14 лютага памёр вядомы польскі рэжысёр Антоні Краўзэ, сёньня адбылася паніхіда ды ўрачыстае пахаваньня мастака.
Антоні Краўзэ памёр ва ўзросьце 78 год. Ён быў рэжысёрам ды сцэнарыстам дзясятка кароткамэтражных ды мастацкіх фільмаў. Найбольш вядомыя ягоныя стужкі – гэта «Манідла», «Пракляты двор», «Божы палец», «Акварыюм», «Чорны панядзелак. Ян Вісьнеўскі загінуў», «Смаленск» – пра аварыю прэзыдэнцкага самалёта ў красавіку 2010-га года.
Пахавальнае набажэнства адбылося ў касьцёле айцоў дамінікаў у Варшаве. Урачыстасьць мела дзяржаўны характар. Разьвітацца з рэжысёрам прыйшлі сям’я, сябры ды гледачы ягоных фільмаў.
Актор ды сатырык Ян Петшак зазначыў, што Антоні Краўзэ быў надзвычай таленавітай асобай.
Ян Петшак: Ён быў душэўным таварышам, які любіў сьпяваць падчас сяброўскіх вечарын. Ягоная ўлюбёная песенька «Каханкі з Каменнай вуліцы». Да таго ж ён любіў пажартаваць, часта наведваў наш тэатар гумару «Падвал пад баранамі». Ён і сам у маладосьці таксама выступаў. Тут у нас было вялікае ўзаемаразуменьне.
"Цёплы, эмацыйны, адкрыты на сьвет", - згадваў памерлага рэжысёр Кшыштаф Занусі.
Кшыштаф Занусі: Я люблю ягоныя фільмы, якія ён рабіў разам з групай «Тор». Я іх уважліва праглядаў. Ён зрабіў шмат добрых фільмаў, адзін з найлепшых у гісторыі польскага кіно – «Чорны панядзелак». Мне будзе яго не хапаць. Ён быў надзвычайным чалавекам, вельмі адрозьніваўся ад тых, хто ставіцца да мастацтва як да рамяства. Для яго было пакліканьне.
Міністар культуры ды нацыянальнай спадчыны Польшчы Пётр Глінскі зазначыў у сваім выступе, што Антоні Краўзэ быў чыстым ды поўным энтузіязму мастаком, але ён заплаціў высокую цану за вернасьць сваім перакананьням.
Пётр Глінскі: Ён ня ішоў на кампрамісы, не хіліў галаву перад уладамі, і за гэта плаціў вялікую цану. Нам, звычайным людзям, нават цяжка ўявіць наколькі вялікую. Гэта ведаюць толькі сапраўдныя мастакі. Ён ім быў і застаўся да канца. Ён сказаў аднойчы, што стварыў фільм пра смаленскую катастрофу з унутранай патрэбы. Многія тады маўчалі, ухіляліся ад гэтага абавязку. Адзіным, хто ўзяўся за выкананьне яго ў тыя часы ганьбаваньня, быў Антоні Краўзэ.
Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда ўзнагародзіў памерлага рэжысёра Вялікім крыжам Ордэна Адраджэньня Польшчы за тое, што ў сваёй творчасьці вядомы кінэматаграфіст не баяўся шукаць дарогі да праўды. Пра гэта гаварылася ў лісьце прэзыдэнта, які прачытаў дзяржаўны сакратар Адам Квяткоўскі.
Адам Квяткоўскі: Ён заўсёды імкнуўся да праўды, шукаў ды жыў ёй. Ён ведаў, што яна часта мае розныя твары. Ён ведаў, што патрэбна ўнутраная сіла, каб усьвядоміць яе і казаць іншым. Антоні Краўзэ быў сапраўдным мастаком моцным духам ды надзвычайным чалавекам, які меў моцны характар, верыў у ідэалы ды каштоўнасьці.
У Польшчы прайшлі дзяржаўныя ўрачыстасьці разьвітаньня з вядомым рэжысёрам Антонім Краўзэ. Ён быў рэжысёрам ды сцэнарыстам. Найбольш вядомыя ягоныя стужкі – гэта »Пракляты двор«, »Акварыюм«, »Чорны панядзелак. Ян Вісьнеўскі загінуў», «Смаленск».
Юры Ліхтаровіч