Logo Polskiego Radia
Print

Прах графіні М. Радзівіл перанесены ў менскі касьцёл

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 19.02.2018 17:09
  • Радзівіл.mp3
"На Радзіму вярнулася вялікая патрыётка і мэцэнатка беларускай зямлі".
Прах Магдалены Радзівіл пахавалі ў Менску.Прах Магдалены Радзівіл пахавалі ў Менску.By невядомы - Ludzie Pragi - Twoja Praga, Public Domain, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=15785593

У суботу ў менскім касьцёле Найсьвяцейшай тройцы (сьв. Роха) адбылося перапахаваньне праху Магдалены Радзівіл, найбольшай мэцэнаткі беларускай культуры на пачатку 20-га стагодзьдзя. Народжаная ў 1861 годзе ў Варшаве графіня была вялікай патрыёткай Беларусі, адкуль прыйшлося ёй уцячы пасьля бальшавіцкага перавароту.

Магдалена Радзівіл нарадзілася ў сям’і графскага роду Завішаў-Кежгайлаў. Яе бацька, буйнейшы землеўладальнік Меншчыны, прывіў ёй любоў да гістарычнай радзімы – Беларусі. Часта бывала ў Менску, вакол яе зьбіралася беларуская творчая інтэлігенцыя. Другім мужам Магдалены стаў князь Мікалай Радзівіл, пляменьнік нясьвіскага ардыната Антона Радзівіла. Пасьля рэвалюцыі ёй прыйшлося зьехаць зь Беларусі. Памерла ў Швэйцарыі, але да канца жыцьця сумавала па Менску.

Цяпер прах Магдалены Радзівіл вяртаецца ў Беларусь. «Гэта значная падзея, паколькі на Радзіму вярнулася вялікая патрыётка і мэцэнатка беларускай зямлі», – гаворыць пробашч касьцёла Сьв. Роха кс. Юры Санько.

Ю. Санько: Яна вымушаная была выехаць з бацькаўшчыны, калі прыйшлі бальшавікі. Яна так многа зрабіла для самасьвядомасьці беларускага народа, і цяпер яна вяртаецца на радзіму. Яна сумавала па Менску, дзе так шмат зрабіла: адкрывала школы на беларускай мове, выдзяляла стыпэндыі, падтрымлівала студэнтаў, будавала шпіталі, фундавала часопісы, рэдакцыі. Вялікая падзея для ўсяго нашага грамадзтва, таму што М. Радзівіл – гэта выбітная асоба 20-га стагодзьдзя. Мы павінны ганарыцца такімі людзьмі. Кожны з нас ведае, як шмат зрабіў род Радзівілаў на нашай зямлі, але вяртаючы прах Магдалены Радзівіл у Менск, мы вяртаем яе туды, дзе яна адчувала сябе шчасьлівай.

Нашчадкі Магдалены Радзівіл вырашылі перапахаваць яе парэшткі ў Беларусі. «Гэта сымбалічны жэст, – адзначае Мацей Радзівіл, які ўдзельнічаў у цырымоніі. – Яна марыла жыць у Беларусі, марыла пра свабодную дэмакратычную Беларусь».

Мацей Радзівіл: Магдалена Радзівіл была нетыпічнай асобай у нашай сям’і. Яна была самай «беларускай» з усіх Радзівілаў. Хаця, трэба сказаць, што іншыя прадстаўнікі роду таксама прыхільна ставіліся да мараў беларусаў пра незалежнасьць. Аднак Магдалена была выключнай асобай, якая спансіравала розныя культурныя, дабрачынныя акцыі, накіраваныя на ўмацаваньне беларускай мовы. Беларуская культура была ў тыя часы сялянскай культурай, пазбаўленай магчымасьці фінансаваньня з колаў багатых слаёў грамадзтва. Большасьць землеўладальнікаў атаясамлівала сябе або з польскай, або з расейскай культурай. Магдалена марыла пра незалежную Беларусь, якая працягвала б слаўныя традыцыі Вялікага Княства Літоўскага. Нельга забываць, што сям’я Завішаў-Кежгайлаў дала ВКЛ вялікіх канцлераў і выдатных палітыкаў.

На ўрачыстасьць перапахаваньня праху Магдалены Радзівіл у Менск прыбылі таксама праўнукі славутай прадстаўніцы роду Радзівілаў – Марлена і Адам Замойскія. «Гэта важная ўрачыстасьць, паколькі ў Швэйцарыі ўсё менш людзей наведвала магілу Магдалены», – кажа Адам Замойскі.

А. Замойскі: Прабабка ляжала ў магіле ў Фрыбургу ў Швэйцарыі, дзе ўсё менш блізкіх магло яе наведваць. Існавала небясьпека, што магіла агулам будзе зьнесена. Ведаючы яе вялізную любоў да Беларусі, мы вырашылі, што добрым крокам будзе перанос яе праху ў Менск, дзе людзі будуць апекавацца яе парэшткамі, памяць пра яе будзе далей жыць.

У рамках урачыстасьці адбылася таксама невялікая канфэрэнцыя, прысьвечаная жыцьцю і дзейнасьці Магдалены Радзівіл, – гаворыць ксёндз Юры Санько.

Ю. Санько: Мы хацелі, каб людзі ня толькі ведалі, што будзе перапахаваная Магдалена Радзівіл, але таксама пачулі, хто яна, чым яна адметная. Яна бачыла перш за ўсё чалавека і дапамагала чалавеку, а пазьней чалавек сам разьвіваўся далей у той ці іншай канфэсіі, у сваёй веры.

Дзякуючы гэтай незвычайнай гістарычнай падзеі ў беларусаў зьявілася яшчэ адна магчымасьць узгадаць свае карані, задумацца пра мінулае, гледзячы ў заўтрашні дзень.

Магдалена Радзівіл асаблівую падтрымку аказвала сьвядомай беларускай інтэлігенцыі. Яе маёнтак у Кухцічах наведвалі Вацлаў Ластоўскі, Іван і Антон Луцкевічы ды іншыя дзеячы руху беларускага адраджэньня. У знак удзячнасьці графіні Вацлаў Іваноўскі і Іван Луцкевіч зьмясьцілі яе сямейны герб – Лебедзя – на першай старонцы зборніка вершаў Максіма Багдановіча «Вянок». Пры гэтым яна была глыбока веруючым чалавекам, аказвала дапамогу многім беларускім каталіцкім арганізацыям.

М. Радзівіл памерла ў 1945 годзе ў Швэйцарыі, дзе і была пахаваная.

У. Пац/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт