Logo Polskiego Radia
Print

Як у ПНР інфармавалі пра трагедыю на Чарнобыльскай АЭС

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 26.04.2018 15:23
  • Чарнобыль.mp3
У Варшаве прайшла пільная нарада членаў ЦК Польскай аб’яднанай рабочай партыі і ўраду з удзелам фізыкаў-ядзершчыкаў, вайскоўцаў і мэдыкаў.
Чарнобыль, красавік 1986 годуЧарнобыль, красавік 1986 годуyoutube.com/screen

32 гады таму адбылася аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі – найбольшая трагедыя ў гісторыі мірнага атаму. Пра аварыю на ЧАЭС, наступствы якой у найбольшай ступені закранулі Беларусь, а таксама Ўкраіну, расказана й напісана шмат. А як у той час, у красавіку 1986 году, на паведамленьне пра аварыю адрэагавала Польшча?

Пра аварыю савецкія СМІ паведамілі не адразу.

Праграма «Время»: На Чернобыльской атомной электростанции произошла авария. Поврежден один из атомных реакторов. Принимаються меры по ликвидации последствий аварии: пострадавшим оказывается помощь, создана правительственная комиссия.

Такое ляканічнае паведамленьне прагучала ў праграме «Время» па цэнтральнаму тэлебачаньню толькі 28 красавіка 1986 году – праз два дні пасьля трагедыі.

Субота, 26 красавіка 1986 году ў Польшчы была прыгожым сонечным днём, і людзі праводзілі яго на адкрытым паветры. Пра трагедыю ў суседняй краіне яны даведаліся празь некалькі дзён.

Увогуле, пра аварыю першымі пачалі паведамляць замежныя СМІ, у тым ліку так званыя «варожыя галасы». Так, 28 красавіка, яшчэ да паведамленьня ў праграме «Время» пра выбух паінфармавала BBC.

У той жа дзень у Варшаве прайшла пільная нарада членаў ЦК Польскай аб’яднанай рабочай партыі і ўраду з удзелам фізыкаў-ядзершчыкаў, вайскоўцаў і мэдыкаў. 29 красавіка пра трагедыю паведамілі ў навінах па тэлебачаньні.

Польскае тэлебачаньне: У сувязі з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі са штаб-кватэрай у Вене апублікавала заяву, у якой гаворыцца, што выкід радыеактыўных матэрыялаў не стварае пагрозы для іншых краін. У сувязі з гэтым не існуе патрэба для прыняцьця нейкіх радыкальных мер. Заява апублікаваная пасьля сустрэчы старшыні агенцтва Ханса Блікса з пастаянным прадстаўніком СССР пры міжнародных арганізацыях у Вене Алегам Хлястовым. Агенцтва атрымала падрабязную інфармацыю наконт аварыі ад кампэтэнтных савецкіх органаў.

Пасьля паведамленьня дыктара польскага тэлебачаньня было паінфармавана, што ў рэдакцыі знаходзяцца экспэрты па атамнай энэргетыцы, якія адкажуць на важнейшыя пытаньні насельніцтва. Акрамя таго, была арганізаваная дыскусія ў студыі з удзелам адмыслоўцаў і навукоўцаў, якія растлумачылі сутнасьць аварыі й магчымыя пагрозы ў сувязі зь ёю.

30 красавіка ў Польшчы былі адкрытыя інфармацыйныя пункты пры ваяводзкіх санітарна-эпідэміялягічных станцыях, дзе насельніцтва мела магчымасьць атрымаць інфармацыю наконт аварыі й яе наступстваў.

Днём раней, 29 красавіка, было прынятае рашэньне падаць насельніцтва раствор Люголя – прэпарат на базе малекулярнага ёду, для прафіляктыкі захворваньняў шчытападобнай залозы. У першую чаргу раствор быў пададзены дзецям з усходняй Польшчы, пазьней прафіляктыка ахапіла ўсю краіну. Нягледзячы на тое, што радыеактыўныя хвалі дайшлі да тэрыторыі Польшчы, 1 траўня дэманстрацыі ўладамі не былі адмененыя. І замест таго, каб сядзець дома, людзі знаходзіліся на адкрытым паветры пад узьдзеяньнем хоць і мінімальных дозаў, аднак усё ж такі радыяцыі. Пра Чарнобыль газэты пісалі вельмі мала, і нават невялікія артыкулы «хавалі» на апошніх палосах пэрыядычных выданьняў. Зразумела, што пра публікацыю здымкаў зь месца аварыі не было й мовы.

І толькі 5 мая газэта Express Wieczorny друкуе дадзеныя пра радыяцыю ў Польшчы. Зь іх вынікае, што яе ўзровень пасьля выбуху на ЧАЭС павялічыўся сапраўды мінімальна, і што гэты рост не аказаў ніякага ўплыву на арганізм чалавека. Пазьней стала вядома, што падача раствору Люголя было прафіляктычным дзеяньнем, якое праз гады пазытыўна ацанілі спэцыялісты.

Праблема ў іншым – у тым, што цягам нейкага часу грамадзтва жыло ў інфармацыйнай пустэчы й сапраўды ня ведала, што адбываецца. Пазьней кіраўнікі ПНР успаміналі, што абмежаваньне інфармацыі мела на мэце не дапусьціць да магчымай панікі сярод насельніцтва.

вс

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт