Logo Polskiego Radia
Print

Менск гатовы выслаць міратворцаў у Данбас, а ці гатовыя беларусы?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 14.02.2018 18:21
  • Менск гатовы выслаць міратворцаў у Данбас, а ці гатовыя беларусы.mp3
Верагоднасьць таго, што беларускіх міратворцаў адправяць на Ўсход Украіны значна павялічылася – падкрэсьлівае экспэрт.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Страты беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў, прапанова выслаць беларускіх міратворцаў у Данбас і карупцыйны скандал міжкантынэнтальнага маштабу з удзелам экстравагантнай ураджэнкі Бабруйска – у мінулыя 7 дзён у беларускай інфармацыйнай прасторы не бракавала палітычных ды эканамічных тэмаў для абмеркаваньня. Чаму флягманы беларускай эканомікі ўжо ня ў стане зарабіць грошы? Колькі беларусаў будзе працаваць на Захадзе ў бліжэйшыя гады? Нарэшце, ці зьменіць глябальную палітыку скандал з удзелам «паляўнічай на алігархаў» Насьці Рыбкі? На гэтыя пытаньні ў «Палітычным люстэрку» адказвае Максім Руст.

Падатковы манэўр Крамля пазбаўляе Менск магчымасьці зарабіць

У студзені абодва беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы атрымалі страты. Пра гэта паведаміў віцэ-прэм'ер Уладзімер Сямашка 8 лютага на нарадзе па выніках працы канцэрна «Белнафтахім». Страты «Нафтану» склалі каля 25 мільёнаў даляраў. Страты Мазырскага НПЗ – каля 13 мільёнаў. Чаму прадпрыемствы, якія прыносілі Беларусі валютную выручку доўгія гады, цяпер ня ў стане зарабіць грошы? Якую новую крыніцу даходу ўлады знойдуць ім на замену?

Максім Руст: Гэта прадказальная сытуацыя – яшчэ ў мінулым годзе праз падатковыя манэўры расійскага боку ў нафтаперапрацоўчай галіне былі прагнозы, што ў 2018 годзе Беларусь патэнцыйна можа страціць 1.6 млд даляраў. Але экспартнае мыта за вываз нафтапрадуктаў з расійскай сыравіны будзе заставацца ў беларускім бюджэце, гэта зможа часткова выратаваць сытуацыю.

Галоўная жа праблема застаецца нязьменнай – абсалютная залежнасьць беларускай гаспадаркі ад расійскіх энэрганосьбітаў. І пагроза ня толькі ў палітычнай залежнасьці, але і ў вялікай уразьлівасьці беларускай эканомікі на зьмены цэнаў на энэрганосьбіты, а таксама ў тым, што расейскі бок можа маніпуляваць альгарытмамі разьлікаў за нафту. Беларусь павінна ня толькі шукаць новыя крыніцы даходаў, а перадусім адыходзіць ад гаспадаркі залежнай выключна ад нафтадаляраў.

Усё больш беларусаў будуць выяжджаць у Польшчу

У 2017 годзе, у параўнаньні да папярэдняга, колькасьць беларускіх працаўнікоў вырасла ўдвая, а ў параўнаньні з 2015-м – ажно ў 10 разоў. Такую статыстыку апублікавала ў сераду польскае выданьне Dziennik Gazeta Prawna. У мінулым годзе ў Польшчы грамадзянам Беларусі было выдадзена 58 тысячаў дазволаў на працу. Якіх маштабаў беларуская працоўная міграцыя можа дасягнуць праз год-два, і як гэта адабʼецца на эканоміцы Беларусі?

Максім Руст: Працоўная міграцыя з Беларусі ў Польшчу й далей на Захад будзе ня рэзка, але стабільна расьці. Сытуацыя з працаўладкаваньнем унутры краіны не паляпшаецца, а Польшча спрашчае бюракратыю, зьвязаную з прыёмам беларусаў на працу – таму і колькасьць беларускіх працаўнікоў будзе павялічвацца. Тэарэтычна гэта можа спачатку нават узмоцніць беларускую гаспадарку – калі грошы, заробленыя ў Польшчы, будуць траціцца ў Беларусі, і калі такія працаўнікі будуць вяртацца. Але вялікая праблема ўзьнікне тады, калі яны будуць заставацца ў Польшчы ці Эўразьвязе й пачнуць заахвочваць сваіх родных да пераезду.

Да таго, што выяжджаюць высовыкваліфікаваныя кадры і адбываецца «ўцечка мазгоў», мы прызвычаіліся. Аднак на гарызонце ўзьнікла яшчэ адна значная праблема – небясьпека таго, што шараговыя рабочыя пачнуць шукаць працу дзе заўгодна, толькі не ў Беларусі.

Беларуская Рыбка не падыме хвалю міжнароднага скандалу

Беларуская дзяўчына з эскорт-агенцтва выпадкова дапамагла раскрыць карупцыйныя сувязі праміж расейскімі чыноўнікамі й сябрамі каманды прэзыдэнта ЗША. Ураджэнка Бабруйску Насьця Вашукевіч (Насьця Рыбка), падрабязна распавяла ў сацсетках пра свой адпачынак з Алегам Дзерыпаскам на яго прыватнай яхце. На відэа Рыбкі патрапіў і іншы ўдзельнік падарожжа – віцэпрэмʼер Расеі Сяргей Прыходзька, адказны за зьнешнюю палітыку Крамля. Вядома, што падчас выбараў у ЗША шэф штабу Дональда Трампа Пол Манафорт рэгулярна інфармаваў Дзерыпаску пра ход кампаніі. Ёсьць падставы меркаваць, што Дзерыпаска быў толькі пасярэднікам паміж Трампам і чалавекам Пуціна Прыходзькам. Як скандал з удзелам эскортніцы з Бабруйска паўплывае на сусьветную палітыку і ці нейкім чынам адабʼецца на Беларусі?

Максім Руст: У дадзены момант цяжка нешта прагназаваць. Бакі абменьваюцца судовымі позвамі, змяняюць свае ранейшыя заявы і гд. Я думаю, гэта сытуацыя ніяк не адабʼецца на Беларусі, акрамя мэдыйнага ажыятажу. І сам скандал наўрад ці паўплывае на сусьветную палітыку. У нашых рэаліях такія справы звычайна тым ці іншым спосабам ‘’замінаюцца’’, і сам скандал застанецца не ў рубрыцы «сусьветная палітыка», а толькі ў плётках з жыцьця зорак. Але сытуацыя можа карысна адбіцца на самой спадарыні Рыбцы – наклад яе кніжак напэўна вырасьце.

Ці гатовыя беларусы паслаць сваіх вайскоўцаў у Данбас?

Беларусі разам з Бразыліяй і Швэцыяй запрапануюць накіраваць міратворчы кантынгент у Данбас. Такія крокі прадугледжвае даклад, падрыхтаваны былым генэральным сакратаром NATO Андэрсам Фогам Расмусэнам, які цяпер зьяўляецца дарадцам прэзыдэнта Украіны Пятра Парашэнкі. Прапановы мірнага ўрэгуляваньня расейска-ўкранскага канфлікту будуць разгледжаныя на мірнай канфэрэнцыі з удзелам прадстаўнікоў Нямеччыны, Расеі, Украіны й Францыі, якая пройдзе ў Жэнэве. Ці пагодзяцца ўлады Расеі, Украіны ды самой Беларусі на адпраўку міратворцаў у Данбас? Ці будзе беларуская армія нейтральнай? Ці гатовыя беларуская армія й грамадзтва да такой місіі?

Максім Руст: Я думаю, расійскі бок пагодзіцца – кандыдатура беларускіх міратворцаў абгрунтоўвалася між іншым тым, што Беларусь гэта краіна, якой давярае Расія. Украіна таксама, хутчэй за ўсё, пагодзіцца. Могуць быць праблемы з тым, што мы афіцыйна саюзьнікі Расіі, але ў расійска-ўкраінскім канфлікце Беларусь нават больш чым нейтральная, і дадаткова беларускае кіраўніцтва вельмі часта падтрымлівае Кіеў ад 2014 году.

Самае складанае пытаньне будзе для нашага грамадзтва – мне падаецца, мэнтальна яно не гатовае, каб пасылаць сваіх вайскоўцаў у зону канфлікту, тым больш – да адной з найбольш блізкіх нам суседак. Афіцыйны Менск даўно заяўляў, што гатовы выслаць міратворчы кантынгент у Данбас. Улады будуць спрабаваць тлумачыць грамадзтву такое рашэньне, і – калі не будзе вонкавых праблемаў – беларускі кантынгент паедзе. Трэба памятаць, што менавіта вобраз нэйтральнага міратворца быў адной з падставаў нармалізацыі адносінаў з Захадам, і ад такой магчымасьці далей зьбіраць палітычныя і эканамічныя профіты на міжнароднай арэне Менск не адмовіцца.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт