Logo Polskiego Radia
Print

2018: год мінімальнага росту й новых выклікаў

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 03.01.2018 20:37
Прагнозамі разьвіцьця падзеяў у беларускай эканоміцы, грамадзкай сфэры й зьнешняй палітыцы дзеліцца палітоляг Андрэй Елісееў.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Ці новы год прынясе беларусам рост заробкаў? Ці стане Беларусь «ціхай гаваньню» для тых, хто разьвівае тэхналёгіі будучыні? Ці працягнецца працэс «мяккай беларусізацыі»? Як будуць складвацца адносіны Беларусі з Расяй і Захадам? Сваімі прагнозамі на год 2018 з Аляксандрам Папко дзеліцца кіраўнік дасьледчага цэнтру EAST Андрэй Елісееў.

Эканоміка: мінімальны рост і пагроза дэвальвацыі з Усходу.

Беларускае кіраўніцтва на працягу 2017 году абяцала падштурхнуць разьвіцьцё малога бізнэсу і разьвіваць высокія тэхналёгіі. Ці падпісаны ў лістападзе Дэкрэт №7 дазволіць стварыць новыя працоўныя месцы? Ці прыняты пад занавес году Дэкрэт №8 ператворыць Беларусь у цэнтар разьвіцьця перадавых тэхналёгіяў альбо небясьпечны афшор? Ці атрымаецца надалей утрымліваць нізкую інфляцыю? Ці пацягнуцца ў краіну інвэстыцыі? Ці пачне нарэшце расьці эканоміка й заробкі насельніцтва?

Андрэй Елісееў: Хаця Беларусь забясьпечыла летась невялікі эканамічны рост, краю эканамічнай стагнацыі ня бачна, бо застаецца старая, неэфэктыўная эканамічная мадэль. Верагодна, у 2018-ым будзе мінімальны (да 2%) эканамічны рост, але дабрабыт насельніцтва збольшага ня вырасьце. Калі – што верагодна – расейскі рубель цягам года дэвальвуецца, дык і беларускі абясцэніцца таксама. Пустых абяцаньняў падштурхнуць разьвіцьцё прыватнага бізнэсу штогод робіцца настолькі многа, што асаблівай веры ў гэта няма. Пакуль ніякага рэальнага стварэньня працоўных месцаў не назіраецца, адно маніпуляцыя статыстыкай, і гэтая сытуацыя пяройдзе і ў 2018-ы. Што да дэкрэту пра лічбаваю эканоміку, яго ўплыў на краіну ў цэлым ня трэба пераацэньваць. А вось краінай, празь якую могуць адмывацца шэрыя ананімныя грошы, Беларусь сапраўды можа пачаць станавіцца ўжо сёлета.

Грамадзтва: больш прасторы для культуры, вышэйшая сацыяльная напружанасьць

Якія працэсы ў наступным годзе будуць адбывацца ў беларускім грамадзтве? Ці ёсьць рызыка новых сацыяльных пратэстаў і як улады будуць на яе рэагаваць? Ці ў наступным годзе стане больш прасторы для беларускай культуры – на тэлебачаньні, у ворганах улады, у школе? Ці будзе больш месца для актыўнасьці любых неабыякавых грамадзян?

Андрэй Елісееў: Сацыяльна-эканамічная сытуацыя ў краіне застаецца цяжкай. Гэта значыць, што колькасьць дэструктыўных сацыяльных зьяваў, такіх як самагубствы, забойствы й іншыя злачынствы, будзе расьці. Верагоднасьць сацыяльных пратэстаў будзе даволі высокай, бо нават з сацыялягічных дадзеных вынікае, што да пратэстнай актыўнасьці гатовая цяпер куды большая доля людзей, чым гады тры таму. Нагодай можа стаць любы неабдуманы крок уладаў ці нават зьбег абставінаў. Прасторы беларускай культуры мабыць дадуць крыху болей – з аднаго боку, ёсьць жаданьне Лукашэнкі павялічыць пачуцьцё беларускай ідэнтыфікацыі сярод беларусаў, а з іншага – ёсьць яго боязь не ўзяць лішку ў гэтым.

Адносіны з Расеяй: Масква будзе раздражняцца часьцей

Як у 2018 годзе будуць складвацца адносіны з усходняй суседкай? Ці пасьля таго, як у Расеі пройдуць прэзыдэнцкія выбары і Чэмпіянат сьвету па футболе, Масква ня ўзмоцніць ціск на беларускае кіраўніцтва? Ці не ўсплывуць традыцыйныя спрэчкі вакол пытаньняў пастаўкі нафты, газу, разьмяшчэньня вайсковай базы, продажу прадпрыемстваў вайскова-прамысловага комплексу? Ці варта Менску рыхтавацца да інфармацыйнай вайны з боку крамлёўскіх СМІ?

Андрэй Елісееў: Ціск будзе ўзмоцнены, калі Крамлю падасца, што Беларусь не выконвае сваіх абязацельстваў перад Расеяй альбо надта хіліцца да Захаду. Мажлівы візыт Папы Рымскага можна выклікаць пэўную незадаволенасьць маскоўскага праваслаўнага патрыярхату, калі беларускія ўлады не парупяцца загадзя залагодзіць гэтую падзею з праваслаўнай царквой. Калі раптам здарыцца нейкі інцыдэнт у Расеі, зьвязаны з уездам туды нейкіх асобаў празь Беларусь, гэта можа стаць падставай для незадаволеньня Масквы. Калі Менск стане мэтанакіравана абараняць сваю інфармацыйную прастору ад занадта вялікага расейскага ўплыву, гэта можа выклікаць выпады пракрамлёўскіх СМІ. Такія пытаньні, як стварэньне супольных прадпрыемстваў, беларускі транзыт нафтапрадуктаў, рээкспарт санацыйнай прадукцыі ў Расею, таксама застаюцца патэнцыйна канфліктынмі ў двухбаковых адносінах.

Адносіны з Захадам: дамову аб візавай лібэралізацыі падпішуць, але толькі пад канец году

Ці новы год прынясе прарыў у адносінах Беларусі з Захадам? Ці Менск і Брусэль калі-небудзь падпішуць дамову аб спрашчэньні візавага рэжыму? Ці прыедзе ў Беларусь значна больш турыстаў? Ці ўлады Беларусі й Эўразьвязу пачнуць перамовы па падпісаньні базавай дамовы аб супрацоўніцтве?

Андрэй Елісееў: Сапраўднага прарыву ў адносінах з ЭЗ ня будзе, але падпісаць доўгачаканую дамову пра спрашчэньне візавага рэжыму і пачаць перамовы наконт базавай дамовы аб супрацоўніцтве сапраўды могуць. Праўда, гледзячы на надта марудны працэс спрашчэньня візавага рэжыму, падпішуць хіба не раней за другую палову года. Гэта значыць, што кошт шэнгенскіх візаў будзе паменшаны з 60 эўра да 35 эўра толькі ў 2019-ым. А ўжо па дамове аб супрацы могуць дамаўляцца гадоў 3-5. Дынаміка па замежных турыстах ня будзе надзвычайнай, пакуль Беларусь ня зробіць уезд бязьвізавым і праз наземныя пункты пропуску.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт