Logo Polskiego Radia
Print

Беларусі не да рэфэрэндумаў

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 24.04.2018 15:30
  • Лукашэнка зьвярнуўся.mp3
Насуперак прагнозам апазыцыі Аляксандар Лукашэнка не абвясьціў рэфэрэндуму аб зьменах у Канстытуцыі.
Foto: screen z youtube.com

Ён заявіў, што напружаная сытуацыя ў сьвеце не дазваляе нічога зьмяняць. У гэтым беларускі лідар шчыры, кажуць экспэрты.

24 красавіка беларускі кіраўнік Аляксандар Лукашэнка зьвярнуўся са штогадовым зваротам да беларускага народу ды Нацыянальнага сходу.

Мерапрыемства прайшло ў Авальнай залі Дома ўрада ў прысутнасьці найвышэйшых службовых асобаў, ураду, дэпутатаў, кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў, ВНУ, банкаў, прадстаўнікоў дыпляматычнага корпуса.

Напярэдадні выступу Лукашэнкі лідар Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч заявіў на Facebook, што падчас выступу Аляксандар Лукашэнка абвесьціць пра правядзеньне новага рэфэрэндуму, каб павялічыць тэрмін прэзыдэнцтва ў Беларусі з 5 да 7 гадоў.

Аднак беларускі кіраўнік у звароце заявіў, што зарана казаць цяпер пра рэфэрэндум.

Аляксандар Лукашэнка: Я асабіста нават ня думаў пра рэфэрэндум. Цяпер нам не да рэфэрэндуму. Нам бы выстаяць у гэтай хаатычнай небясьпечнай сытуацыі ў сьвеце. Трэба спыніць гэтую валтузьню. Нам трэба спыніць спаўзаньне сьвету да вайны, гарачай вайны. Калі нехта думае, што мы зьменім Канстытуцыю і тым самым створым фундамэнты для нашых майданаў і «майданутых», то гэтага ня будзе.

Пры гэтым беларускі кіраўнік ня выключыў магчымасьці падзелу паўнамоцтваў. Заявіў пра гатоўнасьць аддаць частку сваёй улады.

Аляксандар Лукашэнка: Я магу спакойна аддаць асобныя паўнамоцтвы іншым галінам улады, бо працуе сама сыстэма, ёсьць прынцыпы ды традыцыі. Іх ніхто ня зьменіць.

Практыка паказвае, што пакуль беларускі кіраўнік нічым не зьбіраецца дзяліцца. Магчымасьцяў у яго шмат, нават бяз зьмены Канстытуцыі, - кажа кіраўнік аналітычнага праекта Ідэя Рыгор Астапеня.

Рыгор Астапеня: Насамрэч пра неабходнасьць канфігурацыі ўлады, казаў і сам Лукашэнка, і многія чыноўнікі. Дадзеная ідэя існуе доўгі час. Аднак, калі б ён хацеў гэта зрабіць, рэфэрэндум тут не патрэбны. Можна пачаць са зьмены практыкі кіраваньня. Напрыклад, ён мог не змушаць чыноўнікаў апускаць вочы падчас нарадаў. Ён мог бы даць ім большыя паўнамоцтвы, і гэта ўжо быў бы малы крок па падзеле ўлады. Таму я думаю, ён не зусім шчыры ў сваіх памкненьнях. Магчыма, ён ня хоча аддаць гэтую сыстэму таму, хто прыйдзе пасьля яго.

Беларускі кіраўнік зазначыў, эканоміка краіна пачала расьці - 2% у год. Аднак у параўнаньні з рэштай сьвету беларускі рост – гэта хутчэй адставаньне, кажа экспэрт.

Рыгор Астапеня: Беларусь выйшла на ўзровень пэўнага плято, калі асабліва нічога не расьце, але й не падае таксама. Эканоміка дасягнула ўзроўню росту ў 2%, але гэта наш максымум на бліжэйшыя 5 г. У параўнаньні з рэштай сьвету – гэта ўзровень адставаньня. Нават нашы суседзі, тая ж Польшча, растуць у два разы хутчэй. Таму наш узровень бліжэй да галечы, чым да дабрабыту.

Што тычыцца непакою беларускіх уладаў у зьвязку са «спаўзаньнем сьвету да вайны», у гэтай справе Менск нічога ня можа зрабіць. Беларусам застаецца сядзець і назіраць за разьвіцьцём падзей, зазначае Рыгор Астапеня.

Рыгор Астапеня: Беларусь зьяўляецца сфэрай расейскіх інтарэсаў ды ўплываў, завязаная на расейскі рынак, інтэграваная вайскова. У такой сытуацыі Беларусь ня можа нічога зрабіць, каб прымірыць бакі ці адыграць вялікую ролю. Беларусь проста будзе сядзець і глядзець, як будуць ісьці падзеі.

Аляксандар Лукашэнка выступіў са зваротам да беларускага грамадзтва ды чыноўнікаў. Сёлета беларускі кіраўнік быў як ніколі ляканічным. Выступ доўжыўся 1,5 гадзіны. У сваім звароце Аляксандар Лукашэнка заявіў, што палітычных зьменаў у краіне ня будзе. Яго прыярытэт на бліжэйшы час: неяк пратрымацца ў хаатычнай ды небясьпечнай сытуацыі ў сьвеце.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт