Лукашэнка нечакана замяніў кіраўнікоў дзяржаўных СМ, прарасейскіх публіцыстаў агенцтва Regnum прызналі вінаватымі, але не адправілі за краты, а ўлады адмовіліся рабіць выбары больш празрыстымі. Такія палітычныя падзеі адбыліся ў Беларусі за мінулыя 7 дзён. Ці зьменіцца «ідэалягічная лінія» ўладаў? Чаму прысуд «рэгнумаўцам» быў менавіта такім, а ня іншым? Ці адмова рэфармаваць выбарчы кодэкс не пагоршыць адносінаў паміж Беларусьсю й Захадам? На гэтыя пытаньні Аляксандра Папко ў «Палітычным люстэрку» адказвае аналітык EAST Center Андрэй Елісееў.
ІТ-сэктар «падтрымае дзяржаву»?
1 лютага беларускія ІТ-прадпрымальнікі сустрэліся з кіраўніцтвам сілавога блёку. У Парку высокіх тэхналёгіяў прайшоў круглы стол, прысьвечаны прававым аспэктам рэалізацыі дэкрэту «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі». У дыскусіі ўдзельнічалі прадстаўнікі КДБ, МУС, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру. Пра тое, як зарабляць у лічбавай галіне і не патрапіць пад удар праваахоўнікаў, зь імі размаўлялі прадпрымальнікі Віктар Пракапеня, Дзмітрый Гурскі, кіраўнік прадстаўніцтва кампаніі «Майкрасофт» у Беларусі Антон Мякішаў, бізнэсмэн Алег Хусаенаў. Ці айцішнікі забясьпечаць сабе абарону ад крымінальнага перасьледу, якой не ўдалося дабіцца нават Юрыю Чыжу й Віталю Арбузаву? Ці дамова паміж дзяржавай і буйнымі ІТ-кампаніямі не прывядзе да манапалізацыі рынку?
Андрэй Елісееў: Выглядае на тое, што беларускія ўлады абмяркоўваюць пэўны «сацыяльны кантракт» з прадстаўнікамі галіны інфармацыйных тэхналёгіяў. Гэтая сустрэча – лягічнае наступства занепакоенасьці Лукашэнкі, якую ён агучыў на сьнежаньскай нарадзе адносна дэкрэту пра лічбавую эканоміку. Маўляў, мы забясьпечым IT-галіне добрыя ўмовы і «ціхую гавань», але ж яна павінна падтрымліваць дзяржаву, маючы на ўвазе – цяперашнія ўлады. Галіна складаная і патрабуе добрых тэхнічных ведаў, таму самы час пракансультавацца з беларускімі грандамі ў гэтай сфэры.
Менск прадэманстраваў прыхільнікам «русского мира» межы
2 лютага быў агучаны прысуд па справе прарасейскіх публіцыстаў агенцтва «Рэгнум». Дзьмітры Алімкін, Юры Паўлавец і Сяргей Шыптэнка былі прызнаныя вінаватымі ў распальваньні міжнацыянальнай варожасьці й асуджаныя на пяць гадоў турмы з адтэрміноўкай на тры гады. Які сыгнал такі прысуд дае Крамлю, прыхільнікам «русского мира» ў Беларусі і беларускаму грамадзтву?
Андрэй Елісееў: Апошнія пару гадоў беларускія ўлады трымаюцца такой стратэгіі: павалтузіць за кратамі сваіх апанэнтаў і прысудзіць умоўнае пакараньне альбо адтэрміноўку, гэта значыць не пакінуць іх у турме. Працэсам над рэгнумаўцамі беларускія ўлады далі зразумець, што ёсьць чырвоныя рысы і незадаволенасьць да надта актыўных прыхільнікаў «русского мира», а ня толькі для прыхільнікаў празаходняга курсу. Пры гэтым дадаткова напружваць замежныя адносіны ні з Захадам, ні з Масквой, выносячы жорсткія прысуды, у цяперашняй зьнешнепалітычнай сытуацыі беларускім уладам нявыгадна.
Несумленныя выбары дыялёгу з Захадам не перашкаджаюць
Беларускія ўлады не зьбіраюцца рабіць выбары больш празрыстымі. Працы над рэформай выбарчага заканадаўства і прывядзеньня яго ў адпаведнасьць з рэкамэндацыямі АБСЭ спыненыя. Пра гэта 1 лютага заявіла кіраўнік беларускага Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына. Чаму Менск адмовіўся ад рэформаў Выбарчага кодэксу, пра якія размаўляў з Захадам больш за год? Як гэта адаб'ецца на стасунках паміж Беларусьсю і краінамі Эўразьвязу?
Андрэй Елісееў: Дзеля справядлівасьці, трэба сказаць, што і тыя зьмены, якія беларускія ўлады абяцалі зрабіць, не падрывалі б асноваў брудных і несумленных выбарчых працэдураў у Беларусі. Дзіўнага тут нічога няма, бо на іх трымаецца ўся ўладная сыстэма. А тое, што нават на мізэрныя зьмены пайсьці адмовіліся, вынікае з простага ўсьведамленьня Лукашэнкі і ягонага блізкага кола: ЭЗ і іншыя заходнія партнэры і без таго пайшлі на разьвіцьцё адносінаў з Беларусьсю. Захад не выставіў прынцыповай перадумовай разьвіцьця адносін прыняцьцё зьменаў у выбарчае заканадаўства. А тады навошта ўладам гэта ўсё?
ДзяржСМІ пойдуць у сацыяльныя сеткі?
У аўторак 6 лютага Аляксандар Лукашэнка замяніў кіраўніцтва Бетэлерадыёкампаніі, газэты «СБ. Беларусь сегодня» і тэлеканалу СТБ. На замену Генадзю Давыдзьку, Паўлу Якубовічу ды Юрыю Казіятку прыйшлі тэлевядучы БТ Іван Эйсмант, а таксама былы кіраўнік дзяржаўнага інфармагенцтва БЕЛТА Дзьмітры Жук і намесьнік міністра інфармацыі Ігар Луцкі. Як гэтая нечаканая кадравая перастаноўка паўплывае на «ідэалягічную лінію» дзяржаўных СМІ і ідэалёгію беларускіх уладаў?
Андрэй Елісееў: Ідэалягічная лінія застанецца непахіснай, але беларускія ўлады, гледзячы зь нядаўніх заяваў Лукашэнкі і іншых чыноўнікаў, хочуць палепшыць працу дзяржаўных мэдыяў. Па-першае, у пляне лепшай прысутнасьці і большага ўплыву ў Інтэрнэце. Па-другое, яны хочуць захаваць давер беларускай тэлеаўдыторыі ў сытуацыі вельмі высокай папулярнасьці расійскіх тэлеканалаў, якія часам трансьлююць нязручную для ўладаў крытыку.
Размаўляў Аляксандар Папко