Logo Polskiego Radia
Print

«Беларускае кіраўніцтва займае ўсё больш пранезалежніцкую пазыцыю»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 20.12.2017 07:12
  • Беларускае кіраўніцтва займае ўсё больш пранезалежніцкую пазыцыю.mp3
У гэтым годзе ў беларускай дзяржаўнай ідэалёгіі адбыўся істотны паварот – зазначае палітоляг Максім Руст.
Фота: Радыё "Свабода"Фота: Радыё "Свабода"svaboda.org

Мінулыя 7 дзён прынесьлі цікавыя падзеі ў сфэры культурнай палітыкі й СМІ. У Менску пачаўся працэс над аўтарамі расейскага інфармагенцтва Regnum. Міністэрства інфармацыі заблякавала сайт «Беларускі партызан», а дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Ігар Марзалюк запрапанаваў выкладаць усе гуманітарныя прадметы ў школах толькі па-беларуску. Як на працэс рэгнумаўцаў адрэагуе Масква? Навошта беларускім уладам спатрэбілася блякаваць папулярны інтэрнэт-сайт? Заявы Ігара Марзалюка – гэта звычайны піяр ці сьведчаньне новага дзяржаўнага курсу? На гэтыя пытаньні ў «Палітычным люстэрку» аказвае палітоляг Максім Руст.

Справа рэгнумаўцаў: прысуд будзе, але ня жорсткі

18 сьнежня ў Менску пачаўся суд над аўтарамі пракрамлёўскага інфармагенцтва Regnum. На лаве падсудных апынуліся грамадзяне Беларусі Юры Паўлавец, Дзьмітры Алімкін і Сяргей Шыптэнка. Усіх траіх абвінавачваюць у распальваньні нацыянальнай варожасьці, а Паўлаўца й Шыптэнку – яшчэ і ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Фігурантам справы пагражае да 12 гадоў турмы. У СІЗА яны правялі больш за год. Які, на вашую думку, будзе прысуд? І як на яго адрэагуе Расея?

Максім Руст: Вельмі вымоўны, перадусім, час, калі пачаўся працэс – рэгнумаўцаў затрымалі яшчэ год таму, а працэс пачаўся толькі цяпер. Я лічу, што гэта мог быць сыгнал Маскве, такі адказ на магчымасьць новай інфармацыйнай вайны. «Справа рэгнумаўцаў» можа стаць «Cправай патрыётаў», толькі наадварот. Прысуд будзе, але не на 12 гадоў. Пакараньне будзе больш мяккае. І я думаю, што галоўным будзе менавіта абвінавачаньне ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці, а не распальваньне варожасьці. Тое, што Масква выкарыстае любы прысуд у сваёй прапагандзе, не выклікае сумневу. Але я думаю, што прагучаць стандартныя штампы «Беларусь рэпрэсуе братоў» і г. д. Больш кардынальных і жорсткіх крокаў Расея ня зробіць.

Блякіроўка «Партызана»: Мінінфарм хацеў выслужыцца?

14 сьнежня Міністэрства інфармацыі заблякавала папулярны грамадзка-палітычны сайт «Беларускі партызан». Праз тры дні сайт стаў зноў даступны беларускім чытачам, але дзеля гэтага яму спатрэбілася зьмяніць міжнародную даменную зону *.org на беларускую – *.by Навошта ўлады заблякавалі сайт, калі ніякіх сацыяльных пратэстаў у краіне не прадбачыцца і прычынаў асьцерагацца інтэрнэт-рэсурсу ва ўладаў няма?

Максім Руст: Тут клясычнае дзеяньне па інэрцыі – нібыта хочам спадабацца Захаду й паказаць, як мы адкрываемся і праводзім лібэралізацыю, а тут такі касяк з «Партызанам». Мне падаецца гэта праява непрафэсіяналізму і прыслужлівасьці некаторых чыноўнікаў. Аднак улады цудоўна ведаюць, што такія крокі толькі ўзбудзяць цікавасьць да заблякаванага рэсурсу, таму справу вельмі хутка сьцішылі. Я таксама не выключаю, Мінінфарм вырашыў такім чынам адказаць на апошнія заклікі, якія Лукашэнка зрабіў падчас сустрэчы з навукоўцамі – абараняць дзяржаву на фронце інфармацыйнай вайны. Магчыма, чыноўнікі проста хацелі спадабацца прэзыдэнту й паказаць сябе абаронцамі стабільнасьці й дзяржаўнага ладу, а выйшла як заўсёды.

«Беларускай мовай у Расеі цікавяцца зусім не адукацыйныя ўстановы»

У Расеі зацікавіліся беларускай мовай. 13 сьнежня Цэнтар беларускай мовы адчыніўся ў Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Ламаносава. Перакладчыцкую групу плянуюць адкрыць у Літаратурным інстытуце імя Горкага ў Маскве. Гэтыя падзеі – нагода для радасьці ці трывогі? Навошта расейскія дзяржаўныя ўстановы менавіта цяпер адчулі неабходнасьць у вывучэньні беларускай мовы, калі раней без яе абыходзіліся?

Максім Руст: Я думаю, усе трэнды беларускасьці ў Расіі цудоўна ведаюць, але займаюцца гэтым натуральна не адукацыйныя ўстановы. Таму цяжка адназначна сказаць, ці гэта нагода для радасьці ці трывогі. Добра тое, што беларуская мова пашырае поле сваёй прысутнасьці нават у Маскве. І нават калі матывацыя ў адкрыцьці такіх пляцовак выключна палітычная, гэта для Беларусі не так істотна. Важна тое, што з беларускай мовай і беларускасьцю робіцца ў самой Беларусі, а не ў Расіі.

Заявы Марзалюка – гэта хутчэй піяр, а не праграма дзеяньняў

Беларусь павінна паступова «перайсьці да вывучэньня гуманітарных дысцыплінаў ва ўсіх школах на роднай беларускай мове, а дакладныя навукі вывучаць на расейскай мове». Акрамя таго, варта задумацца над дадатковым вывучэньнем на высокім узроўні «трэцяй эўрапейскай мовы». З такімі прапановамі 13 сьнежня зьвярнуўся да ўдзельнікаў Зьезду навукоўцаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк. Ці будуць рэалізаваныя яго прапановы і калі?

Максім Руст: Ня будуць. Такія заявы проста ўпісваюцца ў трэнд зьменаў у беларускай ідэалёгіі, якую хочуць з «братэрскай» зрабіць больш «незалежніцкай». І рост гэтага трэнду мы назіралі на працягу ўсяго 2017 году. Сама заява Марзалюка таксама мець нават нэгатыўныя наступствы для беларускай мовы. Дэпутат паўтарае стэрэатып пра тое, што для дакладных дысцыплінаў беларуская мова не прыстасаваная. Але калі казаць пра магчымасьць рэалізацыі прапановаў дэпутата, то ў цяперашняй сытуацыі – і моўнай, і сытуацыі ў адукацыі – яны нерэальныя для ажыцьцяўленьня.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт