Сёньня ў Брусэлі адбылася сустрэча міністраў замежных спраў ЭЗ. Тэмай размоваў стала сытуацыя ў Сырыі. Эўрапейскія палітыкі падтрымалі апэрацыю ЗША, Вялікабрытаніі ды Францыі па змушэньні Дамаска адмовіцца ад выкарыстаньня хімічнай зброі.
Кіраўнікі трох установаў Эўразьвязу пракамэнтавалі налёты ЗША, Вялікабрытаніі ды Францыі на выбраныя цэлі ў Сырыі, зьвязаныя з вырабам хімічнай зброі. Гэта быў адказ на выкарыстаньне газу супраць жыхароў горада Дума тыдзень таму сырыйскімі ўрадавымі войскамі.
З заявамі выступілі старшыня Эўрапейскай Рады, Эўракамісіі ды Эўрапарлямэнту. «Эўразьвяз падтрымлівае хаўрусьнікаў у Сырыі», напісаў Дональд Туск. «Выкарыстаньне сырыйскім рэжымам хімічнай зброі павінна скончыцца», дадаў Жан-Клёд Юнкэр. Антоніа Таяні заявіў, што Эўрапарлямэнт зладзіць дэбаты на тэму сытуацыі ў Сырыі.
Сытуацыя ў гэтай краіне стала сёньня галоўнай тэмай сустрэчы міністраў замежных спраў краін ЭЗ у Люксэмбургу. Больш падрабязна перадае карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка.
Бэата Пламэцка: Кіраўнікі дыпляматыі з 28 васьмі краін пачалі сустрэчу абмеркаваньнем сырыйскага пытаньня, сытуацыі ў гэтай краіне. Таксама абмяркоўваліся апошнія налёты. Вынікі акцыі прадставілі міністры Францыі ды Вялікабрытаніі. Пасьля дыскусіі пра Сырыю, абмяркоўваліся адносіны з Расеяй. У кантэксьце выкарыстаньня хімічнай зброі ў Ангельшчыне для атручваньня былога расейскага агента ГРУ Сяргея Скрыпаля. У акцыі салідарнасьці 18 эўрапейскіх краін выдалілі расейскіх дыпляматаў. Аднак Эўропа не ўвяла новыя санкцыі супраць Расеі ўсьлед за ЗША. Аднак канчатковае рашэньне будзе прынятае ў гэтай справе на чэрвеньскім саміце кіраўнікоў краін ЭЗ.
З вострай крытыкай пазыцыі ЭЗ ды Захаду па гэтай справе выступіла Расея. Крэмль заангажаваў усе даступныя сродкі: выступіў Пуцін, МЗС множыць заявы, да кампаніі далучылася нават Расейская праваслаўная царква. З Масквы перадае карэспандэнт Польскага радыё Ўладзімір Пац.
Уладзімір Пац: Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін выступіў з крытыкай і асуджэньнем бамбаваньня Сырыі. Ён заявіў, што ЗША яшчэ больш ускладняюць гуманітарную сытуацыю ў гэтай краіне. Дадаў, што налёты адбыліся без згоды Рады бясьпекі ААН з парушэньнем норм міжнароднага права. Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў назваў дзеяньні заходняй кааліцыі непрымальнымі. Патрыярх расейскай праваслаўнай царквы пазваніў да Рымскага папы Францішка ў зьвязку з бамбаваньнем Сырыі. Патрыярх Кірыл зладзіў таксама кансультацыі ў гэтай справе з праваслаўнымі патрыярхамі Канстантынопаля да Александрыі.
У адказ на гэта эўрапейскія краіны нагадалі Расеі, што яна суадказная за цяперашняе абвастрэньне. Францускі прэзыдэнт Эманюэль Макрон заявіў, што Расея пакрывае скідваньне бомбаў з хімічнай зброяй на мірнае насельніцтва. Міністар замежных спраў Францыі Жан-Іў Дарыян дадаў, што менавіта Расея абяцала, што сырыйскі ўрад ліквідуе ўвесь арсэнал.
Жан-Іў Лё Дрыян: Сем год цягнецца сырыйскі канфлікт, ён толькі нарастае ды пашыраецца. Нясе пагрозу для бясьпекі Францыі ды Эўропы. Тут мы маем два прыярытэты: барацьба з групоўкамі джыхадыстаў, так званай Ісламскай дзяржавай, а таксама стабілізацыя сытуацыі ў гэтай краіне праз палітычнае вырашэньне.
У сваю чаргу брытанскія палітыкі заявілі, што налёты былі адзіным даступным сродкам. Расея заблякавала дыпляматычныя шляхі вырашэньня канфлікту ў Сырыі, нагадала прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй.
Тэрэза Мэй: Расея блякавала кожную спробу прыцягнуць вінаватых да адказнасьці ў Радзе Бясьпекі. З пачатку 2017-га года Масква шэсьць разоў накладала вета. На мінулым тыдні Расея наклала вета на рэзалюцыю ў справе незалежнага сьледзтва ў Думе. Яны выступілі з абсурднай тэорыяй, што хімічная атака была інсцэнізацыяй Вялікабрытаніі. Насамрэч бомбы скінулі з верталётаў, якіх няма ў апазыцыі. Толькі сырыйскія войскі маглі затакаваць людзей хлёрам. Ісламістаў няма цяпер на гэтай тэрыторыі. У нас не было выбару, мы зразумелі, што дыпляматыя не дае ніякіх эфэктаў.
У ЗША заявілі, што Захад даў адназначны сыгнал непрымальнасьці далейшага выкарыстаньня хімічнай зброі. Гаворыць прэсавая сакратарка дэпартамэнта абароны ЗША Дана Ўайт.
Дана Ўайт: Налёты былі законнай, слушнай ды прапарцыйнай рэакцыяй на рэгулярныя выпадкі выкарыстаньня Сырыяй хімічнай зброі супраць уласных грамадзян. Мы не імкнёмся распальваць канфлікт у Сырыі. Аднак мы ня можа дазволіць, каб мелі месца такія сур’ёзныя парушэньні міжнароднага права.
Калі сырыйскі ды расейскі ўрад не прыслухаюцца да гэтых сыгналаў, Эўразьвяз абяцае новыя санкцыі за парушэньні міжнароднага права. Такія высновы з сёньняшняй дыскусіі прынялі міністры замежных спраў 28 краін ЭЗ.
Юры Ліхтаровіч