Logo Polskiego Radia
Print

Захад пакараў Асада

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 16.04.2018 15:48
Так сытуацыю ў Сырыі пасьля нядаўніх абстрэлаў апісвае штодзёнка «Gazeta Wyborcza».
Foto: PAP/EPA/US NAVY/MC1 THERON J. GODBOLD

Сотня амэрыканскіх тамагаўкаў на сырыйскім небе, пагрозы Масквы ў бок ЗША, і сырыйскі прэзыдэнт, які робіць выгляд, што нічога ня здарылася.

Калі сырыйскі прэзыдэнт яшчэ раз асьмеліцца выкарыстаць баявы газ, хай памятае, што ЗША трымаюць яго на прыцэле, пагразіў у суботу ўвечары амэрыканскі лідар Дональд Тармп. Гэта была рэакцыя ЗША на выкарыстаньне хлёру ды зарыну, якія сырыйскія войскі скінулі тыдзень таму на паўстанцаў, якія бараніліся ў адным з прыгарадаў Дамаска – мястэчку Дума. Гэтыя здарэньні сталі для амэрыканцаў парушэньнем чырвонай рысы з боку сырыйскіх уладаў, піша выданьне. У адказ амэрыканцы разам з французамі ды брытанцамі абстралялі ракетамі склады й цэнтры вырабу хімічнай зброі пад Дамаскам ды Гімсам. У налётах ніхто не згінуў.

ЗША патлумачыла атаку слушным правам на змаганьне з дзікунствам ды жорсткасьцю. Расея не зрабіла ніякіх крокаў у адказ, хаця цэлы тыдзень Крэмль пагражаў, што будзе бараніць любымі сродкамі свайго сырыйскага хаўрусьніка. Гэтыя пагрозы засталіся толькі словамі. Расейскія дыпляматы абвінавацілі Захад у тым, што ён хуліганіць, а Пуцін назваў атаку «агрэсіяй на сувэрэнную дзяржаву».

У сваю чаргу амэрыканскія прадстаўнікі ў ААН заявілі, што іх абстрэл быў справядлівы, законны ды адэкватны. Вашынгтон доўга карыстаўся выключна дыпляматыяй, але ня мог глядзець, як Расея кпіць з міжнародных норм і дазваляе беспакарана выкарыстоўваць хімічную зброю.

У сваю чаргу Асад ніяк не камэнтаваў абстрэлы. Сырыйская тэлевізія выпусьціла фільм, у якім ён спакойна заходзіць у офіс. Фільм падпісаны: "Раніца ў дзень атакі". Газэта зазначае, што невядома, ці дадзены абстрэл змусіць сырыйскія ўлады спыніць выкарыстаньне хімічнай зброі. Нягледзячы на абстрэл, у іх надалей ёсьць магчымасьці бамбіць сырыйцаў бомбамі з сьмяротным газам.

юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт