Logo Polskiego Radia
Print

У Менску сустрэліся прэзыдэнты і кіраўнікі МЗС дзяржаваў АДКБ

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 01.12.2017 14:57
  • АДКБ.mp3
Чальцы АДКБ плянуюць правесьці супольную антытэрарыстычную апэрацыю пад назваю «Наёмнік».
Фота: president.gov.by

30 лістапада ў Менску прайшоў саміт Арганізацыі дамовы па калектыўнай бясьпецы (АДКБ). У беларускую сталіцу прыехалі ня толькі прэзыдэнты дзяржаваў-сябраў структуры, але таксама кіраўнікі МЗС, міністэрстваў абароны ды саветаў бясьпекі.

Кіраўнікі шасьці былых савецкіх рэспублік, якія зьяўляюцца сябрамі АДКБ, падрыхтавалі адзіны сьпіс тэрарыстычных арганізацый, з якімі неабходна змагацца, выказваліся за тэрытарыяльнае адзінства Сірыі і хуткую ліквідацыю тэрарызму ў гэтай краіне. На саміце АДКБ таксама было падпісанае пагадненьне пра супрацоўніцтва ў галіне забесьпячэньня інфармацыйнай бясьпекі і прынятае рашэньне аб пляне рэалізацыі стратэгіі калектыўнай бясьпекі АДКБ на пэрыяд да 2025 году. Лідары краін, якія ўваходзяць у структуру, прынялі таксама заяву па пытаньні ўрэгуляваньня канфлікту ў Нагорным Карабаху. У дакумэнце гаворыцца пра падтрымку міжнародных высілкаў дзеля яго вырашэньня палітычна-дыпляматычным шляхам.

Скептычна ацэньвае саміт АДКБ міжнародны аглядальнік Валер Карбалевіч. На ягоную думку, за гэтымі агульнымі словамі няма ніякіх дэталяў і сур’ёзных намераў прымаць больш важныя рашэньні, якія сапраўды паўплываюць на міжнародную бясьпеку.

Былі цікавыя моманты ў ходзе сустрэчы – мяркуе іншы наш суразмоўца, экспэрт па пытаньнях бясьпекі і войска Раман Якаўлеўскі. Яго зацікавіла тое, што чальцы АДКБ плянуюць правесьці супольную антытэрарыстычную апэрацыю пад назваю «Наёмнік». Яна тычыцца супрацьдзеяньню ўдзелу грамадзян краін АДКБ у вайне ў Сірыі. Аднак не было гаворкі пра іншых наёмнікаў – грамадзян краін-чальцоў АДКБ, якія змагаюцца па баку ДНР і ЛНР на Ўсходзе Ўкраіны. Пра гэта таксама хацелася б пачуць на такой прадстаўнічай сустрэчы.

Нягледзячы на тое, што ўдзельнікі саміту запэўнівалі пра адзіную пазыцыю сябраў АДКБ па пытаньнях, якія закраналіся на сустрэчы, усё ж такі поўнай згоды шасьці краін няма. Гэта датычыць, у прыватнасьці, міратворчых сілаў, якія Расея хацела б выслаць у Сірыю, – адзначае Раман Якаўлеўскі. Беларусь адмоўна да гэтага ставіцца.

У АДКБ уваходзіць шэсьць дзяржаваў: Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея і Таджыкістан. У гэтым годзе Беларусь зьяўляецца старшынёй арганізацыі. У будучым годзе старшынства пераймае Казахстан.

Слухайце выказваньні нашых суразмоўцаў у далучаным гукавым файле

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт