Уступае ў сілу Дэкрэт "Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі"
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
28.03.2018 16:03
"Нічога прагрэсіўнага тут няма. Гэта стары фэадальны падыход – разьмеркаваньне прывілеяў".
pixabay.com/Public Domain/CC0
28 сакавіка ўступае ў сілу славуты Дэкрэт № 8 «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі», які А. Лукашэнка падпісаў пад канец сьнежня. У агульнай масе пазытыўных водгукаў на прававое новаўвядзеньне чуваць і галасы крытыкі.
Дэкрэт № 8 накіраваны на далейшае разьвіцьцё Парку высокіх тэхналёгій, інавацыйнай сфэры і стварэньне сучаснай лічбавай эканомікі. Значна пашыраецца маштаб відаў дзейнасьці парку. У прававую практыку ПВТ змогуць увайсьці інструмэнты зьдзяйсьненьня інвэстыцыйных зьдзелак. Сярод новаўвядзеньняў дэкрэту – таксама кардынальна новыя як для Беларусі, так і бальшыні замежных дзяржаў прававыя ўрэгуляваньні па выкарыстаньню тэхналёгій блёкчэйн і лічбавых знакаў (токенаў). Найбольш пытаньняў выклікае ўвядзеньне магчымасьці абарачэньня лічбавымі грошамі, гэтак званымі крыптавалютамі.
Прадстаўнікі сфэры ІТ-тэхналёгій як правіла пазытыўна ўспрымаюць прыняцьце і пачатак дзейнасьці новага заканадаўства. Аднак ня ўсе падзяляюць іх аптымізм. На думку эканаміста Сяргея Чалага, дэкрэт пашырыць магчымасьці адмываньня брудных грошай у Беларусі. Экспэрт кажа, што ён вельмі нэгатыўна ўспрыняў падпісаньне Дэкрэту № 8 тры месяцы таму. І да гэтага часу Беларусь не падрыхтаваная, каб увесьці такія зьмены. Аўтары закону нічога не паправілі.
С. Чалы: Беларусь аказалася не гатовай, каб крыптавалютная галіна пачала працаваць. На маю думку, была пастаўленая задача запусьціць гэты закон хаця б толькі для рэзыдэнтаў ПВТ. Крыптавалюты з самага пачатку былі прыдуманыя дзеля таго, каб абыходзіць дзяржаўнае рэгуляваньне, банкаўскі кантроль. Дагэтуль ня вырашаная праблема, якім чынам гэта ўвесьці ў заканадаўства.
Праграміст Алег Гнятуля зьвяртае ўвагу, што заканадаўства, датычнае ІГ-галіны, вельмі сучаснае, і таму выразна відаць кантраст з іншымі адсталымі галінамі эканомікі. Тым ня менш, ён бачыць у гэтым таксама пазытыўную рысу – існуе верагоднасьць, што сучасныя тэхналёгіі паскораць разьвіцьцё беларускай эканомікі. Акрамя таго, адзначае спэцыяліст, дэкрэт прымаўся таксама дзеля таго, каб прыцягнуць прадпрымальнікаў з Расеі, дзе абарачэньне крыптавалютамі забаронена.
А. Гнятуля: Не павінна быць выключэньняў – рабіць свабоднай толькі адну галіну. Але з іншага боку, можа наадварот, прыклад ІТ пацягне за сабою пэўную лібэралізацыю астатніх галінаў эканомікі. Гэта робіцца ў супрацьвагу заканадаўству Расеі, дзе забароненае спэкуляваньне крыптавалютамі.
Экспэрты зьвяртаюць увагу, што яшчэ да пачатку дзейнасьці Дэкрэту №8 значна павысілася колькасьць рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгій, у які за апошнія месяцы ўступіла прыкладна 50 новых суб’ектаў. Меркаваньнем Сяргея Чалага, правілы павінны быць аднолькавыя для ўсіх прадпрымальнікаў, не павінна быць вузкай групы прывілеяваных.
С. Чалы: Гэта самае лёгкае, што можна было зрабіць – зьменшыць патрабаваньні для ПВТ. Калі замест таго, каб мяняць права для ўсіх, вы ўводзіце прывілеі для сябе, то ня дзіўна, што стымулы аказацца рэзыдэнтам Парку высокіх тэхналёгій вялікія. Збудаваная рэзэрвацыя, дзе ў адрозьненьні ад усёй астатняй эканомікі і банкаўскі кантроль слабейшы, і валютны кантроль слабейшы. Тут нічога прагрэсіўнага няма, на самой справе гэта стары фэадальны падыход – разьмеркаваньне прывілеяў.
Парк высокіх тэхналёгій – гэта дзяржаўная структура пад кіраўніцтвам стваральніка БРСМ Усевалада Янчэўскага. Кампаніі ПВТ атрымліваюць значныя льготы, толькі рэзыдэнты парку могуць працаваць з крыптавалютамі. Дарэчы, улады ідуць далей у разьвіцьці ІТ-галіны ў Беларусі. Тыдзень таму Лукашэнка заявіў пра намер стварыць Міністэрства лічбавай эканомікі.
нг