Каб прыцягнуць увагу да гэтай праблемы ААН прызначыла Сусьветны дзень вады, які адзначаецца 22 сакавіка.
Сёньня ў 25 раз адзначаецца Сусьветны дзень вады. Гэты дзень вызначыла Генэральная асамблея ААН падчас саміта Зямлі, што прайшоў у Рыо-дэ-Жанэйра ў 1992 годзе. Сёлета гэта дзень ладзіцца пад лёзунгам «Прырода для вады».
Экспэрты ААН ацэньваюць, што цяпер амаль 2 мільярды чалавек жывуць ва ўмовах недахопу вады. Да 2050 года гэтая лічба вырасьце да 3 мільярдаў. 1,8 мільярды чалавек карыстаюцца бруднай вадой да піцьця, у выніку штогод гіне больш за мільён дзяцей. 80% вады, якую выкарыстоўвае чалавецтва, вяртаецца назад у прыроду без ачысткі ды паўторнага выкарыстаньня.
ААН заклікае ў Сусьветны дзень вады задумацца над гэтымі фактамі ды зьмяніць свой падыход да карыстаньня вадой. Асабліва гэта важна для краін зь невялікімі запасамі прэснай вады. Напрыклад, у Эўропе адно з найменш забясьпечаных вадой краін зьяўляецца Польшча. Гаворыць праф. Катэдры інжынэрыі навакольнага асяродзьдзя ды геадэзіі Прыродазнаўчага ўнівэрсытэту ў Любліне Кшыштаф Юзьвякоўскі.
Кшыштаф Юзьвякоўскі: Нам здаецца, што вада ёсьць, бо яна цячэ ў нашых кранах. Аднак нашыя запасы вады складаюць прыблізна 4,5 м3 вады на жыхара на суткі. Гэта запасы не нашмат большыя чым у Эгіпце. Вельмі важна, каб мы эканомілі ваду. Яшчэ нам трэба клапаціцца пра тое, каб як найлепшы і як мага больш эфэктыўна ачышчаць сьцёкі, якія мы самі прадукуем. Калі мы будзем гэта рабіць, тады захаваем ваду добрай якасьці для нашых дзяцей і будучых пакаленьняў.
У Польшчы расьце разуменьне важнасьці лепшага выкарыстаньня вады. Напрыклад, улады Варшавы мадэрнізавалі сыстэмы ачысткі, што дазваляе цяпер піць свабодна ваду з крана, хаця яшчэ некалькі год таму большасьць жыхароў польскай сталіцы набывала ваду ў бутэльках. У сваю чаргу ААН раіць сёлета, каб людзі шукалі вырашэньні для праблемы недахопу вады ў прыродзе. Ідзецца пра тое, каб рабіць нашмат больш «зялёнай» нашу інфраструктуру, альбо гарманізаваць нашую інфраструктуру з прыродай праз пасадкі новых лясоў, аднаўленьне рачных разьліваў, забалочаных тэрыторыяў. Паводле экспэртаў ААН, гэта будзе спрыяць узнаўленьню вады ў прыродзе ды паляпшэньню здароўя людзей. На ўласным прыкладзе, у гэтым пераканаліся ў Беларусі. Масавая мэліярацыя ды асушэньні балот прывялі да таго, што Беларусь згубіла значныя запасы прэснай вады, кажа прадстаўнік прыродаахоўнай арганізацыі «Багна» Канстанцін Чыкалаў.
Канстанцін Чыкалаў: У нас на дзяржаўным узроўні гаворыцца пра праблемы карыстаньня й захаваньня чыстай прэснай вады. Нашыя вучоныя падлічылі, што пасьля асушэньня балотных тэрыторый, што было ў савецкія часы, Беларусь згубіла 4 мільярдаў кубічных мэтраў прэснай вады. Цяпер ва ўсіх балот у нас захавалася 7 мільярдаў, значыць мы згубілі палову запасаў з балот з-за мэліярацыі. Я не кажу тут пра рэкі й азёры, але мы значную частку запасаў згубілі.
За апошнія гады частка гэтых рэсурсаў аднавілася, аднак ёсьць і пэўныя неспрыяльныя тэндэнцыі. У Беларусі пачалі рэканструкцыю мэліярацыйнай сеткі на патрэбы сельскай гаспадаркі. Частка эколягаў бачыць у гэтым пагрозу для водных рэсурсаў. Тлумачыць эколяг Валеры Дранчук, які змагаўся за ўратаваньне пратока Нёмана ракі Гавязьнянкі.
Валеры Дранчук: Цяпер надыходзіць новая катастрофа. За апошнія 40-50 гадоў, рачулка акрыяла, заміяндрыла, пачала аднаўляцца, зьявілася рыба ды біялягічная разнастайнасьць вярнулася. З 2016 года пачалі так званую рэканструкцыю, чыстку мэліярацыйных каналаў. Гэта памылковы падыход, родам з 1960-ых гадоў, які пагражае водным рэсурсам Беларусі. Асушальная мэліярацыя тых гадоў не мела эканамічнага эфэкту, што на пачатку 1990-ых прызналі самі аўтары задумы. Тым больш яна непатрэбная на Стаўпеччыне. Навошта зноў асушаць рэчку, прыток Нёмана. Тыя забалочваньні, якія аднавіліся акумулявалі ваду, спынялі яе ды ачышчалі ў пэўнай меры, нашыя грунты. Цяпер жа, калі грунты панізіліся, мэліярацыя пустошыць рэчку.
Гэта не адзіныя праблемы беларусаў. Таксама кажацца пра нізкі ўзровень ачысткі вады, неашчаднае выкарыстаньне. Разам з тым адмыслоўцы зазначаюць, што агульна ў Беларусі назіраецца зьмена ў стаўленьні да карыстаньня вадой. Беларусы ўсё больш сьвядома і ашчадна пачынаюць да гэтага падыходзіць.
Юры Ліхтаровіч