Logo Polskiego Radia
Print

Адзначаецца 75 г. паўстаньня ў Варшаўскім гета

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 19.04.2018 11:04
  • Варшаўскае гета.mp3
19 красавіка ўшанаваньне памяці герояў і ахвяр паўстаньня адбываецца ня толькі ў Варшаве, але і ва ўсёй Польшчы.
Паўстаньне ў Варшаўскім гета, 1943 г.Паўстаньне ў Варшаўскім гета, 1943 г.commons.wikimedia.org/Public Domain CC0

Інстытут нацыянальнай памяці стаў ініцыятарам шырокай інфармацыйнай кампаніі ў грамадзтве і СМІ.

14 агульнанацыянальных і рэгіянальных газэт выйшлі сёньня са спэцыяльнымі старонкамі, прысьвечанымі гадавіне трагічнай падзеі.

У трамваях польскай сталіцы зьявіліся плякаты, а на станцыі мэтро Świętokrzyska відэаматэрыялы, якія адлюстроўваюць варшаўскіх габрэяў, што зрабілі адважную спробу вырвацца з нацысцкай няволі.

Яшчэ ў ліпені 1942 году ў Варшаўскім гета была ўтворана Габрэйская баявая арганізацыя. Дзейнічалі і іншыя падпольныя ваенізаваныя структуры. 19 красавіка 1943 году яны выступілі супраць нямецкіх сіл, якія пачалі зьнішчаць габрэйскі раён. У баях узялі ўдзел каля тысячы ўзброеных паўстанцаў. Ім супрацьстаялі больш за дзьве тысячы салдат вэрмахту і СС. Немцы выкарыстоўвалі бронемашыны і артылерыю. Кіраваў апэрацыяй генэрал СС Юрген Штроп. Яго рапарт пра зьнішчэньне гета захоўваецца ў Архіве Інстытуту нацыянальнай памяці.

Дырэктар Архіву Інстытуту нацыянальнай памяці Мажэна Крук: Гэта выключны дакумэнт, у якім Штроп апісваў усё, што адбывалася ў Варшаўскім гета. Гэта тое, чым быў рапарт спачатку. Цяпер жа гэта для нас перш за ўсё рапарт пра дзікасьць немцаў і гераічную барацьбу, якую вялі ў гета габрэйскія паўстанцы.

Рапарт Штропа складаецца з 75 старонак машынапісу і 52 фатаграфій, якія ілюструюць ход ліквідацыі Варшаўскага гета. Гэты дакумэнт адыграў важную ролю падчас працэсу над нацысцкімі злачынцамі – як самім Юргенам Штропам, гэтак і Гэрманам Гёрынгам.

Рапарт Штропа на пачатку красавіка быў уключаны ў Сьпіс дакумэнтальнай спадчыны ЮНЭСКА.

Мажэна Крук: Гэты дакумэнт упісаны ў сьпіс, які называецца “Памяць сьвету”. Гэта адзін з тых дакумэнтаў, які мае ня толькі мясцовае значэньне – для польскага народу або габрэйскага народу, але мае ўнівэрсальную каштоўнасьць, расказваючы пра чалавечае вымярэньне забойства, генацыд аднаго народу ў адносінах да другога.

Паўстаньне ў Варшаўскім гета было першай акцыяй масавага ўзброенага супраціву ў Польшчы супраць нямецкіх акупантаў. І гэта было першае гарадзкое паўстаньне ва ўсёй акупаванай немцамі Эўропе.

Габрэйскі ўзброены супраціў скончыўся 8 мая 1943 году, калі немцы адкрылі і акружылі вялікае падземнае сховішча на вуліцы Мілай. Там знаходзіліся некалькі соцень чалавек і штаб паўстанцаў. Паўстанцы разам са сваім лідарам Мардэхаем Анялевічам скончылі жыцьцё самагубствам.

Супрацоўніца Архіву Інстытуту нацыянальнай памяці Тэрэса Гальлевіч-Далова: Ключавое значэньне мае тое, што з гэтым дакумэнтам і ведамі пра тое, што адбылося тут, у Эўропе, мы можам выйсьці па-за межамі нашага культурнага асяродзьдзя. Усьведамленьне таго, што мы маем шанс давесьці інфармацыю пра тое, што ў нас адбылося, да розных народаў, нават вельмі далёкіх, мае надзвычайнае, стваральнае значэньне.

„Габрэйскі жылы раён у Варшаве ўжо не існуе”, — паведамляў Юрген Штроп Гайнрыху Гімлеру пасьля зьнішчэньня Варшаўскага гета. Рапарт Штропа ілюструе мэтады, якімі нацысты зьнішчалі гета ў іншых рэгіёнах Эўропы, у тым ліку ў Беларусі.

Адна з удзельніц паўстаньня Цывія Любэткін, занатоўваючы ход падзей, разумела, што немцы перамогуць габрэяў, але была ўпэўнена, што за свае злачынствы нацысты заплацяць высокую цану. Рапарт Штропа сёньня зьяўляецца сьведчаньнем гераізму варшаўскіх габрэяў, якія адважыліся супрацьстаяць забойцам.

Віктар Корбут.

Слухайце, калі ласка, далучаны файл.


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт