Па традыцыі кожны год прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда праводзіць сустрэчу з дыпляматычным корпусам – акрэдытаванымі ў Польшчы амбасадарамі. Падчас сустрэчы галава польскай дзяржавы падсумоўвае мінулы год і кажа пра задачы замежнай палітыкі дзяржавы на бліжэйшы час.
Анджэй Дуда сустрэўся ў чацьвер вечарам з больш чым сотняй замежных амбасадараў з усяго сьвету. У сваёй прамове кіраўнік дзяржавы згадваў пра будучыню Эўрапейскага Зьвязу, сяброўства Польшчы ў Радзе бясьпекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, шмат увагі прысьвяціў таксама адзначэньню стагодзьдзя незалежнасьці краіны.
Прэзыдэнт казаў пра важныя задачы, якія стаяць перад Эўрапейскім Зьвязам. Падкрэсьліваў, што ў Эўропе ўжо можна заўважыць пачаткі працэсу дэзінтэграцыі. На думку Анджэя Дуды, гэты працэс можа паскараць канцэпцыя гэтак званай супольнасьці дзьвюх хуткасьцяў, гэта значыць, што сябры ЭЗ, якія не жадаюць, скажам, уступаць у зону адзінай валюты эўра, атрымліваюць менш, чым тыя, хто ў эўразоне знаходзіцца. Анджэй Дуда заклікаў да большай інтэграцыі Эўразьвязу з паважаньнем прынцыпу роўнасьці ўсіх чальцоў. На ягоную думку, ня будзе таксама моцнага Эўрапейскага Зьвязу без стабільнасьці і разьвіцьця ў Цэнтральнай Эўропе. Ён дадаў, што ЭЗ не належыць палітыкам, а тым людзям, якія стваралі і ствараюць адзіную Эўропу.
А. Дуда: Эўропа на столькі моцная, на колькі моцная воля яе народаў. Калі мы памяняем герархію і паставім установы над народамі, то мы разбурым правільны парадак рэчаў. Вынікам стане адыход грамадзтваў ЭЗ ад ідэі адзінай Эўропы. Гэты працэс можна было заўважыць па выніках мінулагодніх выбараў у некаторых «старых» дзяржавах Эўразьвязу. Хто мяркуе, што ў яго ёсьць манаполія на тое, якой павінна быць Эўропа, хто не зьбіраецца пытаць іншых пра іх меркаваньне і браць пад увагу думку іншых людзей, той зьяўляецца ўзурпатарам.
У прамове Анджэя Дуды ішла гаворка таксама пра непастаяннае сяброўства Польшчы ў Радзе бясьпекі ААН. Паводле ягоных словаў, адна з задачаў дзейнасьці Польшчы ў Радзе бясьпекі – праца на карысьць росту эфэктыўнасьці міратворчых місій. Акрамя таго, прадстаўнікі дзяржавы намераныя пераканаць раду ўзяць на сябе новыя задачы.
А. Дуда: Гэта, між іншым, праблема гібрыдных войнаў, тэрарызму, кібэрзлачыннасьці, а таксама кліматычных зьменаў. Гэта зьявы, якія выходзяць за межы кампэтэнцыі Рады бясьпекі, але дзеля іх вырашэньня неабходная праца міжнародных арганізацый. У сучасным сьвеце назіраецца залежнасьць адных краін ад іншых. Можа здавацца, што канфлікт у далёкай дзяржаве зьяўляецца лякальным, але ўсё часьцей мясцовыя канфлікты пераходзяць у глябальныя войны. Міжнародная супольнасьць павінна мець у сваім распараджэньні эфэктыўныя інструмэнты, якія дазволяць рэагаваць на канфлікты ў кропцы іх паяўленьня.
Анджэй Дуда заявіў пра свае пляны наведаць самыя вялікія польскія дыяспары за мяжою. Галоўнай прычынай зьяўляецца тое, што ў гэтым годзе Польшча адзначае 100-годзьдзе дзяржаўнай незалежнасьці. Па словах прэзыдэнта, палякі замежжа – гэта візытная картка Польшчы на сьвеце.
А. Дуда: Я ганаруся тым, што палякі, якія пражываюць за мяжою, актыўна дэманструюць сваю прывязанасьць да польскай Айчыны, польскай мовы і культуры. Я таксама цешуся, што яны пасьпяхова ўдзельнічаюць у грамадзкім, культурным, эканамічным, а таксама і палітычным жыцьці тых краін, якія сталі іх новай Айчынай, уплываючы такім чынам на іх разьвіцьцё.
Анджэй Дуда абяцаў, што ў бягучым годзе ён наведае некаторыя краіны, дзе пражывае вялікая польская меншасьць. Ён таксама зьвярнуўся да замежных дыпляматаў з просьбаю, каб улады іх краін прыхільна ставіліся да ініцыятываў польскіх меншасьцяў, зьвязаных са стагодзьдзем незалежнасьці Польшчы. За мяжою пражывае каля 21 млн. асоб польскага паходжаньня. Найбольш – у Чыкага і Нью-Ёрку ў ЗША, два мільёны жыве ў Нямеччыне, а па мільёне – у Францыі ды Вялікабрытаніі.
нг