Новыя крымінальныя справы супраць буйных бізнэсмэнаў, заявы чыноўнікаў пра павышэньне цэнаў на бэнзін, пратэсты грамадзянаў супраць кітайскіх заводаў – такімі былі асноўныя сацыяльна-палітычныя падзеі апошніх 7 дзён у Беларусі. Чаму ў год бізнэс-лібэралізацыі ўлады заводзяць справы супраць буйных прадпрымальнікаў? Як Беларусь перажыве скарачэньне расейскіх нафтавых субсідыяў і ці абавязкова кітайскія заводы павінны быць шкодныя для навакольнага асяродзьдзя? На гэтыя пытаньні Аляксандра Папко адказвае палітоляг Максім Руст.
Грошы на выплату пазыкаў будуць выбіваць з бізнэсмэнаў
У новым годзе беларускія ўлады працягнулі крымінальны перасьлед буйнога бізнэсу. 10 студзеня стала вядома, што сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу ў дачыненьні да кампаніі «НП-Сэрвіс» Івана Беразоўскага. Уладальніка менскага ўнівэрсама «Цэнтральны» й сеткі крамаў «Домашний» падазраюць у нясплаце падаткаў. Навошта беларускія ўлады праводзяць кампанію супраць бізнэсмэнаў у год, які аб'явілі годам разьняволеньня прадпрымальніцкай ініцыятывы?
Максім Руст: Сёньняшняя перадача ўвогуле будзе зьвязаная з беларускай эканомікай. І менавіта праз гаспадарчую сытуацыю трэба разглядаць і гэтую справу. Паводле афіцыйных прагнозаў, дзяржзапазычанасьць у 2018 можа вырасьці амаль на адну чацьвёртую й дасягнуць рэкордных 40-45 адсоткаў ВУП. Запазычанасьць велізарная, становішча эканомікі ўсім вядомае, а грошы патрэбныя. Дзяржава шукае сродкаў усюды, дзе гэта магчыма. Я думаю, менавіта сытуацыя са спагнаньнем падаткаў зь вялікага бізнэсу ды ўшчыльненьне падатковых калідораў будзе фармаваць павестку дня. Але гэта ня мусіць быць зьвязана з перасьледам малога бізнэсу – дзяржава павінна разумець, што менавіта разьняволеньне прадпрымальніцкай ініцыятывы можа прынесьці ёй сродкі для сплаты запазычанасьці. Але вялікаму бізнэсу мала не пакажацца.
Іншае пытаньне ў тым, што – наколькі мы ведаем – недаплата падаткаў гэтага бізнэсоўцы складае менш за 1 млн даляраў. Але гэта невялікая сума, таму можна шукаць і палітычныя матывы. Я не выключаю, што паляваньне на алігархаў, якое мы назіралі ў 2016-м, можа ў той ці іншай форме паўтарыцца і ў гэтым годзе.
Паліва падаражэе, але паэтапна
Кошты на паліва ў Беларусі неабходна падняць на 23 %. Пра гэта 11 студзеня заявіў намесьнік старшыні канцэрну «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў. Павышэньне неабходна для таго, каб кампэнсаваць рост цэнаў расейскай нафты. Масква набліжае ўнутраныя цэны на нафту да сусьветнага ўзроўню, што пазбаўляе Беларусь вялікай часткі субсідыяў. Ці зможа Беларусь адаптавацца да пераменаў у расейскай энэргетычнай палітыцы? Якім чынам яна гэта зробіць?
Максім Руст: Зноў-такі вяртаемся да гаспадаркі – амаль 70 адсоткаў запазычанасьці ў гэтым годзе Беларусь павінна сплаціць крэдыторам з Усходу, з чаго большасьць – больш за 1 млрд – Расеі. Таму асабліва з Расіяй спрачацца не атрымаецца. Беларусь будзе вымушана адаптавацца да расійскай энэргетычнай палітыкі – тым больш, што паліва ў Расеі даражэйшае за беларускае, і яго кошт таксама будзе павялічвацца.
Павелічэньне кошту паліва на 23 % – гэта лічба эканамічна абгрунтаваная, але такое павышэньне пагражае сацыяльным выбухам. Таму павелічэньня цэнаў паліва да гэтага ўзроўню ня будзе, і тым больш яно ня будзе аднамомантным. Я лічу, што кошты паліва могуць вырасьці на 12-15 адсоткаў за год. І «Белнафтахім» будзе рабіць гэта паэтапна, так як у мінулым годзе. Практыка ёсьць – у 2017 кошты на паліва павялічвалі амаль 10 разоў.
Крамлю патрэбны кантроль за выдачай віз у Беларусь
Дамова паміж Беларусьсю і Расеяй аб узаемным прызнаньні візаў запрацуе ў першым квартале 2018 году. Пра гэта 12 студзеня паведаміў начальнік Дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун. Экспэрты асьцерагаюцца, што ўзаемнае прызнаньне візаў азначае таксама і ўзаемнае прызнаньне «чорных сьпісаў». Ці могуць украінскія і заходнія журналісты, прадпрымальнікі, палітыкі езьдзіць у Беларусь, калі яны запісаныя ў «чорны сьпіс» Расеі? Ці не выкарыстае гэтую дамову Крэмль, каб нейкім чынам абмежаваць кантакты Менска з Захадам?
Максім Руст: Візавыя пытаньні будуць адной з найбольш нэрвовых тэмаў беларуска-расійскіх адносінаў у гэтым годзе. Для Менска візавая лібэралізацыя з Захадам – гэта ня толькі іміджавы ці палітычны крок, але й крыніца наяўнай замежнай валюты. Масква, натуральна, бачыць сытуацыю па-іншаму. Але для Крамля пытаньне ўзаемнага прызнаньня візаў другаснае, галоўная мэта – праект візы саюзнай дзяржавы. І аргумэнты бясьпекі расійскага боку беспадстаўныя, таму што «чорныя сьпісы» Саюзнай дзяржавы сапраўды дзейнічаюць.
Бакі будуць вымушаныя пайсьці на нейкі кампраміс. Менск ня будзе гуляць у гэтым пытаньні толькі па расійскіх правілах. Беларусь зробіць саступкі, каб не ўскладняць палітычна-эканамічных адносінаў з Расеяй. Пры гэтым Менск ня будзе граць па сцэнары Масквы – гэта была б міжнародная іміджавая параза і дэ-факта частковая перадача сувэрэнітэту ў рукі Крамля.
Менск гатовы за добрыя адносіны з Кітаем плаціць экалёгіяй
На мінулым тыдні жыхары адразу двух населеных пунктаў пратэставалі супраць кітайскіх інвэстыцыяў. Жыхары вёскі Якімава Слабада пад Сьветлагорскам абураныя жудасным пахам, які сыходзіць ад новага беларуска-кітайскага цэлюлозна-кардоннага камбінату. А пад Берасьцем людзі пратэстуюць супраць намераў уладаў пабудаваць акумулятарны завод. Хто вінаваты ў экалягічных праблемах: кітайскія будаўнікі ці беларускія інспэктары? Ці любое прадпрыемства, пабудаванае пры ўдзеле Пэкіну, павінна вызываць падазрэньні ў экалягічнай небясьпецы?
Максім Руст: Не, не трэба ўсе інвэстыцыйныя праекты Пэкіна ўспрымаць як пагрозу. Проста трэба памятаць, што Кітай дзейнічае па вельмі эфэктыўным сцэнары міжнароднай экспансіі. Паднябесная максымальна выкарыстоўвае прававыя магчымасьць і становішча краіны, у якой інвэстуе. Памятайма, што таваразварот між Мінскам і Пэкінам за мінулы год склаў амаль 3 млрд даляраў, з велізарным нэгатыўным сальда для Беларусі. Імпарт склаў толькі каля 400 мільёнаў. Таму пытаньне ня ў тым, хто вінаваты, а пытаньне ў тым, ці Беларусь гатова дзеля хуткіх і адносна лёгкіх грошай ахвяраваць экалёгіяй. На жаль, пакуль што выглядае, што гатова. Таму я б не спадзяваўся на беларускіх інспэктараў, а толькі на грамадзкую сьвядомасьць беларусаў і іх патэнцыял у дэманстраваньні і адстойваньні непалітычных інтарэсаў.
Размаўляў Аляксандар Папко