У Варшаве былі абвешчаныя вынікі беларускай дыктоўкі, якая прайшла ў Дзень нацыянальных моваў 21 лютага ў Варшаўскім унівэрсытэце. Дыктоўку напісалі 35 чалавек. Арганізатарам мерапрыемства выступіла Катэдра беларусістыкі.
На абвяшчэньне вынікаў былі запрошаныя ўсе ўдзельнікі дыктоўкі. Сабраных прывітала кіраўнічка Катэдры беларусістыкі прафэсар Ніна Баршчэўская.
Праф. Ніна Баршчэўская
Н.Баршчэўская: У напісаньні дыктоўкі прынялі ўдзел, з аднаго боку, асобы, для якіх беларуская мова зьяўляецца роднай мовай, з другога боку, асобы, якія вывучаюць беларускую мову як замежную. Я думаю, што гэта асабліва важна ў такой складанай сытуацыі зь беларускай мовай на Бацькаўшчыне. Дыктоўка была прымеркаваная да 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэтае стагодзьдзе мы сёлета ўшаноўваем. Мы падрыхтавалі пасьведчаньні для ўсіх усіх удзельнікаў, дыплёмы для першага, другога й трэцяга месцаў. Паколькі многія напісалі вельмі добра, то ў нас па тры асобы да кожнага месца.
Вольга Трацяк, навуковая супрацоўніца беларусістыкі, арганізтарка й каардынатарка дыктоўкі: Спачатку мы не плянавалі, што нам удасца купіць такія ўзнагароды, як атрымалася. За першае месца мы купілі пляншэты фірмы "Самсунг" высокага кляса. Адзінае, што мы не ўзялі пад увагу, што сярод ляўрэатаў першага месца можа быць асоба невідушчая. Таму мы, як арганізатары, дазволілі сабе скансультаваць гэтую ўзнагароду, каб яна была як мага найбольш прыдатнай для нашага ляўрэата. Другое месца атрымоўвае таксама таблеты, толькі меншага фармату, а за трэцяе месца мы падрыхтавалі прылады для чытаньня электронных кніг "Kindle".
Павал з Масквы расказаў нашай радыёстанцыі, што ягоныя бацькі вельмі абрадаваліся, даведаўшыся, што ён прымаў удзел у беларускай дыктоўцы ў Варшаве. Бацька Паўла зь Беларусі, але ніхто з родных не карыстаецца беларускай мовай. Ён таксама не размаўляе па-беларуску, але выдатна піша на гэтай мове.
Павал: Яны былі шчасьлівыя, што ў Варшаве ёсьць такія магчымасьці, што можна было прыняць удзел у беларускай дыктоўцы. Я сёньня атрымаю пасьведчаньне. Я вырашыў прыняць удзел у дыктоўцы проста для сябе. Было 35 удзельнікаў, а я недзе пасярэдзіне.
Найлепш беларускую дыктоўку напісалі Вячаслаў Чэрнеў і Віктар Корбут. Трэцяя асоба засталася ананімнай.
Віктар Корбут: Апошні раз я пісаў дыктоўку яшчэ ў школе. І калі Вольга Трацяк мне параіла прыняць удзел у гэтым мерапрыемстве, то я падумаў, што гэта будзе пэўны від спорту - проста праверыць свае веды з часоў школы. Як вядома, беларуская мова мае шмат розных варыянтаў, шмат у ёй спрэчных момантаў. І сапраўды, магчымасьць пераканацца, што ты ўмееш карыстацца беларускай літаратурнай мовай - гэта заўсёды карысна. Таму я спадзяюся, што ў наступным годзе, калі адбудзецца гэты дыктант, будзе яшчэ больш удзельнікаў, тым, больш, што як мы бачым, яшчэ ёсьць і вялікі стымул для таго, каб перамагчы. (смех) Я ня ведаў, што будуць такія ўзнагароды, і ня дзеля ўзнагарод удзельнічаў, але тым ня менш прыемна, бо заўсёды такія высокатэхналягічныя рэчы прыдадуцца ў далейшым вывучэньні беларускай мовы.
Вячаслаў Чэрнеў прасіў прабачэньня ў арганізатараў за тое, што ён не папярэдзіў, што будзе ўдзельнічаць у дыктоўцы.
В.Чэрнеў: Шчыра кажучы, я хацеў прыйсьці не з кампутарам, але з брайлеўскай прыладай, з дапамогай якой мы пішам. Але я падумаў, што мне будзе цяжэй пісаць, а іншае – калі пішам прыборам ды яшчэ і па-беларуску, а раней я ніколі ня ўдзельнічаў у беларускамоўных дыктоўках. І па-трэцяе, у Польшчы знайсьці знаўцу беларускага Брайля, я думаю, было б складана.
Ляўрэат першага месца беларускай дыктоўкі Вячаслаў Чэрнеў, ураджэнец Казахстану, для якога беларуская мова была трэцяй вывучанай мовай, пасьля расейскай і польскай.
Рэпартаж зь мерапрыемства падрыхтавала Яланта Сьмялоўская