Logo Polskiego Radia
Print

Паніжэньне заробкаў муніцыпальных чыноўнікаў можа даць збой

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 23.05.2018 14:07
Чыноўнікі могуць падаць скаргу ў суд. Такі працэс працягнецца нават некалькі гадоў.
Photo: nbp.pl

У сярэдзіне траўня польскі ўрад хуценька прыняў пастанову аб паніжэньні на 20% заробкаў муніцыпальных чыноўнікаў вышэйшага ўзроўню. Урад шукаў магчымасьці палепшыць свой імідж, які пагоршыўся з-за скандалу, зьвязанага з высокімі прэміямі для міністраў – нагадвае «Rzeczpospolita».

У выніку рашэньня ўраду, заробкі прэзыдэнтаў гарадоў, бургамістраў і войтаў, а таксама іх намесьнікаў упадуць на адну пятую. Тым ня менш, зарплаты ня будуць паніжаныя аўтаматычна, паколькі дзеля гэтага патрэбнае адабрэньне з боку радаў гмін і паветаў, а таксама ваяводзкіх сэймікаў. На думку намесьніка дырэктара Зьвязу польскіх паветаў Гжэгажа Кубальскага, частка муніцыпальных адзінак адмовіцца прымаць адпаведныя пастановы. «Так здараецца, калі дэмагогія выйграе з лёгікай», – адзначае Кубальскі.

Канешне, справай можа заняцца ваявода і абрэзаць заробкі сваім распараджэньнем, але тады муніцыпальныя чыноўнікі могуць падаць скаргу ў суд. Такі працэс можа цягнуцца некалькі гадоў. Варшаўскі дэпутат гарадзкой рады ад партыі «ПіС» Аскар Гэйка (Oskar Hejka) спадзяецца, што мясцовыя чыноўнікі стрымаюцца ад такога кроку, паколькі тады яны мусяць патлумачыць выбаршчыкам, чаму адмовіліся выконваць распараджэньне.

З другога баку, вынікам працэсу можа стаць унясеньне заявы ў Канстытуцыйны суд, каб праверыць, ці распараджэньне ўраду не парушае асноўнага закону Польшчы. А закіды вельмі сур’ёзныя. «Я не сумняваюся, што распараджэньне парушае Канстытуцыю», – заявіў былы старшыня Канстытуцыйнага суду Ежы Стэнпень (Jerzy Stępień).

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт