Logo Polskiego Radia
Print

У Бруселі зноў размаўлялі пра сытуацыю ў Польшчы

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 20.03.2018 16:12
  • Брусэль-Польшча.mp3
Дыскусія адбылася падчас сустрэчы міністраў замежных спраў 28 краін ЭЗ.
Foto: EPA/OLIVIER HOSLET/PAP

Балгарыя, што кіруе працамі Эўразьвязу, на просьбу Эўракамісіі ўпісала дадзенае пытаньне ў праграму сустрэчы.

Намесьнік старшыні Эўракамісіі Франс Тымэрманс заявіў пра дыскусію на тэму сытуацыі ў Польшчы. Ідзецца пра ацэнку гэтак званай Белай кнігі законнасьці, якую падрыхтаваў польскі ўрад, якая тычыцца рэформы судовай сыстэмы, што пачалася ў Польшчы. Міністар замежных спраў Яцэк Чапутовіч зазначыў, што Варшава разьлічвае на тое, што Эўракамісія пачуе польскія аргумэнты.

Яцэк Чапутовіч: Мне здаецца, што нашы аргумэнты ўсё ж такі ўспрымацца, даходзяць, што гэтая сыстэма не прызначаная не для таго, каб абмяжоўваць незалежнасьць судзьдзяў, а каб яе умацоўваць, палепшыць эфэктыўнасьць працы.

Абвінавачваньні наконт абмежаваньня незалежнасьці судовай сыстэмы ў Польшчы былі агучаныя Эўрапейскай камісіяй у сьнежні мінулага году. Тады Эўракамісія пачала працэдуру на аснове 7-га артыкула Дамовы аб ЭЗ і абвясьціла, што падрыхтуе заяву да дзяржаў-чальцоў ЭЗ пра парушэньне прынцыпу вяршэнства закона ў Польшчы.

Для таго, каб заява была пранятая да разгляду, патрэбная адабрэньне 22 краін ЭЗ. Афіцыйная Варшава разьлічвае, што зможа пераканаць большасьць краін падтрымаць польскі ўрад, а не Эўракамісію. Пра гэта казаў у Брусэлі намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Конрад Шыманьскі.

Конрад Шыманьскі: У Эўрапейскім Зьвязе ёсьць вялікая група дзяржаў, якія хацелі б бесканфліктнага вырашэньня дадзенай справы. Яны хацелі б проста пазьбегнуць галасаваньня.

Сёньня адбылася сустрэча з прадстаўнікамі ўсіх дзяржаў-чальцоў і прадстаўнікамі Эўрапейскай камісіі, падчас якой Польшча прадставіла свае аргумэнты на карысьць рэформы судовай сыстэмы. Варшава ўзяла за прыклад пры рэалізацыі сваіх рэформ вырашэньні іншых эўрапейскіх краін. Гаворыць прэс-сакратар ураду Яанна Капціньска.

Яанна Капціньска: Калі Польшча выкарыстала падобныя разьвязаньня, адразу пачаліся абвінавачаньні. Мы будзем адказваць на сумневы так доўга, колькі гэта спатрэбіцца. Зьвяртаю ўвагу на тое, што з розных эўрапейскіх сталіц гучаць сыгналы пра канструктыўны дыялёг з Эўрапейскай камісіяй. Спадзяюся, што ён ідзе ў добрым напрамку.

Эўрапейская Камісія дала Польшчы тры месяцы на вырашэньне праблемаў з вяршэнствам закону, Канстытуцыйным судом ды новапрынятымі законамі пра працу судоў у Польшчы. Калі польскія прапановы задаволяць Камісію, яна гатова спыніць працэдуры прымяненьня 7-га артыкула Дамовы аб ЭЗ у дачыненьні да гэтай краіны.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт