Logo Polskiego Radia
Print

Вялікабрытанія разрывае адносіны з Расеяй

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 15.03.2018 15:52
  • Вялікабрытанія разрывае.mp3
Лёндан назваў нападам на краіну атручваньне былога расейскага выведніка й ягонай дачкі ў брытанскай сталіцы.
Foto: JUSTIN LANE/PAP/EPA

Брытанцы заявілі, што арганізатарам нападу быў Крэмль. Масква адкідвае абвінавачаньні ды пагражае санкцыямі ў адказ.

4 сакавіка ў нядзелю ў брытанскі шпіталь трапіў былы супрацоўнік расейскай вайсковай выведкі Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка Юлія. Лекары заявілі, што гэтыя асобы былі атручаныя моцнай таксычнай субстанцыяй. Брытанскія ўлады пачалі сьледзтва.

Аднак на гэтым справа не завяршылася. Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй заявіла, што напад не застанецца без адказу ды выставіла Маскве ўльтыматум. Расея павінна была патлумачыць, як ужытая атрута расейскага паходжаньня трапіла ў Вялікабрытанію. Калі Расея адказу не дала, Вялікабрытанія заявіла, што выдаліць 23 расейскіх дыпляматаў, спыніць усе дыпляматычныя кантакты высокага ўзроўню, тым ліку адменіць візыт расейскага міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова на выспы.

Рэакцыя прэм’ер-міністра атрымала адабрэньне з боку апазыцыі ў парлямэнце.

Тэрэза Мэй: Сёньня няма іншай высновы, чым тое, што расейская дзяржава вінаватая ў забойстве спадара Скрыпаля ды ягонай дачкі. Таксама вінаватая ў тым, што стварыла дадатковую пагрозу для іншых жыхароў Солсбэры, таксама паліцыянта Ніка Бэйлі. Гэта акт зьяўляецца нелегальным выкарыстаньнем сілы расейскай дзяржавай супраць Вялікабрытаніі.

У зьвязку з паўсталай сытуацыяй, Лёндан склікаў надзвычайнае паседжаньне Рады бясьпекі ААН. Падчас паседжаньня польская амбасадара ў ААН Ёана Вронэцка выказала салідарнасьць з Лёнданам ды заклікала Расею даць тлумачэньні.

Ёана Вронэцка: Мы асуджаем гэты надзвычайны напад на тэрыторыі Вялікабрытаніі, што ўпершыню меў месца ў Эўропе пасьля ІІ Сусьветнай вайны. Спачатку ў Сырыі рэгулярна выкарыстоўвалася хімічная зброя, і вось цяпер чарговы выпадак парушэньня міжнароднага права ды Канвэнцыі аб забароне вырабу, захоўваньня, выкарыстаньня хімічнай зброі, а таксама зьнішчэньня яе запасаў.

Спроба атручваньня расейскага былога агента ў Англіі будзе адной з тэмаў саміта ЭЗ, што пройдзе ў Брусэлі ў будучы чацьвер. Пра гэта паведаміў кіраўнік Эўрапейскай Рады. Таксама дадзеную сытуацыю камэнтавала NATO на скліканай адмыслова сустрэчы амбасадараў краін Альянса. Больш падрабязна з Брусэля перадае карэспандэнт Польскага радыё Бэата Пламэцка.

Бэата Пламэцка: Прадстаўнікі краін Паўночнаатлянтычнага альянсу заклікалі Расею адказаць на абвінавачаньні афіцыйнага Лёндана. Брытанцы перакананыя, што за спробай забойства агента й ягонай дачкі стаіць Масква. Таксама выказанае занепакаеньне ў зьвязку з выкарыстаньнем атрутных рэчываў нэрвова-паралітычнага характару ўпершыню на тэрыторыі NATO з моманту ўтварэньня. У пакце заявілі, што выкарыстаньне атруты сьведчыць пра парушэньне міжнародных норм ды дамоўленасьцяў. Амбасадары NATO заявілі, што Альянс заўсёды выступаў супраць выкарыстаньня хімічнай зброі. Дадзеная зброя пагражае дэстабілізацыяй для ўсёй плянэты, а людзей, што яе выкарысталі, трэба прыцягнуць да адказнасьці. Краіны NATO прапанавалі Вялікабрытаніі дапамогу пры правядзеньні сьледзтва.

У сваю чаргу Масква пакуль ня вызначылася, якой будзе форма рэакцыі. Гучаць абяцаньні даць востры адказ. З такімі заклікамі выступіў намесьнік старшыні Камісіі замежных спраў Сяргей Кісьляк. Больш падрабязна з Масквы перадае карэспандэнт Польскага радыё Мацей Ястжэмбскі.

Мацей Ястжэмбскі: Яшчэ падчас выступу Тэрэзы Мэй у брытанскім парлямэнце расейскае МЗС выдала заяву, у якой, што праўда, не паведамлялася, якім чынам Маскве зьбіраецца адказваць Лёндану. Расейскія дыпляматы толькі выказалі зьдзіўленьне ды абурэньне выступам брытанскай прэм’ер, санкцыі назвалі правакацыяй, якая парушае асновы міжнароднага дыялёгу. Пазьней прэсавая сакратарка расейскага МЗС Марыя Захарава заявіла, што Масква адкажа адпаведным чынам. Цяпер вядзецца праца па пошуку неабходных сродкаў. Востра зрэагаваць на брытанскія санкцыі заклікалі расейскія палітыкі, а Дзяржаўная дума абвясьцілі, што правядзе дыскусію ды прыме ўхвалу на гэтую тэму.

Вялікабрытанія абвінаваціла Расею ў варожых дзеяньняў – нападзе на тэрыторыі Аб’яднанага каралеўства з выкарыстаньнем баявых атрутных рэчываў. Лёндан зрывае кантакты на вышэйшым узроўні з Расеяй. Масква адкідвае абвінавачаньні ды пагражае санкцыямі ў адказ.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт