Logo Polskiego Radia
Print

Польшча павялічыць экспарт у Этыёпію (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 25.04.2018 14:34
  • Візыт Прэзыдэнта Этыёпіі.mp3
Пра супрацоўніцтва дамовіліся кіраўнікі дзяржаў Анджай Дуда і Мулату Тэшомэ Вірту.
Прэзыдэнт Этыёпіі Мулату Тэшомэ Вірту і Прэзыдэнт Польшчы Анджай Дуда ў Прэзыдэнцкім Палацы ў Варшаве. 24 красавіка 2018 г.
PAP/Radek PietruszkaПрэзыдэнт Этыёпіі Мулату Тэшомэ Вірту і Прэзыдэнт Польшчы Анджай Дуда ў Прэзыдэнцкім Палацы ў Варшаве. 24 красавіка 2018 г. PAP/Radek PietruszkaPAP/Radek Pietruszka

25 красавіка прадоўжыўся візыт Прэзыдэнта Этыёпіі Мулату Тэшомэ Вірту ў Польшчу. Асноўнай тэмай для абмеркаваньня на вышэйшым узроўні стала эканоміка, а дакладней — сельская гаспадарка і энэргетыка. У гэтых кірунках дзьве краіны ў апошнія гады плённа супрацоўнічаюць.

Летась у траўні афрыканскую краіну наведваў Прэзыдэнт Польшчы Анджай Дуда. У Этыёпіі жыве больш за сто мільёнаў чалавек — патэнцыяльных кліентаў польскага бізнэсу. Анджай Дуда заклікаў інвэстараў зьвярнуць пільную ўвагу на афрыканскую дзяржаву.

Анджай Дуда, Прэзыдэнт Польшчы: Этыёпія яшчэ не багатая краіна. Але яна шпарка разьвіваецца. І ў сувязі з гэтым грамадзтва Этыёпіі ўсё больш узбагачаецца. І ў сувязі з гэтым яе рынак вельмі пэрспэктыўны і цікавы.

Прэзыдэнт Этыёпіі Мулату Тэшомэ Вірту прызнаўся, што разьлічвае на шчыльнае супрацоўніцтва з Польшчай у галіне гандлю, прыцягненьня інвэстыцый і тэхналёгій. Кіраўнік афрыканскай дзяржавы абяцае спрыяльны клімат для інвэстараў.

Мулату Тэшомэ Вірту, Прэзыдэнт Этыёпіі: Усё, што вам трэба, — толькі ўзяць свае машыны, капітал і кампэтэнцыю. Рэшту забясьпечыць наш урад. Вы ня будзеце шукаць месца, дзе паставіць сваю фабрыку. Зямля, электрычнасьць, вада, тэлекамунікацыі — усё гэта ёсьць.

Прэзыдэнт
Прэзыдэнт Этыёпіі Мулату Тэшомэ Вірту ў Акадэміі дыпляматыі. Варшава, 25 красавіка 2018 г. Фота PAP/Jacek Turczyk.

Ужо сёньня, на думку экспэртаў, гаспадарчыя сувязі Польшчы і Этыёпіі разьвіваюцца досыць добра.

Пётр Сарачыньскі, галоўны эканаміст Нацыянальнай эканамічнай палаты Польшчы: Польшча ажыцьцяўляе пэрспэктыўны праект па экспарце сельскагаспадарчых машын у Этыёпію. Гэтыя машыны будуць там, на месцы, манціраваць. І з гэтага пункту гледжаньня Этыёпія зьяўляецца для нас вельмі пэрспэктыўным рынкам.

Яшчэ ў верасьні 2013 году фірма Ursus SA зь Любліна падпісала дагавор на пастаўку ў Этыёпію трактароў. Разам з гэтым у афрыканскай краіне адкрыліся цэнтры па рамонце машын і забесьпячэньні іх запаснымі часткамі. Летась прадпрыемства, дарэчы, наведваў Прэзыдэнт Анджай Дуда.

Анджай Дуда: Адна з важных галін эканомікі Этыёпіі — гэта сельская гаспадарка. Спадзяюся, што гэта будзе чарговае поле, на якім будзе вымалёўвацца пэрспэктыва супрацоўніцтва бізнэсу Польшчы і Этыёпіі.

Дарэчы, сёньня Прэзыдэнт Этыёпіі наведвае Пулавы, дзе знаходзіцца адно з самых вялікіх у Польшчы хімічных прадпрыемстваў — завод азотных угнаеньняў, патрэбных у сельскай гаспадарцы.

Аднак Этыёпія пакуль ставіць абмежаваньні для замежных інвэстараў у тэлекамунікацыйнай і фінансавай галінах.

І ўсё ж, на думку Прэзыдэнта Тэшомэ Вірту, застаецца вялікае поле для сумеснай працы з польскім бізнэсам. Гэта тэкстыльная галіна, выраб адзеньня, фармацэўтычная сфэра. А таксама — харчовая прамысловасьць.

Пётр Сарачыньскі: Шмат польскіх эспартэраў, асабліва тых, якія вырабляюць тэхніку для харчовай прамысловасьці, маглі б знайсьці ў Афрыцы кліентаў.

25 красавіка адбылася сустрэча Прэзыдэнта Этыёпіі з прэм'ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім.

Адзін з кірункаў, у якім будуць супрацоўнічаць Польшча і Этыёпія, — вышэйшая адукацыя. У прысутнасьці прэзыдэнтаў Дуды і Тэшомэ Вірту быў падпісаны дагавор аб намерах, мэта якога — павелічэньне колькасьці этыёпскіх студэнтаў у Польшчы.

Прэзыдэнт
Прэзыдэнт Этыёпіі Мулату Тэшомэ Вірту і прэм'ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі. Варшава, 25 красавіка 2018 г. Фота PAP/Radek Pietruszka

Таксама Польшча спадзяецца на падтрымку Адыс-Абэбы, якая зьяўляецца сталіцай Афрыканскага саюзу, на зьнешнепалітычнай арэне. Дарэчы, цяпер Польшча і Этыёпія зьяўляюцца непастаяннымі членамі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

У Варшаве неўзабаве павінна адкрыцца пасольства Этыёпіі.

Віктар Корбут.

Слухайце, калі ласка, далучаны файл.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт