У Італіі праходзяць памятныя мерапрыемствы ў сувязі з 74-й гадавінай бітвы пад Монтэ-Касына. 18 траўня 1944 году салдаты 2-га Польскага корпусу пад камандаваньнем генэрала Ўладыслава Андэрса штурмам узялі кляштар на гары Касына — адзін з ключавых пунктаў нямецкіх умацаваньняў. Такім чынам войскам саюзьнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі была адкрыта дарога на Рым. У той баталіі загінула амаль тысяча польскіх салдат, сярод якіх былі і ўраджэнцы Беларусі. 15-19 траўня вэтэраны бітвы наведваюць месцы баёў.
Вызваліцелі Італіі прыехалі на месцы лёсавызначальных падзей 1944 году ня толькі, каб адзначыць перамогу пад Монтэ-Касына, але і каб ушанаваць у цэнтры каталіцкага сьвету — Рыме — стагодзьдзе незалежнасьці Польшчы.
Амаль трыццаць вэтэранаў 15 траўня адправіліся ў Італію. Перш за ўсё яны наведваюць месцы, дзе пахаваны іх таварышы па службе.
Рым, 16 траўня 2018 г. Ян Юзаф Каспшык, кіраўнік упраўленьня па справах вэтэранаў і рэпрэсіраваных асоб, ускладае вянок да помніка Ю. Пілсудскаму
Ян Юзаф Каспшык, кіраўнік упраўленьня па справах вэтэранаў і рэпрэсіраваных асоб: На могілках вэтэраны ўспамінаюць пра пекла, якое ім давялося перажыць у савецкіх лягерах, пра тое, як прайшлі праз Палесьціну, Апэнінскі паўвостраў. Вэтэраны наведваюць магілы сяброў, якія засталіся ў італьянскай зямлі. Але гэты візыт — таксама нагода спаткацца разам усім тым вэтэранам, якія дажылі да нашых дзён.
Візыт вэтэранаў у Італію разьлічаны на пяць дзён. Наведваньне Апэнінскага паўвострава пачалося з Рыму. Тут польская дэлегацыя ўсклала вянок да помніка Юзафу Пілсудскаму.
А затым у Польскім інстытуце ў Рыме адбыўся паказ фільму „Каб сьвет не забыў” („Aby świat nie zapomniał”) — пра Армію Андэрса і яе салдат, якія пасьля заканчэньня баёў пасяліліся ў ваколіцах гораду Губіа ў цэнтральнай Італіі. Фільм быў зьняты па ініцыятыве Анны Ліс, дачкі аднаго з салдат 2-га корпусу. Пасьля прэм’еры вэтэраны ўспаміналі пра шляхі, якія прывялі іх у Армію Андэрса.
Рым, 15 траўня 2018 г. Альфонс Мжык у Польскім інстытуце на адкрыцьці выстаўкі, прысьвечанай Арміі Андэрса
Альфонс Мжык, удзельнік вызваленьня Балёньні: Я быў прымусова зацягнуты ў вэрмахт. А падчас уварваньня саюзьнікаў у Нармандыю, падчас бамбардзіроўкі, усеагульнага хаосу мне ўдалося ўцячы на другі бок.
Ватыкан, 16 траўня 2018 г. Ежы Косьцюк перад аўдыенцыяй у Папы Рымскага
Удзельнік баёў у Італіі, 95-гадовы капітан Ежы Косьцюк напомніў, што салдаты Андэрса адыгралі важную ролю ў некалькіх бітвах на Апэнінскім паўвостраве.
Ежы Косьцюк, вэтэран: Гэта на самай справе былі перамогі вялікага маштабу. Але на гэтым наша роля ня скончылася. Мы працягвалі ваяваць уздоўж узьбярэжжа Адрыятычнага мора да канца 1944 году. І там адбываліся чарговыя бітвы. Напрыклад, над ракой К'енці, пад Анконай.
У памятных мерапрыемствах у Італіі ў гэтыя дні прымаюць удзел ня толькі ўдзельнікі баёў 1944 году, але і іншыя вэтэраны Другой сусьветнай вайны. Маёр Станіслава Кацяловіч з Таварыства салдат Арміі Краёвай — вязьняў лягераў расказала, як падчас няволі ў савецкіх лягерах часта добрым словам успамінала салдат Арміі Андэрса.
Станіслава Кацяловіч, вэтэран: Салдаты Арміі Андэрса — гэта мае сябры і сяброўкі. Яны паходзяць пераважна з Крэсаў — Львова, Вільні, Горадні. Яны спачатку ваявалі з расейцамі, а потым трапілі ў лягеры. Андэрс паклапаціўся пра гэтых хлопцаў, якія мелі па дваццаць год. Яны папалі ў Палесьціну. Затым ваявалі пад Монтэ-Касына. І цяпер спатканьне з гэтымі людзьмі для мяне — гэта вялікае шчасьце.
Ватыкан, 16 траўня 2018 г. Папа Рымскі Францішак вітае вэтэранаў 2-га Польскага корпусу на плошчы Сьвятога Пятра
Польская дэлегацыя 16 траўня знаходзіцца ў Рыме. Вэтэраны наведалі труну Сьвятога Яна Паўла ІІ у катэдральным касьцёле Сьвятога Пятра. Таксама былыя салдаты падзякавалі Богу за незалежнасьць, здабытую Польшчай сто год таму. Галоўнай жа падзеяй дня стала аўдыенцыя вэтэранаў у Папы Рымскага Францішка. Сьвяты айцец прывітаў гасьцей на плошчы Сьвятога Пятра.
Папа Рымскі Францішак: Няхай трагедыя перажытай вамі вайны, гарт вашага духу, вернасьць ідэалам стануць заклікам да спыненьня войн, што ідуць у сьвеце, і пошуку шляхоў да міру.
Падарожжа польскіх вэтэранаў па Італіі працягваецца. Яны наведаюць мястэчка Сан Віторэ дэль Ляцыа, дзе знаходзіцца помнік салдатам 2-га корпусу Арміі Андэрса.
Галоўныя ж урачыстасьці чакаюцца 18 траўня — у 74-ю гадавіну бітвы пад Монтэ-Касына. Адзначэньне гістарычных падзей, якія прывялі да вызваленьня Італіі ад нацысцкай акупацыі, скончыцца 19 траўня ў вёсцы Аквафандата, недалёка ад Рыму. Тут было месца першага пахаваньня салдат, якія загінулі падчас баёў за гару Касына.
Віктар Корбут
Фота: PAP/Adam Guz
Слухайце, калі ласка, далучаны гукавы файл