабходна аб’яднаць сілы для пераадоленьня эўрапейскага крызысу й даць новую прапанову маладому пакаленьню.
Ф.В.Штайнмаер: У гэты час нам патрэбны ўзаемны давер, нам патрэбна адчуваньне пад назвай «мы – Эўропа». Не «мы супраць вас», не «мы супраць Брусэля» - нам патрэбны канструктыўны ўнёсак для таго, каб пераадолець эўрапейскі крызыс.
Адказваючы на пытаньне пра пагрозу энэргетычнай бясьпекі ў сувязі з будаўніцтвам газаправода Nord Stream 2, Франк-Вальтэр Штайнмаер падкрэсьліў, што гэта прыватная ініцыятыва. Тым ня менш, урад Нямеччыны ў перамовах таксама разглядае пытаньні, узьнятыя польскім бокам.
Ф.В.Штайнмаер: Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель узьняла пытаньне Ўкраіны падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным. Гаворка ідзе пра тое, каб Польшча і Ўкраіна не баяліся, што другая нітка Nord Stream 2 прывядзе да спыненьня транзыту газу праз тэрыторыю Ўкраіны. Трэба знайсьці вырашэньне для таго, каб захаваць транзыт праз Украіну.
Прэзыдэнт Дуда пасьля сустрэчы сказаў, што пытаньне Nord Stream 2 зьяўляецца пытаньнем энэргетычнай бясьпекі Эўропы ў цэлым.
А.Дуда: Я сказаў прэзыдэнту Штайнмаеру аб сытуацыі, якая сёньня прывяла да таго, што Польшча плаціць за расейскі газ больш чым Нямеччыны. Гэта вынік таго, што мы вымушаныя купляць газ у Расеі, а «Газпром» выкарыстаў гэта й цяпер ёсьць як ёсьць. Мы імкнёмся да таго, каб больш такая сытуацыя не паўтаралася, і таму мы ажыцьцяўляем нашыя газавыя праекты й хочам у гэтым дапамагчы нашым суседзям.
Прэзыдэнт Дуда разам са сваім нямецкім калегам Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам прыняў удзел у канфэрэнцыі «Польшча й Нямеччына ў Эўропе» у варшаўскім Каралеўскім замку. Дуда адзначыў, што Эўрапейскі Зьвяз павінен мець адно права, інстытуты, рынак і бюджэт.
А.Дуда: Рэфармаваньне Эўрапейскага Зьвязу павінна базавацца на адзінстве згаданых чатырох каштоўнасьцяў. Гэта адно права й інстытуцыянальны парадак, агульны рынак і бюджэт – гэтыя фактары павінны ствараць падставы для чатырох эўрапейскіх свабод: свабода занятасьці, гандлю, свабода аказаньня паслуг і свабодны рух капіталу.
Дуда дадаў, што калі інстытуты ЭЗ ня будуць супрацоўнічаць, а караць і выключаць, то гэта створыць поле для тых, хто хоча разбурыць супольнасьць. Ён дадаў, што паводле апошніх дасьледаваньняў у Польшчы больш эўраэнтузіястаў, чым у Германіі.
Прэзыдэнт Франк-Вальтэр Штайнмаер зазначыў аб'яднаўчую ролю Эўрапейскага Зьвязу.
Ф.В.Штайнмаер: Мы – вольныя людзі, таму што па ўласнаму жаданьню далучыліся да Эўрапейскага Зьвязу. Ня толькі па эканамічных прычынах, але й таму, каб разам адказваць на новыя глябальныя выклікі.
Нямецкія СМІ камэнтуюць паездку свайго прэзыдэнта ў Польшчу й адзначаюць, што візыт праходзіць у адносна добрай атмасфэры. Пры гэтым дадаюць, што на многія пытаньні краіны глядзяць па-іншаму. Гэта, у прыватнасьці, рэфармаваньне судовай сыстэмы, міграцыйная палітыка і Nord Stream 2.
З Бэрліна перадае карэспандэнт Польскага Радыё Вальдэмар Машэўскі.
В.Машэўскі: «У нас у мінулым было лепш у польска-нямецкіх адносінах», – напісаў «Die Welt», камэнтуючы першы дзень візыту Штайнмаера ў Варшаве. Газэта напісала, што перш за ўсё пытаньне вяршэнства закону, а таксама нежаданьне палякаў прымаць мігрантаў зьяўляюцца адным з пунктаў рознагалосьсяў. Газэта левага накірунку «Tageszeitung» хваліць Штайнмаера за тое, што прэзыдэнт за гэта раскрытыкаваў Польшчу. Журналіст «Sueddeutsche Zeitung» адзначыў, што абедзьве краіны маюць розныя падыходы да Эўрапейскага Зьвязу. Штайнмаер у сваёй прамове выразна заклікаў аддаць частку нацыянальнага сувэрэнітэту на карысьць Эўрапейскаму Зьвязу, напісала газета.
Франк-Вальтэр Штайнмаер у Польшчы знаходзіцца з двухдзённым візытам. Учора прэзыдэнт Нямеччыны ўсклаў кветкі да помніка варшаўскім паўстанцам, а сёньня пасадзіць дрэва ў Польска-нямецкім садзе ў варшаўскім Скарышэўскім парку, які разам ствараюць Амбасада Нямеччыны й варшаўская мэрыя.
яс