Logo Polskiego Radia
Print

Менск наводзіць масты з Эўропай

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 12.12.2017 15:55
  • Менск наводзіць.mp3
Сёлета Беларусь старшынюе ў Цэнтральнаэўрапейскай ініцыятыве (ЦЭІ).
Foto: www.cei.int

Гэта важнае дасягненьне для дыпляматыі краіны нядаўняга ізгоя. Разам з тым важных эканамічных і палітычных эфэктаў гэта не прынясе.

ЦЭІ – гэта рэгіянальная міжурадавая арганізацыя, якая займаецца спрыяньнем у разьвіцьці ўстойлівых сувязяў паміж краінамі Цэнтральнай, Заходняй ды Ўсходняй Эўропы, створаная ў 1989-м годзе. Беларусь далучылася да арганізацыі ў 1996-м годзе, стаўшы 18 чальцом разам зь іншымі краінамі Цэнтральнай Эўропы.

Сёлета Менск кіраваў працамі гэтай арганізацыі. Беларускі прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў назваў старшынства важным і карысным досьведам. Прадстаўніца МЗС Аўстрыі Элізабэт Бэртальёні назвала беларускае старшынства пасьпяховым. Маўляў, Беларусь за час свайго старшынства правяла шэраг важных міжнародных мерапрыемстваў, сярод якіх сустрэча міністраў замежных спраў краін ЦЭІ, парлямэнцкую сэсію ЦЭІ, навуковую канфэрэнцыю па тэхналёгіях, па супрацы ў рамках праекта Шаўковы шлях, паседжаньне нацыянальных каардынатараў. Таксама менскі палітоляг Юры Шаўцоў лічыць, што старшынства Беларусі ў ЦЭІ – гэта посьпех.

Юры Шаўцоў: Цэнтральнаэўрапейская ініцыятыва, Усходняе партнэрства – гэта пункты кантактаў Беларусі з Захадам. Галоўнае тут тое, што ў межах ЦЭІ – у нейкім сэнсе заходняй арганізацыі, Беларусь, нядаўні ізгой, цэлы год была галавою арганізацыі. Гэта заўважальная дыпляматычная перамога.

Аднак гучаць і больш крытычныя ацэнкі. ЦЭІ – гэта «імітацыя», удзел у ёй нічога не азначае, сказаў мэтадоляг Уладзімір Мацкевіч. Таксама меў цяжкасьці з тым, каб назваць дасягненьні гэтай арганізацыі ды ўдзел у ёй кіраўнік Інстытута палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч. Увага да ЦЭІ сёлета з боку афіцыйнага Менска выклікана ў першую чаргу фактам старшынства, перакананы палітоляг Андрэй Фёдараў.

Андрэй Фёдараў: На пачатку гэтага года Беларусь па чарзе дайшла да старшынства. Гэта мае ў першую чаргу такі ПР-аўскі эфэкт. ЦЭІ ініцыятыва ня можа забясьпечыць значных дасягненьняў ані ў эканоміцы, ані ў палітыцы, але можа прадэманстраваць міжнародны ўзровень Беларусі, якая кіруе ў такой арганізацыі, дзе палова ўдзельнікаў чальцы ЭЗ, а рэшта туды імкнецца. Да таго ж ёсьць і невялікая фінансавая карысьць, грошы на праекты.

Старшынства Беларусі ў ЦЭІ ды прызнаньне яго пасьпяховым з боку партнэраў – гэта важнае дасягненьне беларускай дыпляматыі, аднак далейшых прарываў у наступным годзе на заходнім напрамку ня варта чакаць, падсумоўвае Юры Шаўцоў.

Юры Шаўцоў: Стратэгія Беларусі – адбудоўваць з Эўропай адносіны на прагматычнай глебе, абыходзячы пытаньні ідэалёгіі, размаўляючы пра тое, што нясе агульную карысьць. На маю думку, цяпер мы прайшлі кропку збліжэньня, і маятнік пайшоў у другі бок. У наступным годзе я ня бачу падстаў для новых вышынь у адносінах з Захадам. Галоўнае - затрымацца на тым, што ёсьць цяпер.

Сёньня ў Менску прайшла сустрэча кіраўнікоў урадаў краін ЦЭІ. Гэта было падсумаваньне года беларускага старшынства ў арганізацыі. Беларусь атрымала пазытыўныя ацэнкі з боку іншых краін. Аднак далейшага паглыбленьня дыялёгу паміж Захадам да афіцыйным Менскам экспэрты не чакаюць.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт